Автор: Алесь Гізун

11:45, 1 апреля 2011

Культура

remove_red_eye 170

“Птушкі не ўмеюць здраджваць сабе”

Назіранне за птушкамі – папулярны сёння від актыўнага адпачынку, які на Захадзе даўно пачаў выцясняць такія традыцыйныя масавыя «памяшальніцтвы», як футбол ці рыбалка. Ён аб’ядноўвае інтарэсы людзей, для якіх працэс назірання за птушкамі і вывучэнне іх паводзін – не проста цікавы спосаб баўлення часу, а стыль жыцця, пэўная філасофія.

Пра захапленне сучаснай моладзі напярэдадні Міжнароднага дня птушак, які адзначаецца
1 красавіка, «IP» паразмаўляла са студэнткай педагагічнага факультэта БарДУ Юляй Траццяк – бёдуотчарам з чатырохгадовым стажам. Бёдуотч – ад ангельскага тэрміна Birdwatch, што азначае назіранне за жыццём птушак у жывой прыродзе.

– Юля, чаму ты захапілася менавіта птушкамі?

– Насамрэч птушкі ўвайшлі ў маё жыццё выпадкова. На першым курсе выкладчык па біялогіі прапанаваў нам, студэнтам, апроч звычайных заняткаў займацца яшчэ і навукаю. Ахвотных тады знайшлося няшмат, агулам – чатыры студэнты. Увесну разам з выкладчыкам мы пачалі выходзіць на палі і ў лясы ды вывучаць птушак.

РЕКЛАМА

Аднойчы мы лазілі па пояс у вадзе на торфараспрацоўках каля Сталовічаў – шукалі гнёзды малога бугая. Назаўтра мой аднагрупнік Ваня закасаў калашыны і прадэманстраваў нам свае ногі, якія цалкам былі высыпаны нейкімі чырвонымі болькамі. Ваня тады заявіў, што такой навукай ён больш займацца не будзе. Пазней «навуку» пакінулі і астатнія студэнты. Так, праз год засталася я адна. І сёння я не ўяўляю свайго жыцця без птушак.

Я – актывіст на факультэце, ладжу тэатральныя імпрэзы і займаюся фаер-шоў… Але птушкі, бясспрэчна, – па-за канкурэнцыяй. Вандроўкам і назіранням за птушкамі я прысвячаю амаль увесь вольны час. У 2007 годзе, неўзабаве пасля таго, як пачала цікавіцца нашымі крылатымі сябрамі, я запісалася ў сябры грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (далей – АПБ. – Аўт.), найбуйнейшай прыродаахоўнай арганізацыі ў Беларусі. А гэта новыя магчымасці падарожнічаць, выязджаць на розныя летнікі і семінары і ўсё новыя знаёмствы з іншымі бёдуотчарамі і арнітолагамі. Я зразумела, што я не адна такая вар’ятка, у Беларусі ёсць багата людзей, якія цікавяцца жыццём птушак – ад школьнікаў-аматараў да сталых дзядзькаў-арнітолагаў. Як высветлілася, у нас ёсць цэлыя сем’і, якія займаюцца птушкамі і знаходзяць сябе ў назіраннях за імі.

– Можна казаць, што бёдуотч сёння пачаў прыходзіць і ў Беларусь?

– Так, ужо прыйшоў. АПБ сёння налічвае некалькі тысяч сяброў па ўсёй краіне. Як частка міжнароднай асацыяцыі Bird Life International, АПБ шырока адзначае ўсе «чырвоныя дні» арніталагічнага календара. Апроч святкавання 1 красавіка Міжнароднага дня птушак, штогод 1 траўня ладзіцца вялікае Свята птушак у Тураве, увесну і ўвосень – Дні назіранняў за птушкамі, калі яны масава мігруюць і калі за імі лёгка і зручна сузіраць. На працягу года ладзіцца таксама мноства семінараў, чэмпіянаты па спартыўнай арніталогіі… На гэтыя мерапрыемствы да нас прыязджаюць англічане, шведы, палякі, французы. І мы таксама ў межах розных прыродаахоўных праграм часцей пачалі ездзіць да іх.

