Автор: Алесь Гізун

13:52, 19 мая 2011

Общество

remove_red_eye 224

Сцежкамі-дарожкамі баранавіцкіх паркаў

На тэрыторыі нашага раёна і нават горада ёсць паркі, унікальныя ў маштабах краіны не толькі сваёй флорай і фаўнай, але і багатай гісторыяй, звязанай з вялікімі падзеямі і імёнамі.

Прага зеляніны

У засень якіх паркаў можна падацца ў сонечны майскі ўік-энд і што там паглядзець – напярэдадні Еўрапейскага дня паркаў, які адзначаецца 20 мая, даведалася «IP».

Лес сярод горада

РЕКЛАМА

Гэта такая даўняя традыцыя: чалавек засяляе новую мясціну і на месцы знішчанага натуральнага ландшафту ўжо ўласнаручна стварае вакол сябе «зялёны куток» – саджае парк. Як выказаўся калісьці вядомы расійскі гуманіст Д. Ліхачоў, такім чынам людзі імкнуцца стварыць сваімі рукамі вакол сябе ідэальны свет суіснавання прыроды і чалавека.

Не дарма ў сваім плане забудовы мястэчка Развадова, якое дало пачатак будучым Баранавічам, яго стваральнік граф Ян Развадоўскі вырашыў пакінуць куток лесу, які ўжо пазней аформілі алеямі і пачалі падсаджваць маладымі дрэвамі. Гэты куток былога лесу сёння вядомы нам як стары парк. У ім і цяпер рэгулярна гняздуюцца зусім не гарадскія віды птушак – вяхіры і вушастыя совы. Інфраструктура адпачынку ў старым парку ў нашы дні зусім не развітая, але па хуткім часе тут, магчыма, з’явіцца рэстаран з нацыянальнай беларускай кухняй.

Развадоўскія прысады

Побач са старым паркам ёсць яшчэ адзін сквер, які памятае заснавальніка нашага горада  – Яна Развадоўскага. Гэта невялікі фрагмент прысадаў, захаваных вакол яго сядзібы па цяперашняй вуліцы Камсамольскай. Нядаўна тут усталявалі мемарыяльны знак. Старое месца добра пазнаецца здалёк па трох захаваных з часоў Развадоўскага белых таполях. У мэтах бяспекі сёння яны моцна абкарнаныя. Большая частка скверу засаджана ўжо маладзейшымі дрэвамі, але атмасфера старой мясціны тут захавалася. Калі паблукаць сёння навакольнымі кварталамі, месцамі тут яшчэ можна знайсці нават рэшткі cтарога бруку.

Скверык Развадоўскіх сёння мінаюць усе, хто скіроўваецца ад аўтобуснага прыпынка  да паліклінікі ці «Водаканала». Але мала хто ведае, што тут знахо-дзіцца помнік прыроды рэспубліканскага значэння – пірамідальныя дубы. Іх пасадзілі паўстагоддзя таму. У Беларусі падобныя дубы па адным экзэмпляры сустракаюцца толькі ў парках у Брэсце і Высокім.

У цэнтры скверыку Развадоўскіх растуць пірамідальныя дубы

У цэнтры скверыку Развадоўскіх растуць пірамідальныя дубы

Самы папулярны парк

Бальшыня з нас ведае гэта месца як малады парк, хаця поўная назва яго – парк культуры і адпачынку імя 30-годдзя Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі. Гэта назва не змянялася ад моманту заснавання парку. Яго заклалі адразу пасля II-й сусветнай вайны, на месцы разбураных жылых кварталаў. Малады парк знаходзіцца ў цэнтры горада і з’яўляецца адным з самых папулярных сярод гараджан месцаў адпачынку.

Зялёныя «акварыумы»

У Баранавіцкім раёне захаваліся старадаўнія паркі, якія маюць па дзвесце і нават больш гадоў. Гэта прысады вакол былых шляхецкіх сядзібаў, палацаў дзяржаўных саноўнікаў, якія на ўзор нашых заможных сучаснікаў калісьці таксама сяліліся адасоблена і будавалі свае «катэджы» на перыферыі мястэчак і вёсак. На Баранавіччыне сёння можна налічыць больш за дзясятак такіх паркаў.

