Новости / Культура

Старая Мыш. Сляды спадчыны

7.04.2011, 15:09 / remove_red_eye 181 / chat_bubble

Калісьці менавіта мястэчка Мыш, ад якога да нашых дзён захавалася адно невялікая вёска за дзесяць кіламетраў ад Баранавічаў, магло пакласці пачатак вялікаму гораду. Некалькі стагоддзяў таму тут стаяў вялікі замак, а па суседстве, у Новай Мышы, была сканцэнтравана ці не самая буйная прамысловасць у рэгіёне: тут плавілі медзь, апрацоўвалі лес, выраблялі спірт і варылі сваё піва.

УЧОРА

Гісторыі паселішча ў Старой Мышы ўжо больш за паўтысячагоддзя. Знаходзячыся амаль у самым сэрцы былога ВКЛ, Мыш была часткаю вялікіх каралеўскіх уладанняў. Першым «дакументальна пацверджаным» аўтаномным уладальнікам Мышы быў Ян-Геранім Хадкевіч, якому ў 1568 г. за вялікія вайсковыя заслугі кароль Польшчы і князь ВКЛ Жыгімонт-ІІ-Аўгуст і падараваў гэтыя землі разам з графскім тытулам. На высокім беразе ракі Мышанкі, пры старым шляху з Варшавы ў Маскву, Хадкевіч пабудаваў уласны замак. Гэта быў традыцыйны для таго часу драўляны замак з кутнімі вежамі на ўмацаваных валах, аточаных глыбокім ровам, які жывіўся вадою з ракі.

Замчышча Хадкевічаў

РЕКЛАМА

Замчышча Хадкевічаў

Так выглядаюць былыя замкавыя валы Хадкевічаў сёння

Так выглядаюць былыя замкавыя валы Хадкевічаў сёння

З прозвішчам Хадкевічаў былі звязаны найбуйнейшы  росквіт і гістарычная слава мястэчка Мыш. Хадкевічы ўсіх пакаленняў паслядоўна займалі высокія дзяржаўныя пасады ў ВКЛ. Сын Яна-Гераніма Хадкевіча Ян-Караль – гетман вялікі ВКЛ, а пазней – віленскі ваявода – меў еўрапейскую адукацыю, прайшоў рыцарскую школу і быў вядомым падарожнікам. Але ў гісторыі яго імя засталося перадусім дзякуючы надзвычайнаму вайсковаму таленту, які ў свой час дапамог яму  перамагчы шведаў і выратаваць ад турэцкай навалы ўсю Еўропу. І як і належыць падобнай асобе, аднойчы Ян-Караль паклаў сваю галаву ў баі.

Гаспадарыць у Мышы пачаў яго брат Аляксандр – трокскі ваявода, які меў адукацыю філосафа, сэрца няспраўджанага манаха, а рэальнае жыццё, як і ўсе Хадкевічы, прысвяціў вайсковым справам. На жаль, на ім і засохла гэта галіна слаўнага роду Хадкевічаў. Пасля смерці Аляксандра Хадкевіча ў 1626 г. мястэчка пачало паступова слабець. У 1654 г., падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй, згарэў і ўжо ніколі не аднаўляўся Мышскі замак. «У гарадку Мышы ўсіх людзей пазабівалі… І горад спалілі і разрабавалі дашчэнту», – так рапартавалі расійскія ваяводы свайму цару пасля вяртання з Мышы.

Як адзначае даследчык А. Федарук, чарговы росквіт Мыш зазнала толькі ў другой палове XVIII ст., калі ў ёй пачалі гаспадарыць Несялоўскія. Новую барочную сядзібу ў Мышы заклаў Юзаф Несялоўскі, актыўны грамадска-палітычны дзеяч. Плённа папрацаваўшы ў перадвыбарчай кампаніі дзеля абрання свайго добрага знаёмца Станіслава-Аўгуста Панятоўскага новым каралём РП, праз 30 гадоў Юзаф Несялоўскі нават прымаў караля ў госці ў Мышы!