На Захадзе назіранне за птушкамі даўно набыло масавы характар, як, напрыклад, футбол. Для еўрапейцаў бёдуотч – такі сабе модны культурна-спартыўны занятак. Яны не шкадуюць на гэта ні ўласнага часу і энергіі, ні грошай на дарагую оптыку. У іх самыя сучасныя біноклі, моцныя і адначасова лёгкія. У Беларусі не кожны бёдуотчар можа дазволіць сабе дарагую, якасную оптыку. У нас біноклі звычайна – металічныя, старажытныя і амаль непад’ёмныя, асабліва для дзяўчат.

– Няўжо шведаў ці ангельцаў з іх унікальнай паўночнай прыродай і багаццем птаства можа нешта зацікавіць у Беларусі?

– У іх свая прырода са сваімі ўнікальнымі відамі. Адпаведна і ў нас ёсць птушкі, якія не сустракаюцца ў іх і за якімі ім хочацца паназіраць. Але не менш важны абмен інфармацыяй і арніталагічным досведам паміж людзьмі з розных краін.

– Баранавіцкі рэгіён таксама цікавы для назірання за птушкамі?

– Не менш і не больш цікавы за астанія рэгіёны Беларусі. Вядома, наша тэрыторыя будзе саступаць па біяразнастайнасці мясцовасцям з моцнымі экасістэмамі, дзе ёсць вялікія рэкі ці балоты. Але і ў Баранавіцкім раёне можна сустрэць больш за сотню розных відаў птушак. Нават у межах нашага горада ёсць цікавыя месцы, дзе сустракаюцца вельмі рэдкія віды.

На Жлобінскім возеры, напрыклад, жыве малы бугай – нешматлікі ў Беларусі від птушак сямейства чаплевых. Гэту птушку можна пачуць, калі сядае сонца: здаецца, нібыта нехта басам гукае ў бочку. Калі блізка падыходзіш да гнязда   бугая, птушаняты разбягаюцца па суседніх галінах ці купках чароту, выцягваюць свае доўгія шыі ўверх і пачынаюць калывацца ў бакі разам з галінкамі ў такт ветру. Гэта неапісальнае відовішча!

– А самая знакавая сустрэча з птушкай для цябе ўжо адбылася?

– Напрыканцы лета 2007 года мы разам з арнітолагамі з Акадэміі навук на тыдзень выязджалі на Альманскія балоты, што на Століншчыне. Мы шукалі гнёзды вялікага арляца, каб акальцаваць птушанят. Гэта адна з найвялікшых драпежных птушак у Беларусі, якая падпадае пад першую катэгорыю аховы: від сёння знаходзіцца на мяжы знікнення, бо знікаюць яго спрадвечныя тэрыторыі – балоты.

Адчуванняў падчас той вандроўкі мне хопіць на ўсё жыццё.

Калі на тваёй руцэ сядзіць двухмесяцовае птушаня, большае памерам за дарослага пеўня, ты разумееш, што недарма пераадольвала такую неверагодную адлегласць, каб трапіць у нетры гэтага бяскрайняга балота дзесьці на мяжы з Украінай, дзе жыве такі вось велічны птах, да якога ты доўга ішла ўпэўненымі і няўпэўненымі крокамі, як да нейкага артэфакта…

І вялікая драпіна на руцэ ад кіпцюроў вялікага арляца таксама не дасць мне забыцца пра яго (смяецца).

– Ці магчыма ўвогуле правільна арыентавацца ў розных відах нашага птаства?