За стагоддзі існавання прысядзібавых паркаў у іх утварылася ўнікальная палітра флоры і фаўны, а самі яны нагадваюць цяпер сапраўдныя зялёныя «акварыумы»  жывой прыроды сярод гарадскіх і вясковых ландшафтаў ды бяскрайніх палёў.
Даследчыкі біяразнастайнасці баранавіцкіх паркаў з БарДУ зафіксавалі ў такіх «акварыумах» больш за 250 відаў раслін, у тым ліку кустоўя і дрэў, і больш за 600 відаў жывёльнага свету. Сярод іх – 10 відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Цікава, што ў нашых старашляхецкіх парках можна сустрэць такія рэдкія віды птушак, інсектаў і грыбоў, якія ахоўваюцца не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах Еўропы. Некаторыя з іх былі ўпершыню адзначаны для фаўны Беларусі.

Соня арэшнікавая - рэдкі звярок, знойдзены ў парку ў Верхнім Чэрніхава -- фота з www.zoolife.com.ua

Соня арэшнікавая — рэдкі звярок, знойдзены ў парку ў Верхнім Чэрніхава — фота з www.zoolife.com.ua

РЕКЛАМА

Мода на паркі

У розныя часы мода на паркі змянялася. У эпоху барока людзі насілі пышнае, мастацкае адзенне, будавалі пампезныя архітэктурныя помнікі, а таму і тагачасныя паркі набывалі багатыя, эстэцкія рысы. Натуральны ландшафт моцна пераўтвараўся: прысадам надавалі геаметрычныя формы, у планаванні паркаў прадумваліся алеі, «жывыя» альтанкі з дрэў і кустоўя, сістэма каналаў, сажалак і каскадаў.

У эпоху класіцызму былі папулярныя пейзажныя паркі. Яны ўяўлялі сабою нерэгулярныя, асіметрычныя сістэмы. У іх планаванні віталася прыродная натуральнасць, простасць і мінімальны ўплыў чалавека. Як адзначае даследчык беларускіх сядзібава-паркавых ансамбляў А. Федарук, пейзажны парк зараджаўся як эстэтычны аналаг натуральных ландшафтаў, ён нярэдка зліваўся з прыродаю і не ведаў дакладна акрэсленых межаў.

А ў парках часоў рамантызму ўвогуле нічога не мусіла нагадваць пра чалавека і яго дзейнасць. Гэта было месца для самотных роздумаў і інтымных шпацыраў. Месца, дзе чалавек мог застацца сам-насам са сваімі думкамі сярод амаль дзікай прыроды. Даследчыкі падрэсліваюць перадусім эстэтычна-філасофскае значэнне паркаў у тыя часы.

На жаль, у нашы дні далёка не ўсе паркі пры старых панскіх сядзібах дбайна даглядаюцца. Некаторыя з іх зараслі і страцілі сваю ранейшую эстэтычную выразнасць, але не філасофскі змест. «Мы любім з жонкай, напрыклад, раніцай у нядзельку ўзяць тэрмас з кавай і прыехаць на машыне на колькі гадзін  у які-небудзь старадаўні парк, каб проста адпачыць», – прызнаўся «IP» праграміст адной з навучальных устаноў горада.

TOP-5 паркаў на Баранавіччыне, дзе варта пабываць

«Туганавіцкі» (каля в. Карчова)

Пейзажны парк перыяду рамантызму. Мае вялікае культурнае значэнне, бо гісторыя парку звязана з імёнамі вялікіх людзей. Тут калісьці знаходзілася сядзіба Верашчакаў, з якімі добра знаўся паэт Адам Міцкевіч і іншыя яго сябры – аматары навукі і мастацтваў. Побач з паркам у лесе ляжыць адзін з найвялікшых валуноў у Беларусі, які яшчэ ў старажытнасці прынёс сюды ледавік. Сёння гэты валун завецца «Камень філарэтаў» у гонар А.Міцкевіча, Т.Зана, Я.Чачота і іншых філаматаў і філарэтаў – найбольш таленавітай і апазіцыйнай моладзі свайго часу.

