Новости / Общество

“Трое сутак не спаць дзеля некалькіх радкоў у газеце”

28.04.2011, 12:51 / remove_red_eye 156 / chat_bubble

Радкі з песні савецкага часу пра журналістаў, вынесеныя ў загаловак,  узгадаліся напярэдадні Сусветнага дня свабоды друку, які адзначаецца 3 мая, і Дня друку, што перайшоў у Беларусь з савецкіх часоў і прымеркаваны да выхаду 5 мая 1912 года першага нумара газеты «Праўда». І захацелася ўспомніць, як  нам працавалася пад пільным наглядам КПСС – «кіруючай і напраўляючай сілы савецкага народа».

Быць агітатарам і прапагандыстам

Галоўнай мэтай той журналістыкі было даводзіць ідэі і планы камуністычнай партыі да насельніцтва, а не проста даваць інфармацыю, як гэта робіцца ў цывілізаваных краінах. І на самым высокім узроўні было вызначана, што газета – гэта калектыўны прапагандыст і агітатар, а журналісты – «падручныя партыі».

Ды ці магло быць інакш, калі амаль усе выданні былі партыйнымі органамі. Шматтыражка – партыйнага камітэта прадпрыемства, абласная – абкама партыі, рэспубліканская – ЦК… З гэтай прычыны і матэрыялы падаваліся ў сродках масавай інфармацыі адпаведна. Да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі і 1 Мая ва ўсе рэдакцыі, нават у завадскія, рассылаліся заклікі ЦК КПСС да савецкага народа. І гэтыя агіткі кшталту «Слава савецкай інтэлігенцыі! Няхай жыве вялікі савецкі народ!» у абавязковым парадку выстаўляліся на першую паласу газеты. У рэдакцыях да тэлетайпаў дадаваліся яшчэ і прыёмнікі «Спідола». І ў дні правядзення пленумаў ЦК КПСС ці з’ездаў партыі машыністка настройвалася на дакладную хвалю і прымала дыктарскі тэкст.

РЕКЛАМА

Чытаўся ён павольна, каб была магчымасць друкаваць тое, што зачытвалася, на машынцы. Потым тэкст чытаўся яшчэ раз – для зверкі – і ішоў у нумар. Вядома ж, і ў тыя часы ў газетах некага крытыкавалі. Але больш – па ўказцы «зверху». У перадавых калгасах і на заводах недахопаў проста не магло быць!

А вось калі вырашылі зняць з пасады генеральнага дырэктара буйнейшага ў горадзе прадпрыемства, ардэнаносца, кандыдата навук, выдатнага арганізатара, у абласной газеце, дзе раней спявалі дыфірамбы і гэтаму прадпрыемству, і яго кіраўніку, з’явіўся «разгромны» артыкул, і чалавека адправілі на пенсію. Калі журналіст атрымліваў камандзіроўку «на раён», ён абавязкова знаёміўся са зводкаю – на якім месцы па паказчыках гаспадарка,  якую ён наведвае. І адразу было вядома – будзеш ты крытыкаваць  кіраўніцтва ці хваліць.

Узгадваецца, як у 1984-м мяне зацвярджалі на паседжанні бюро абкама партыі рэдактарам шматтыражнай газеты. За пару тыдняў да гэтага павадзілі па кабінетах загадчыкаў аддзелаў і сакратароў. Потым было бюро. У прыёмнай сустрэў калегу. Спытаў, з якой нагоды тут ён. Той адказаў: «Мяне сёння слухаць будуць».  Яшчэ адзін наведвальнік установы, што сядзеў побач, засмяяўся: «Салавей знайшоўся! Шыю намыляць – і пойдзеш». Мяне тады рэдактарам зацвердзілі. Пару пытанняў – і «ідзіце, працуйце».

Што нельга было, а што дазвалялі

У савецкія часы быў афіцыйны орган, які наглядаў, каб у СМІ не траплялі «непатрэбныя» звесткі. Гэта было Галоўнае ўпраўленне па ахове дзяржаўных сакрэтаў у друку пры Савеце Міністраў СССР ці так званы Глаўліт. І ў кожнай рэдакцыі быў нумарны, для службовага карыстання, пералік звестак, забароненых для апублікавання. Пра што ж забаранялася пісаць?

Аб ваенных парадах у населеных пунктах, якія не з’яўляюцца сталіцамі рэспублік, пра стан грамадзянскай абароны. У пераліку, які быў выдадзены ў 1987 годзе на 38 старонках, указвалася, што забараняецца друкаваць «Звесткі аб радыёактыўным забруджванні навакольнага асяроддзя лакальнымі выпаданнямі», аб праектаванні і будаўніцтве прадпрыемстваў, планах здабычы руды, перамяшчэнні рухомага саставу чыгункі,  пра тое, колькі зерня ў сховішчах, пра выпадкі захворвання чумою і халераю, колькасць наркаманаў у раёне, колькасць насель-ніцтва ў горадзе, калі там жыве менш за 50000 чалавек. 

Нельга было друкаваць карыкатуры і фельетоны, у якіх былі выпады супраць кіраў-нікоў дзяржаў і ўрадаў замежных краін… Па сутнасці, пра тое, што турбавала людзей найбольш, якраз і нельга было гаварыць.

А пісалі пра дасягненні народнай гаспадаркі, новыя ініцыятывы партыі і яе лідараў. Пра кнігі Брэжнева «Малая зямля», «Адраджэнне», «Цаліна». Трэба аддаць належнае, пісалі добрыя замалёўкі і нарысы пра  лёсы людзей, феналагічныя артыкулы, газеты больш друкавалі вершы мясцовых аўтараў. Гэта было запатрабавана. Паэзію ў краіне любілі, і набыць кніжку Еўтушэнкі ці Ахматавай было цяжка, а творы Гумілёва амаль немагчыма.