– Дзеля гэтага існуюць бінокль і кніга-вызначальнік птушак – абавязковыя атрыбуты кожнага бёдуотчара.
У мяне да таго ж на мабільным тэлефоне замест стандартных мелодый запампаваны галасы розных птушак. Калі мне тэлефануе, напрыклад, маці, мікрафон маёй мабілкі выдае голас вялікага зуйка, а на дысплэі з’яўляецца яго здымак. Проста мая маці вонкава вельмі падобная да гэтай птушкі (смяецца)… Гэта дадаткова дапамагае мне запамінаць птушак і адрозніваць іх галасы. У Беларусі сустракаецца 320 відаў птушак, з якіх я пакуль што бачыла толькі палову. Таму перспектыва для вывучэння ў мяне яшчэ вялікая…

РЕКЛАМА


– Пры такой адданасці птушкам ці не ўзнікае канфліктаў з блізкімі людзьмі, якія, магчыма хацелі б, каб ты болей надзяляла ўвагі ім?

– Так, птушкі мяне нават ад мужа забралі.

Аднойчы муж паставіў мяне перад выбарам: «Или я, или твои птички». Я сказала, што выбіраю арніталогію.

Ён тады моцна пакрыўдзіўся, і мне ўпершыню давялося выслухаць ад яго крык і лаянку. Муж прыгадаў мне ўсе мае правіны. А назаўтра назаўжды з’ехаў да бацькоў.

Я магу яго зразумець. У 27 гадоў яму ўжо хацелася стандартнага, спакойнага сямейнага жыцця – з малымі дзецьмі і жонкай-дамаседкай. А я ўвесь вольны час, усе выхадныя была разам з птушкамі і сябрамі-ар-нітолагамі. І цяпер таксама мару вывучыцца на арнітолага.

– Цікава, наколькі змянілася тваё стаўленне да птушак за гады такіх шчыльных дачыненняў з імі?

– Раней для мяне, як, напэўна, і для большасці, усе птушкі дзяліліся на тых, якіх ядуць людзі, і на ўсіх астатніх. Сёння ж мне ўжо мала ўмець толькі вонкава адрозніць адну птушку ад іншай. Я вывучаю іх галасы, рухі, мне хочацца навучыцца разумець логіку іх паводзін…

А часам мне здаецца, што птушкі нават вышэйшыя за чалавека, і не толькі таму што лётаюць… Птушкі, напрыклад, не ўмеюць здраджваць самім сабе. Няхай імі кіруюць толькі інстынкты, але яны ведаюць, напрыклад, што калі яны паляцяць увосень у вырай, то ўвесну абавязкова вернуцца назад, дарма што пералёт можа каштаваць ім жыцця.

А ў чалавека апроч інстынктаў, ёсць яшчэ і розум. Мы разумныя, мы ўмеем прыстасоўвацца да абставін і навучыліся здраджваць сваім ідэалам…

Я добра разумею, што птушкі выцеснілі з майго жыцця ўсе астатнія інтарэсы. Але яны і ёсць маё жыццё. Апроч іх сёння ў мяне нічога няма. Але я шчаслівая.

Кароль на балоце

Птушкаю года-2011 у Беларусі абвешчаны вялікі кулён. Гэта адна з самых рэдкіх нашых птушак, якую немцы называюць каралеўскім куліком.

Вялікі кулён – самы рэдкі і самы буйны кулік у Беларусі з размахам крылаў да аднаго метра. Яго найбліжэйшы сваяк расійскі танкадзюбы кулён адносіцца да самых рэдкіх птушак свету, якіх сёння фактычна можна залічваць да зніклых відаў. У Беларусі гняздуецца ўсяго 950 – 1200 пар вялікіх кулёнаў. Ён занесены не толькі ў Чырвоную кнігу Беларусі, але і ў міжнародную Чырвоную кнігу. Скарачэнне плошчаў і парушэнне месцаў гнездавання як вынік меліярацыі, вясновыя палы травы і турбаванне птушак у перыяд размножвання – асноўныя фактары пагрозы для вялікіх кулёнаў.

Гэта птушка гняздуе на мохавых і асаковых балотах, лугах, колькасць якіх з развіццём гаспадарчай дзейнасці чалавека  імкліва скарачаецца. Пабачыць выпханага саломаю вялікага кулёна можна ў Баранавіцкім краязнаўчым музеі. Дарэчы, у першую нядзелю кожнага месяца гэта можна зрабіць бясплатна.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up