Камень філарэтаў каля вёскі Карчова

Камень філарэтаў каля вёскі Карчова

Сёння «Камень філарэтаў» мае статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння. Туганавіцкі парк ахоўваецца як помнік прыроды мясцовага значэння.

Да нашых дзён цэнтральная алея парку вядзе да зялёнай ліпавай альтанкі, дзе калісьці сустракаліся Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака. Сёння тут захаваліся 4 з 12 ліп, якім ужо больш за 200 гадоў. Адсюль у розныя бакі разбягаюцца астатнія паркавыя сцежкі-дарожкі.

Туганавіцкі парк. Ліповая альтанка Міцкевіча

Туганавіцкі парк. Ліповая альтанка Міцкевіча

Гэта адзін з найбагацейшых па біяразнастайнасці паркаў на Баранавіччыне. У ім можна адшукаць каля трох дзясяткаў відаў толькі дрэваў і кустоўя, больш за паўсотні пазванковых відаў жывёлінаў.

У Туганавіцкім парку некалькі гадоў таму ўпершыню для фаўны краіны былі адзначаны два віды хрушчоў, зафіксаваны таксама рэдкі від інсекты – Triphyllus bicolor. Цікава, што гэты від першапачаткова развіваецца яшчэ ў адным знойдзеным у парку «чырвонакніжніку» – у грыбе фістуліне пячоначнай, якая занесена таксама і ў Чырвоную кнігу Польшчы. У Беларусі гэты дэкаратыўны, але ядомы грыб сустракаецца толькі ў Белавежскай пушчы.

Туганавіцкі парк вядомы і сваімі перападамі вышыняў. У адным з яго куткоў знаходзіцца маляўнічая «дубовая горка» з дубамі-волатамі. Тут можна ўбачыць яшчэ адзін помнік прыроды рэспубліканскага значэння – дубы-блізняты, якім, па падліках навукоўцаў, ужо больш за 250 гадоў.

«Ястрамбельскі» (в. Ястрамбель)

Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу перыяду эклектыкі, закладзены ў XIX ст. пры сядзібе Катлубаяў. Сёння – помнік прыроды мясцовага значэння. У савецкі час парк быў часткова перапланаваны і падсаджаны маладзейшымі дрэвамі, хаця па-ранейшаму захоўвае дух старой мясціны.

Куток Ястрамбельскага парку пры колішняй сядзібе Катлубаяў

Куток Ястрамбельскага парку пры колішняй сядзібе Катлубаяў

Тут пераважаюць мясцовыя пароды дрэў, але захавалася і лістоўніца еўрапейская, якая расце кустам. А гэта, па сведчаннях навукоўцаў, даволі рэдкая з’ява для такога віду. Паміж палацам Катлубаяў і паркавай сажалкай захаваліся кулісы з белых таполяў. Але найбольшым гонарам Катлубаеўскіх прысадаў з’яўляюцца тры веймутавыя хвоі. Гэта паўночнаамерыканскія хвоі з удвая даўжэйшай ігліцай і ў пяць разоў большымі шышкамі, чым у звычайнай беларускай хвоі. Калісьці амерыканцы шырока выкарыстоўвалі веймутавыя хвоі ў караблебудаўніцтве, а беларуская шляхта любіла ўпрыгожваць гэтымі бухматымі экзатычнымі дрэвамі свае паркі.

«Крошынскі» (в. Крошын)

Парк закладзены ў сярэдзіне XIX ст. на беразе Шчары. Помнік прыроды мясцовага значэння. Некалькі гадоў таму тут была адзначана сярэднеазіяцкая страказа каромысел зялёны – чырвонакніжнік, які ахоўваецца таксама ва ўсёй Еўропе. На гнездаванні ў парку быў зафіксаваны і зялёны дзяцел, рэдкая птушка, занесеная ў Чырвоныя  кнігі Беларусі і прыбалтыйскіх краінаў.

