Автор: Руслан Равяка

14:36, 7 апреля 2011

Общество

remove_red_eye 97

Ён рыхтаваў людзей на Месяц

На першы погляд падасца, што нічога асабліва касмічнага ў Баранавічах няма. Але наш горад вельмі моцна звязаны з «касмічнай» асобай, якая, на жаль, да сённяшняга дня застаецца забытаю для  Баранавіч.

І гэта Барыс Кіт – заслужаны прафесар Мэрылендскага ўніверсітэта (ЗША), акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, старэйшы сябар Амерыканскага таварыства астранаўтыкі, ганаровы сябар Брытанскага міжпланетнага таварыства, чалец камітэта міжнароднай Акадэміі астранаўтыкі (Парыж), уладальнік залатога медаля імя Обэрта, ганаровы доктар навук Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Ганаровы жыхар Навагрудка.

Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу, але яго бацькі паходзілі з-пад Баранавіч – з вёскі Агароднікі (цяпер Навагрудскі раён). У 1918 годзе сям’я вярнулася на Бацькаўшчыну. Барыс скончыў Навагрудскую беларускую гімназію, Віленскі ўніверсітэт. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР працаваў у Баранавічах настаўнікам матэматыкі ў педвучэльні, 16.12.1939 года прызначаны Баранавіцкім школьным інспектарам, займаўся адкрыццём беларускіх школак па вёсках.

Падчас акупацыі працаваў у Маладзечна дырэктарам Адміністрацыйна-гандлёвага інстытута. У 1944 годзе быў арыштаваны гестапа. Ад смерці яго выратавалі вучні. У канцы вайны эміграваў у Германію, у 1945-48 вывучаў медыцыну ў Мюнхенскім універсітэце і адначасова выкладаў матэматыку ў мясцовых гімназіях. Пасля з’ехаў у ЗША.

РЕКЛАМА

У Лос-Анжэлесе Барыс Кіт працаваў у фірме North American Aviation, якая ажыццяўляла касмічныя праекты. Ён удзельнічаў у распрацоўцы праектаў будаўніцтва чаўночнага карабля Shuttle, а таксама ў падрыхтоўцы палёту чалавека на Месяц ды планаванні падарожжа на Марс. Першай навуковай працай Кіта стала даследаванне вадкага вадароду ў якасці касмічнага паліва. Пасля наш зямляк працаваў у адзеле астранаўтыкі Міністэрства паветраных сілаў ЗША, дзе выконваў абавязкі эксперта па развіцці міжнароднай касманаўтыкі.

Барыс Кіт цяпер жыве ў ЗША, 6 красавіка ён адзначае свае 101-я ўгодкі нараджэння.

На 90-м годзе Барыса Кіта ў 2000 годзе Баранавіцкі недзяржаўны эканоміка-юрыдычны каледж звярнуўся да нашага земляка з просьбай даць згоду на наданне каледжу яго імя. Барыс Кіт пагадзіўся на гэтую прапанову. Гэты ліст захоўваецца цяпер у Цэнтры рамёстваў у Русіно. Аднак Брэсцкі аблвыканкам не падтрымаў тады гэтай задумы і адмовіў каледжу ў змене назвы.

У 2009 годзе Баранавіцкая Рада ТБМ імя Ф.Скарыны звярнулася ў Міністэрства культуры з парадай усталяваць ў горадзе да 100-годдзя Барыса Кіта памятную дошку. Дошку прапаноўвалася павесіць на будынак музычнай вучэльні на вуліцы Горкага, дзе да вайны знаходзілася педагагічная вучэльня  і дзе ў 1939-1941 гадах выкладаў матэматыку Барыс Кіт. Міністэрства культуры ў сваім адказе за подпісам намесніка міністра культуры Уладзіміра Рылаткі  паведаміла, што ўсталяванне памятнай дошкі сусветна вядомаму фізіку Барысу Кіту ўключана ў праект канцэпцыі манументальнай прапаганды РБ. Але, на жаль, такой дошкі ў нашым горадзе не з’явілася.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up