Автор: Руслан РЯВЯКО

13:48, 27 мая 2011

Общество

remove_red_eye 144

Як Андропаў “закручваў гайкі”

Кіраўніцтва краіны абрала курс на так званую «андропаўшчыну». Пасля тэракту ў Мінскім метро на паседжанні 6 мая Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў навесці парадак у арганізацыях і на прадпрыемствах ды больш жорстка кантраляваць працоўную дысцыпліну.

«У нас ёсць савецкая практыка часоў Андропава. Падабаецца гэта камусьці ці не, але прыкладна так мы павінны прымусіць кожнага працаваць», – абвесціў кіраўнік дзяржавы.

Якімі ж былі для жыхароў Баранавіч тыя гады, празваныя «андропаўшчынай»?

РЕКЛАМА

Народныя дружыннікі ўдзень і ўвечары патрулявалі горад, шукаючы п’яніц, хуліганаў, раскрадальнікаў дзяржаўнай маёмасці

Народныя дружыннікі ўдзень і ўвечары патрулявалі горад, шукаючы п’яніц, хуліганаў, раскрадальнікаў дзяржаўнай маёмасці

Юрый Андропаў запомніўся простым людзям найперш дзякуючы таннай гарэлцы. У пачатку яго кіравання ў краіне з’явілася новая гарэлка з зялёна-жоўтай этыкеткай за 4 рублі 70 капеек (раней каштавала 5 рублёў 35 капеек), празваная ў народзе «андропаўка».

Акрамя гарэлкі, той, хто жыў у тыя часы, згадае пра спробы ўмацавання дысцыпліны, шмат хто раскажа, што чуў, як ачэпліваліся крамы, рэстарацыі, кінатэатры і іншыя публічныя ўстановы. Ва ўсіх прысутных супрацоўнікі міліцыі правяралі дакументы і пыталіся, чаму людзі не на працы. Тым, хто не меў паважнай прычыны, пагражала вымова ці нават звальненне.
Трапіў пад такую праверку і жыхар Баранавіч Віктар Сырыца.

Да яго, калі ён стаяў у чарзе па нейкі дэфіцыт, недзе а 11-й раніцы падышлі некалькі чалавек у цывільным і папрасілі прайсці да машыны, дзе задавалі пытанні са складаннем пратакола, чаму ён у працоўны час знаходзіцца каля крамы. «Я патлумачыў, што працую ў школе і мае ўрокі пачынаюцца а 14-й гадзіне, – успамінае Віктара Сырыца. – Мяне адпусцілі, але сакратар школы пасля прызналася, што званілі з міліцыі і ўдакладнялі, ці сапраўды я ў той дзень працаваў у другую змену».

Іншы сучаснік тых падзей, жыхар нашага горада Сяржук, згадвае пра павышэнне кантролю на саміх прадпрыемствах. Кіраўніцтва заводаў баялася за сябе і таксама ўзмацняла кантроль. «На нашым заводзе начальнік аддзела кадраў зранку і ўвечары, а таксама ў абедзенны перапынак стаяў з секундамерам на прахадной, – прыгадвае Сяржук. – Калі нехта спазняўся ці крыху раней сыходзіў, дык адразу атрымліваў вымову. За гэта мы далі кадравіку мянушку «Андропаў». Яна за ім замацавалася і нават праз 10 год усе называлі чалавека «Андропаў».

«Малодшаму пакаленню, можа, падасца, што тады трэба было наводзіць парадак, – расказвае жыхар горада Генадзь. – Але ж шмат хто цяпер забываецца пра савецкі дэфіцыт. Прагулы ў той час былі вымушаныя, бо крамы ў савецкі час зачыняліся вельмі рана, а абедзенныя перапынкі супадалі з завадскімі. Купіць нешта вартае можна было толькі ўдзень». Вінаватым у гэтым Генадзь лічыць менавіта савецкую дзяржаву, а не народ.

Таксама за часамі Андропава пачалося масавае скіраванне рабочых, служачых і студэнтаў у калгасы ды на базы захоўвання гародніны. Там дактары, артысты і навучэнцы на працягу некалькіх дзён павінны былі ратаваць сацыялістычнае багацце, што вырасла на палях.

Вядома, што кожная арганізацыя павінна была скіраваць пэўную колькасць сваіх супрацоўнікаў штодня ў Добраахвотную народную дружыну (ДНД). Некалькі дружыннікаў разам з міліцыянерам удзень і ўвечары патрулявалі горад, шукаючы п’яніц і хуліганаў, антысавецкіх элементаў (хіпі, фарцоўшчыкаў і г.д.) і раскрадальнікаў камуністычнай маёмасці.

Дарэчы, нягледзячы на «закручванне гаек», людзі працягвалі жыць і нават расказваць анекдоты. «За часамі Андропава змянілася тэматыка анекдотаў, – згадвае Віктар Сырыца. – Калі раней расказвалі пра Брэжнева, дык пасля сталі моднымі анекдоты пра КДБ».

