Новости / Общество

Баранавічы і космас

7.04.2011, 14:36 / remove_red_eye 162 / chat_bubble

Сёлета 12 красавіка спаўняецца 50 год, як першы чалавек паляцеў у космас і на Зямлі пачалася касмічная эра. У гадавіну гэтай велічнай падзеі «ІР» шукала «касмічныя» мясціны ў Баранавічах.

Як высветлілася, наш горад не такі касмічны, як хацелася б. З касманаўтыкай у нас звязаны  толькі некалькі назваў вуліц. Не давялося сустрэць нават згадкі пра беларускіх касманаўтаў Клімука і Каваленку.

Вуліца Цыялкоўскага. Названа ў гонар заснавальніка савецкай касманаўтыкі Канстаціна Цыялкоўскага.

Выбітны савецкі вучоны, ён лічыцца вынаходнікам «ракетных цягнікоў» – будучых шматступенчатых ракет. Цыялкоўскі давёў выснову ўраўнання рэактыўнага руху і з’яўляецца аўтарам шматлікіх прац па аэрадынаміцы і паветра-плаванні.

РЕКЛАМА

Акрамя гэтага, савецкі вынаходнік пісаў фантастычныя творы, дзе прапаноўваў насяліць касмічную прастору з дапамогаю арбітальных станцый, прыдумаў ідэю касмічных ліфтоў і цягнікоў на паветраных падушках.

Цыялкоўскі не ўбачыў ажыццяўлення сваіх мараў, бо памёр ў 1935 годзе ў Калузе. Знакаміты навуковец, як і Гагарын ці Камароў, ніяк не быў звязаны з нашым горадам, бо паходзіў з Разанскай губерніі і ўсё жыццё пражыў у Расіі.

Назва была нададзена новай вуліцы 14 чэрвеня 1961 года пастановай гарвыканкама № 526.

Вуліца Камарова. Названа ў гонар двойчы героя СССР Уладзіміра Камарова, які ў 1965 годзе ўпершыню без скафандраў, на шматмясцовым караблі 16 разоў абляцеў нашу планету.

Другі яго палёт ў космас скончыўся катастрофай – падчас пасадкі карабля 24 красавіка 1967 года не спрацаваў парашут, і апарат на ўсёй хуткасці ўрэзаўся ў зямлю. У памяць пра загінуўшага касманаўта Баранавіцкі гарвыканкам 21.05.1969 надаў яго імя вуліцы ў Вайсковым гарадку.

Вуліца Касманаўтаў. Названа ў гонар усіх герояў, якія здзяйснялі палёты ў космас. Сюды можна аднесці і беларускіх касманаўтаў Клімука, Каваленку і Савіцкую. Назва нададзена пастановай гарвыканкама 23.12.1964 №484 «У сувязі са стварэннем у мікрараёне новых вуліц, прылеглых да вуліцы Стаўбцоўскай».

Вуліца Гагарына. Названа ў гонар першага ў свеце касманаўта Юрыя Гагарына, які 12 красавіка 1961 года на касмічным караблі «Усход» адзін раз абляцеў нашу планету. За гэты палёт першаму касманаўту надалі званне Героя Савецкага Саюза.

Менавіта таму з 1962 года 12 красавіка ў СССР быў прызначаны дзяржаўным святам – Днём касманаўтыкі. На жаль, у Баранавічах Юры Гагарын ніколі не быў. Ён нарадзіўся ў Смаленскай вобласці, вучыўся ў Саратаве і Чкалаве і загінуў 27 сакавіка 1968 года падчас палёту на самалёце МіГ-15УТІ ва Уладзімірскай вобласці.

Цікава, што вуліца Гагарына ў нашым горадзе атрымала сваю назву менавіта ў дзень палёту 12 красавіка 1961 года, калі Баранавіцкі гарвыканкам сваёй пастановай № 332 надаў новую назву былой вуліцы Віленскай. Магчыма, гэта пераназванне гарадскія ўлады зрабілі заднім днём.

Вуліца Зорная. Ёсць у нашым горадзе і такая маленькая вулачка каля малочнага камбіната, назву якой надалі яшчэ «напярэдадні» палёта чалавека ў космас 7 кастрычніка 1959 года.

РЕКЛАМА

Дзякуем Баранавіцкаму краязнаўчаму музею і яго былому дырэктару Станіславу Шчарбакову за дапамогу пры падрыхтоўцы артыкула.

 Пра нашага земляка, які стаўся легендаю амэрыканскай астранаўтыкі, але ніяк не адзначаны ў Баранавічах можна прачытаць тут.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up