Пасля ліквідацыі РП Юзаф Несялоўскі быў арыштаваны за падрыхтоўку антырасійскага паўстання, а яго маёмасць канфіскавана. Аднак пазней, за палітычную лаяльнасць да новага рэжыму яму вярнулі і волю і нерухомасць. А вось сын Юзафа Несялоўскага Францішак-Ксавэры, у мінулым актыўны ўдзельнік паўстання, так і не захацеў прысягаць Кацярыне ІІ і эміграваў у Заходнюю Еўропу, е пасля выступаў разам з Напалеонам. За поспехі ў вайсковых справах ён быў узнагароджаны самым ганаровым ордэнам Польшчы – Virtuti Militari.

Краявіды Старой Мышы

Краявіды Старой Мышы

СЁННЯ

Ад былой сядзібы Несялоўскіх да нашых дзён захавалася вялікая заезная алея з ліпаў даўжынёю каля 200 м і шырынёю каля 12 м.

РЕКЛАМА

Ліповым прысадам у Старой Мышы ўжо больш за 200 гадоў

Ліповым прысадам у Старой Мышы ўжо больш за 200 гадоў

Раней гэтыя прысады прыводзілі да сядзібавага дома, ад якога сёння засталіся толькі рэшткі скляпоў. На гэтых руінах цяпер стаіць хата, пабудаваная ўжо ў савецкую эпоху.

На мурах былой сядзібы Несялоўскіх сёння стаіць навейшы дом

На мурах былой сядзібы Несялоўскіх сёння стаіць навейшы дом

Перад сядзібавым домам галоўныя прысады выходзілі да папярэчных лапавых прысадаў. Калі пайсці імі сёння на поўдзень ад вёскі, можна трапіць на старое замчышча Хадкевічаў.

Дарма што мінула амаль 500 гадоў, гарадзішча добра захавалася да нашых дзён. Яго парослыя маладымі бярозамі валы, што ўзвышаюцца над лагчынаю Мышанкі, і цяпер відаць здалёк. На  надворку замка і сёння можна ўбачыць паглыбленне на месцы, дзе калісьці размяшчалася замкавая студня.

Пры Несялоўскіх у Старой Мышы функцыянавалі свая вінакурня, вадзяны млын, працавалі корчмы і крамы, ад якіх да нашых дзён не захавалася нічога.

Але на адной з ускраін  вёскі сёння можна ўбачыць шыкоўныя будынкі з вежкамі, пабудаваныя яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Гэта былая вінакурня Іскрыцкіх – адных з апошніх уладальнікаў Мышы.

Вінакурня Іскрыцкіх

Вінакурня Іскрыцкіх

Вінакурня

Вінакурня

Абодва будынкі вымураваны  з крамянай жоўтай цэглы, якую калісьці шырока выраблялі ў Еўропе. Вяскоўцы са Старой Мышы сёння любяць распавядаць гісторыю пра тое, як у апошнюю вайну ў былую вінакурню трапіў снарад, які нават не пашкодзіў ніводнай сцяны. І старыя людзі не разумеюць, чаму такі моцны і прыгожы будынак, з усімі захаванымі механізмамі і начыннем, сёння стаіць занядбаны.

Так вяглядае старая вінакурня Іскрыцкіх туманным ранкам

Так вяглядае старая вінакурня Іскрыцкіх туманным ранкам

Як даехаць?

Даехаць грамадскім транспартам з Баранавіч  да Старой Мышы сёння немагчыма. Давядзецца або даязджаць на дызелі Баранавічы – Ліда да станцыі Дамашэвічы, адкуль да Старой Мышы каля 3 км, або выпраўляцца да Старой Мышы з Новай Мышы – каля 7 км. Да Новай Мышы з Баранавіч на аўтобусе можна выехаць штодня ў 5.45, 6.40, 9.30, 11.00, 12.40, 13.00, 14.15, 16.00, 16.40, 18.30.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up