Як адзначыў беларускі палітолаг Уладзімір Мацкевіч у гутарцы з «IP», «андропаўшчына» наогул немагчыма ні цяпер, ні ў тыя часы. «Спроба вырашыць складаныя праблемы простымі метадамі сведчыць, што кіраўніцтва не разумее паўсталых праблем і робіць абы-што, – кажа Уладзімір Мацкевіч. – Гэта шкодзіць і людзям, і сістэме». На яго думку, праблема кантролю за працоўнай дысцыплінай – гэта справа кожнага асобнага прадпрыемства. Калі  падае дысцыпліна, дык прадпрыемства робіцца непрацаздольным – трэба наводзіць парадак, мяняць кіраўніцтва, – неяк матываваць працоўных. Узмацняць дысцыпліну па ўсёй краіне – гэта тое самае, што грэць вуліцу бытавым каларыферам, такое атрымаецца ў асобным пакоі, але па краіне немагчыма – прыводзіць прыклад беларускі палітолаг.

«Улады не разумеюць, што ўсё ў Беларусі дасюль трымаецца менавіта на працоўнай дысцыпліне, на працаздольнасці беларусаў, – распавёў Уладзімір Мацкевіч. – Калі б не гэта рыса характару нашага народа, тут ужо даўно было б вельмі кепска».

Кім быў Андропаў

Юрый Андропаў нарадзіўся 15 чэрвеня 1914 года на ст. Нагуцкая ў Стаўрапольскім краі. Доўгі час працаваў на партыйнай рабоце. У 1951 трапіў у апарат ЦК КПСС. З 1954 па 1957 год – Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол СССР у Венгрыі. Кіраваў дзеяннямі венгерскіх камуністаў па крывавым падаўленні антысавецкага паўстання ў 1956 годзе.

РЕКЛАМА

З 1957 года працаваў у ЦК КПСС. З мая 1967 – старшыня КДБ СССР. Падчас Пражскай вясны 1968 года прапанаваў увесці войскі краін Варшаўскай дамовы ў Чэхаславакію.

Пасля смерці Леаніда Брэжнева ў лістападзе 1982 года стаў Генеральным сакратаром ЦК КПСС, а з чэрвеня 1983 года ён у дадатак атрымаў пасаду Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Апошнія месяцы жыцця вымушаны быў кіраваць краінай з бальнічнай палаты крамлёўскай клінікі. Памёр 8 лютага 1984 года.

Яго няпоўныя два гады кіравання СССР увайшлі ў гісторыю пад назваю «андропаўшчына».

Дзеля «замацавання парадку і працоўнай дысцыпліны», якія сталі хістацца падчас кіравання яго папярэдніка Брэжнева, увёў надзвычай  жорсткія меры і татальны кантроль над грамадствам.

Прыкладна са снежня 1982 года ў лазнях, кінатэатрах, крамах, кірмашах і нават цырульнях пачаліся праводзіцца шматлікія праверкі ў будзённыя дні.

Сам Андропаў вёў вельмі сціплы лад жыцця, гарэлкі не піў па стане здароўя. Гэтым ён адрозніваўся ад свайго папярэдніка Леаніда Брэжнева і яго атачэння.

Таксама за часамі Андропава пачаўся масавы выпуск ліцэнзійных кружэлак вядомых заходніх рок і поп-выканаўцаў, якія раней былі забаронены – гэта было зроблена, каб спыніць спекуляцыю кружэлкамі.

Як лічыць палітолаг Уладзімір Мацкевіч, Андропаў не выпраўляў хібы Брэжнева. Ён жа працаваў у яго камандзе і працягваў справу свайго папярэдніка і ўсёй Камуністычнай партыі. На думку Мацкевіча, узмацненне кантролю ў СССР пачалося з-за недахопу фантазіі ў Юрыя Андропава, але ўсе тыя захады былі лагічным працягам савецкай сістэмы, якая паступова знішчала сама сябе.

Праваабаронца: правяраць могуць толькі дакументы


Пачатак выканання пастаўленай прэзідэнтам задачы пачаўся ў працоўную суботу 14 мая, калі на некаторых прадпрыемствах пачалі складаць спісы тых, хто не прыйшоў на працу. У наступныя дні ўзмацніўся кантроль за працоўнай дысцыплінай. На прадпрыемствах рыхтуюцца да нечаканых праверак з разнастайных  органаў кантролю.

Па паведамленнях інтэрнэт-блогераў, у Рэчыцы, Бабруйску і Гомелі ў будзённыя дні міліцыя блакавала выхады з крамы і праводзіла праверку ўсіх наведвальнікаў. Людзей перапісвалі з удакладненнем месца працы і пытаннем, чаму яны не на працы.

«Праверкі людзей на вуліцах і іншых грамадскіх месцах з мэтаю высвятлення, што яны тут робяць і чаму не працуюць – з’яўляюцца парушэннем існуючага заканадаўства», – патлумачыў «ІР» беларускі юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла. «Кантраляваць працоўную дысцыпліну можа кіраўніцтва прадпрыемстваў, кіруючыся ўнутраным працоўным распарадкам, – тлумачыць ён. – Ніхто іншы не мае права пытаць чалавека, на вуліцы, чаму ён не на працы».

Па словах праваабаронцы, чалавек можа не адказваць на такія пытанні супрацоўнікам разнастайных органаў.
«Супрацоўнікам міліцыі можна прадставіцца, паказаць свае дакументы, але не больш за тое, – раіць Гары Паганяйла, – права кантраляваць ваш працоўны час мае толькі працадаўца».

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up