Автор: Аляксей БЕЛЫ

15:09, 7 апреля 2011

Культура

remove_red_eye 150

Радкі, што ідуць ад сэрца

Здаецца, учора на  паседжанні Брэсцкай абласной філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў яе старшыня Ніна Мацяш абвясціла, што літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка  і дыплома ўдастоены паэт з Баранавіч Іван Лагвіновіч. Удзельнікі схода  шчыра пляскалі ў далоні і радаваліся  перамозе нашага земляка.

Няма ўжо сярод нас знакамітай літаратаркі Ніны Мацяш, а нядаўна  не стала і выдатнага паэта Івана Лагвіновіча. 29 сакавіка ён адплыў у вечнасць – пранікнёны лірык, добры чалавек і шчыры  прыхаджанін грэка-каталіцкай царквы. Смуткуюць яго блізкія і сябры, чакае выдання рукапіс чарговай кнігі, якую Іван так хацеў і  не паспеў патрымаць у руках. Гэта быў бы  яго шосты паэтычны зборнік.  Зрэшты, не быў бы –  будзе, бо сябры паабяцалі Івану Лагвіновічу, што кніжка ўбачыць свет. Шкада, што без яго непасрэднага ўдзелу.

…Шлях да паэзіі простага палескага хлопца з хутара Запрапасць Ганцавіцкага раёна  быў няпростым і пралягаў праз Данбас, куды ён рушыў у  цяжкі пасляваенны час у пошуках лепшай долі.

Праца шахцёрам не вынішчыла з яго душы мараў пра сваю малую радзіму, аб якой яму сніліся каляровыя сны. Таму і мову родную ён не забыў, і вершы нават у чужым далёкім краі пісаў па-беларуску. Потым, гаворачы з Іванам пра яго жыццё ў суседняй Украіне, нарадзілася такая эпіграмка «З’ехаў хлопец з Запрапасці, але здолеў не прапасці».

РЕКЛАМА

 Выйшаўшы на пенсію і  вярнуўшыся ў Беларусь ў пачатку дзевяностых, Іван Лагвіновіч пасяліўся ў Баранавічах і з галавою акунуўся ў літаратурнае жыццё . «Разлукі выраёвыя», «Піліпаўка», «Ляда юдолі», «Далёкае і блізкае», «Палыновыя кветкі» –  так называюцца яго паэтычныя зборнікі. Шмат друкаваўся паэт і ў перыёдыцы. У сваіх творах Іван шчыра дзеліцца перажываннямі – чаму ў Беларусі адцураліся свае мовы, чаму яе не чуваць у гарадах і ўсё менш ў вёсках. Мовы, якую ён пранёс праз усё жыццё і захаваў, жывучы на чужыне.

Разважаючы пра творчасць Івана Лагвіновіча, берасцейскі паэт Мікола Пракаповіч піша: «Мы, жывучы ў сябе на Радзіме, становімся падобнымі да адарваных ад родных каранёў шукальнікаў прывіднага шчасця».
І ўсё ж шчасце Паэта, які так перажываў за сваю зямлю, не заўсёды было прывідным. Акцэнтуючы ўвагу на тым, што «Сагнаны лёсам з хутара ляснога, прытулку ў свеце так і не знайшоў», ён   умее радавацца таму, што засталося. І гэта радасць кладзецца на цудоўныя лірычныя радкі. «Над вечнай дарогай юдолі зямной плыў зорысты вечар. Расліны пілі сырадой туманоў з далонек лісточкаў».

І ўсё ж туга, глыбокі сум, перажыванне за будучыню Айчыны, за нашу спадчыну, нашу культуру – асноўныя матывы паэзіі Лагвіновіча. «Хіба ўпершыню сустракаць халады палескім вынослівым дрэвам? Тут людзі жылі ад бяды да бяды, як быццам ім шчасця не трэба …Вось так і збярог селянін-паляшук сваю адмысловую мову. Я голаў схіляю, як вершы пішу, з паклонам да роднага слова».

Узгадваючы чарнобыльскую навалу, Іван Лагвіновіч піша: «Цярновы вянок апусцелай буслянкі нясе дуб-волат». Але як шчыры вернік, Іван Лагвіновіч ведае, што душа вечная і ва ўсім яму дапаможа Бог. «Хрыстос цярплівасці вучыў, дзеля лагоды неўміручай. І я, ягоны сціплы вучань, гляджу спакойна ўдалячынь». Працягваючы тэму ў другім вершы, ён піша: «Стварыўшы знак крыжа перад сабою, прачулую малітву прачытаю, спагадлівага Бога папрашу…»

Іван Лагвіновіч сышоў у свет лепшы, калі яму толькі-толькі споўніўся 71. Ён шмат чаго паспеў зрабіць,  шмат чаго мог бы і яшчэ. Але цяжкая хвароба не дала здзейсніць усё задуманае. Трошкі з іроніяй, трошкі з сумам ён скажа ў сваім вершы:

Смерць мая не стане цяжкай стратай,

Роспач вашых сэрцаў не кране.

Я не быў ніколі герастратам,

Хутка вы забудзеце мяне.

Павер, Іване, гэта не так. Мы будзем цябе помніць Ад Баранавіч да месца, дзе быў хутар Запрапасць, да малькавіцкіх могілак, дзе ты пахаваны, не так і далёка.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up