Автор: Алесь ГIЗУН

18:34, 24 марта 2011

Культура

remove_red_eye 138

Тыдзень вераб’ёў у Баранавічах

Выстава фотаздымкаў беларускіх фатографаў-натуралістаў «Пра што спявае верабей» была адкрыта ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы да Міжнароднага дня вераб’я, які ў Баранавічах, як і ва ўсім свеце, адзначылі                       20 сакавіка.

Адкрыццё фотавыставы «Пра што спявае верабей», падрыхтаванай грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) да Міжнароднага дня вераб’я, стала галоўнай культурнай падзеяй мінулай нядзелі ў Баранавічах.

Экспазіцыю складаюць 13 фотаработ розных беларускіх фатографаў з выявамі сцэн жыцця абодвух наяўных у Беларусі відаў вераб’ёў – дамавога і палявога. На выставе можна пабачыць, як вераб’і бавяць час на самоце, як збіраюцца ў хаўрус і як высвятляюць адносіны… На выставе экспануецца і ўнікальны здымак белага вераб’я, якога адзін з фатографаў выпадкова сфатаграфаваў у Мінску.

Падчас урачыстага адкрыцця выставы сябры АПБ распавялі пра сваю дзейнасць і запрасілі ўсіх ахвотных далучацца да сяброў арганізацыі.

РЕКЛАМА

Баранавіцкі сябра арганізацыі Дзяніс Лундышаў распавёў пра адну з глабальных праблем сучаснасці – скарачэнне біялагічнай разнастайнасці на зямлі, а таксама пра экалагічную і эстэтычную функцыю вераб’ёў і важнасць захавання гэтага віду птаства.

«Гэта невялікая шэрая птушка не толькі ратуе нашы палеткі ад мноства шкоднікаў, але і дадае непаўторнага хараства і дынамічнасці гарадскім пейзажам», – падсумаваў Дзяніс Лундышаў.

Тыдзень вераб’ёў у Баранавічах

Тыдзень вераб’ёў у Баранавічах

Апроч гэтага, арнітолагі вучылі прысутных адрозніваць дамавых вераб’ёў ад палявых, а за найлепшыя вынікі такога навучання давалі падарунак – вялікі партрэтны фотаздымак вераб’я. Запрошаны ў якасці госця баранавіцкі скульптар Станіслаў Цалюк распавёў пра падрабязнасці з’яўлення ў Баранавічах сваёй сімвалічнай працы – помніка вераб’ю.

Пасля адкрыцця выставы сябры АПБ наладзілі майстар-клас па вырабе вераб’ёў з каляровай паперы. Кожны мог сваімі рукамі паспрабаваць зрабіць папяровага вераб’я. Сваю птушку пасля можна было або пакінуць сабе на памяць, або ўпрыгожыць ёю помнік вераб’ю ў цэнтры горада, куды ўсе ахвотныя рушылі пасля ўрачыстасцей у бібліятэцы.

Тыя, хто не наведаў прысвечаную вераб’ю фотавыставу ў мінулую нядзелю, могуць паспець гэта зрабіць да 28 сакавіка.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up