Крошынскі парк

Крошынскі парк

Цэнтральную частку парку займаюць велічныя ясені, да якіх, відочна, былыя ўладальнікі Крошынскай сядзібы Святаполк-Завадскія мелі найбольшы піетэт. Ясянёвыя прысады, крыху заглушаныя пазнейшымі пасадкамі каштанаў, вядуць да рэшткаў былой капліцы, цяпер засыпанай зямлёй. Вакол капліцы – некалькі старых, паважных ліп.

У Крошынскім парку ёсць таксама дуб, побач з якім вісіць шыльда з інфармацыяй: «Дуб пасаджаны А. Адынцом і І. Дамейкам у 1884 годзе падчас прыезду ў Крошын да Завадскага – праўнука кампазітара, драматурга Мацея Радзівіла з Паланэчкі». Прафесар мінералогіі і будучы нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка, які паходзіў з нашай глыбінкі, разам з сябрам па маладосці паэтам Антонам Адынцом прыязджаў у Крошын у адведкі да сваіх продкаў. Праўда, іншыя даследчыкі мяркуюць, што арыгінальны іменны дуб быў страчаны, а гэта сімвалічнае дрэва было абрана для ўшанавання ўжо пазней. Паспрабуйце адчуць самі…

«Сваротваўскі» (в. Вялікая Сваротва)

Пейзажны парк пры былой сядзібе Незабытоўскіх знаходзіцца ў цэнтры вёскі, на беразе ракі Сваротвы. Па насычанасці рознымі відамі гэты парк займае другое месца ў Баранавіцкім раёне. Сярод дрэў тут пераважаюць мясцовыя пароды, у падлеску – багацце хмызоў: брызгліна, чорная і чырвоная бузіна, бружмель, каліна, снягулькі і нават барбарыс.

Экалагічна-эстэтычнаму планаванню сваёй сядзібы Незабытоўскія надзялялі багата ўвагі. Уздоўж выкладзенага камянямі берага рэчкі цягнецца сцяна бэзу, сярод якога захавалася еўрапейская лістоўніца – экзатычнае для нашай фаўны дрэва. З боку в. Малая Сваротва на сядзібу вядуць доўгія і шырокія прысады з дубоў, кожны дыяметрам прыблізна па метры. Гэта самая вялікая і найбольш уражвальная дубовая алея на Баранавіччыне.

РЕКЛАМА

Дубовыя прысады ў Вялікай Сваротве

Дубовыя прысады ў Вялікай Сваротве

«Верхне-Чэрніхаўскі» (в. Верхняе Чэрніхава)

Гэта быў пейзажны, натуралістычны парк, які сёння мае статус помніка прыроды мясцовага значэння. Раней тут вырошчваліся самыя розныя экзатычныя дрэвы. У нашы дні тут яшчэ можна ўбачыць чырвоны дуб, пенсільванскі ясень, грэцкі арэх, белую акацыю і еўрапейскую лістоўніцу.

Ад старой мінскай шашы да рэшткаў былой сядзібы Рдултоўскіх наўскрай парку вядуць доўгія ліпавыя прысады – на чвэртку кіламетра. Дрэвы пасаджаны так шчыльна, што нагадваюць суцэльную зялёную сцяну дрэў з гнуткім голлем да самай зямлі. Паміж дрэў мясцовае насельніцтва зрабіла арэлі, на якіх можна пагушкацца ў суцэльнай зялёнай цішы.

Парк у Верхнім Чэрніхава

Парк у Верхнім Чэрніхава

Сам парк у нашы дні моцна зарос, цяпер у ім цяжкавата арыентавацца, але тут па-ранейшаму прыемна прайсціся бакавымі ліпавымі алеямі ўздоўж старых сажалак.

Сярод унікумаў Верхне-Чэрніхаўскага парку – арэшнікавая соня, якую баранавіцкія даследчыкі выпадкова адшукалі там некалькі гадоў таму. Гэта вельмі рэдкі звярок, падобны да вавёркі і памерам з мыш. У прыродзе арэшнікавыя соні найбольш распаўсюджаны ў лісцёвых лясах Паўднёвай Еўропы.

Сажалка з выспай у Верхне-Чэрніхаўскім парку

Сажалка з выспай у Верхне-Чэрніхаўскім парку

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up