Чарнобыльскага пiкета не будзе
Баранавіцкі гарвыканкам не даў дазволу грамадзянам горада на пікет да 25-х угодкаў Чарнобыльскай катастрофы.
Пікет на ўгодкі Чарнобыльскай аварыі хацелі правесці баранавіцкія актывісты Вячаслаў Болбат, Віктар Сырыца і Сяргей Гоўша. У сваёй заяве на дазвол пікету месцам правядзення яны абралі плошчу Леніна каля фантана.
Па словах Віктара Сырыцы, на 25-я ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы яны хацелі ўзняць праблемы атамнай энергетыкі, праінфармаваць жыхароў нашага горада пра вынікі аварыі на Фукусіма-1, а самае галоўнае, расказаць пра магчымыя наступствы будаўніцтва ў Беларусі Астравецкай АЭС. Як лічаць актывісты, у краіне не было дастатковага грамадскага абмеркавання па будаўніцтве АЭС, таму яны хацелі ўзняць гэту праблему з дапамогай пікета.
У адказе за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дзмітрыя Касцюкевіча забарона тлумачыцца тым, што, згодна з рашеннем ад 5.10.2009 года, месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе з’яўляецца Стары парк культуры і адпачынку па вуліцы Камсамольскай.
Дэмакратычныя актывісты падкрэсліваюць, што сябрам БРСМ улады дазваляюць праводзіць акцыі у цэнтры горада.
Дарэчы, у Мінску традыцыйнае шэсце “Чарнобыльскі шлях” таксама не дазволена сталічным гарвыканкамам. Заяўнікі шляху хацелі пачаць яго 26 красавіка, у 18.00, на пляцоўцы ля Акадэміі навук з далейшым шэсцем па вуліцы Сурганава да Чарнобыльскай капліцы. У адмове, атрыманай арганізатарамі акцыі з Мінскага гарвыканкама, патлумачана, што «Акадэмія навук не можа быць месцам масавых акцый, бо знаходзіцца бліжэй, чым 200 метраў ад метро».
Дазволены толькі мітынг ад 18 да 20 гадзін у Парку дружбы народаў, такім чынам нават не каля Чарнобыльскай капліцы.
Комментарии
Правила комментирования