Журналісты савецкай прэсы ад забаронаў не пакутавалі. Ладзілі карпаратывы, проста ў рэдакцыях праводзілі міжрэдакцыйныя «лятучкі», выязджалі на прыроду. Жылі весела, як увесь савецкі народ.  Зрэшты, і параўноўваць не было з чым. У лепшым выпадку журналіст мог трапіць у складзе дэлегацыі ў краіну «сацыялістычнага лагера» – Балгарыю ці Польшчу. А там было амаль тое ж самае. Затое тым, хто быў членам Саюза журналістаў СССР, выдзялялі хатні нумар тэлефона на працягу года, 20 метраў дадатковай жыллёвай плошчы (на кабінет), а за прачытаную лекцыю ад таварыства «Веды» плацілі не чатыры рублі, як «простым», а дзесяць! Праўда, пасведчанне гэта атрымлівалі не ўсе і не адразу.

Патрэбен быў стаж работы ў журналістыцы, рэкамендацыі, ды і чакаць яго з Масквы даводзілася з паўгода, бо подпіс у такіх «корках» ставіў старшыня Саюза журналістаў, галоўны рэдактар газеты «Праўда» Віктар Афанасьеў. Затое які цудоўны значок даваўся да пасведчання! Залатое пяро і побач  надпіс «Союз журналистов СССР».

У часы перабудовы спрабавалі перабудавацца ўсе, але толькі не партыйныя лідары на месцах. І калі ў газеце праходзіў матэрыял пра тое, што роля КПСС не такая і значная для грамадства (нават калі гэта была вытрымка з выступлення на сходзе), рэдактара «запрашалі» ў парткам. Гаворка звычайна пачыналася здалёк – як жыццё, што новага, але праз хвілін пяць з шуфляды даставалі чарговы нумар газеты з пазначанымі абзацамі, пра якія пойдзе размова…

Кожны мае права на свабоду

Рэдактар шматтыражнай газеты «Тэкстыльшчык» Аляксей Белы, 1987 год

Рэдактар шматтыражнай газеты «Тэкстыльшчык» Аляксей Белы, 1987 год

РЕКЛАМА

Спробы нешта забараніць СМІ былі і пазней. Узгадваецца зіма 1994 года. У Баранавічы на баваўнянае аб’яднанне прыбыў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Прайшоўшы некалькі кардонаў, мы з фотакарэспандэнтам  трапілі ў Палац культуры. І тут да нас падышоў супрацоўнік КДБ.

«А фатаграфаваць нельга», – сказаў ён. На пытанне – чаму, адказаў, што трэба было прайсці акрэдытацыю. Мы здзівіліся: у сваім Палацы культуры? І нам параілі звярнуцца да начальніка аховы Лукашэнкі. Той сказаў: «Ідзіце да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта».  Леанід Сініцын, які займаў тады гэту пасаду, толькі прыўзняў плячо: «Якія праблемы, фатаграфуйце».

Час мяняецца. Вядома, той, хто працуе цяпер у СМІ, таксама мае пэўныя праблемы. У адных яны звязаны з пошукам і распаўсюджваннем інфармацыі, у другіх – са станам сумлення. Цяпер у нашай краіне ёсць не толькі Саюз журналістаў, а і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Меў гонар у кастрычніку 1997 года ўдзельнічаць у стварэнні мясцовай філіі і некалькі год узначальваць яе.

 Калі пры неабходнасці перабіраеш старыя паперы, побач з серты-фікатамі інстытута павышэння кваліфікацыі шведскіх журналістаў, дакументамі аб наведванні журналісцкіх се-мінараў у Галандыі ці Польшчы  знаходзіш пасведчанне Саюза журна-лістаў СССР за нумарам 95898 з пазначаным у ім літаратурным псеўданімам, атрыманае ў снежні 1986 года, службовае пасведчанне карэспандэнта газеты «Знамя коммунизма», якое выдалі ў красавіку 1983 года. Перабярэш усё гэта і… пакладзеш назад. Як ні кажы, а гэта таксама частка твайго жыцця.

Узгадваючы пра тое, чаму за савецкім часам у СССР Дзень друку адзначаўся 5 мая, не пазначыў, чаму 3 мая стала Сусветным днём свабоды друку. Дваццаць год таму ў сталіцы Намібіі Віндуку, дзе з 29 краса-віка па 3 мая праходзіў семінар ЮНЭСКА, журналістамі была прынята Дэкларацыя, у якой, у прыватнасці, пазначана, што свабода інфармацыі з’яўляецца адным з асноўных правоў чалавека.

«Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на свабоднае выказванне іх. Гэта права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў» – гаворыцца ў дакуменце. Такі падыход да нашай журналісцкай прафесіі мне падаецца канструктыўным.

У грамадстве яшчэ ёсць настальгія па часах застою. Людзі сталага веку сумуюць па сваіх гарантаваных 200 рублях заробку і 110 рублях пенсіі. Але нельга ўвайсці ў адну і тую ж раку двойчы. Плынь жыцця нясе нас далей. І гэта вельмі добра. Таму што ёсць спадзяванне, што гэта рака вынесе нас да новых даляглядаў, на больш шырокую прастору. А спробы плысці супраць цячэння – марныя. Выбіцца з сілаў лёгка, а вярнуцца да берага, дзе прайшло юнацтва, немагчыма ды і не варта. Мы ўжо іншыя.

Са святам, калегі! З Сусветным днём свабоды друку!

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up