Новости / Общество

Пераводзім стрэлкі на лета

24.03.2011, 17:56 / remove_red_eye 121 / chat_bubble

27 сакавіка, а 2 гадзіне ночы, Беларусь пераходзіць на летні час. Стрэлкі гадзінніка пераводзяцца на гадзіну наперад. Магчыма, гэты перавод стрэлак будзе ў Беларусі апошнім і жыхарам нашай краіны больш не давядзецца пакутаваць ад пераходу на летні ці зімовы час.

Справа ў тым, што ў пачатку года пра адмову ад пераходу на зімовы час абвесціла Расія. Цесна звязаная эканамічна з усходняй суседкай Беларусь амаль адразу таксама пачала разглядаць такую магчымасць. Напрыканцы лютага адбылося паседжанне камісіі з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, міністэрстваў аховы здароўя, прамысловасці, энергетыкі і эканомікі, а таксама іншых ведамстваў. Камісія пастанавіла рэкамендаваць ўраду Беларусі адмяніць пераход на зімовы час на тэрыторыі Беларусі ў 2011 годзе.

Калі ўрад нашай краіны ўхваліць пастанову камісіі, то ў кастрычніку пераходу на зімовы час у Беларусі не будзе.

За апошні час, пэўна, гэта будзе адна з тых нешматлікіх пастаноў, дзеянне якой падтрымае большасць беларусаў. Згодна з вынікамі праведзенага Intex-press апытання значная большасць жыхароў нашага горада таксама негатыўна адносіцца да змены часу. »Мне не падабаецца перавод гадзінніка, гэта адмоўна адбіваецца на маім адчуванні, парушаецца рэжым сну», – сказала адна з гараджанак.

РЕКЛАМА

Пра дрэнныя наступствы для здароўя кажуць і дактары. Спецыялісты з Хельсінкскага ўніверсітэта ўпэўнены, што пераходны перыяд ўплывае на абвастрэнне сардэчна-сасудзістых хваробаў. Згодна з Расійскім міністэрствам аховы здароўя пасля пераходу на новы час колькасць інфарктаў павялічваецца на 1,5%, а самагубстваў на 66% (!).

Змена часу адбіваецца таксама на жывёлах. Як расказаў Intex-press гаспадар фермерскай гаспадаркі «Канявод» Аляксандр Тамашук, які займаецца развядзеннем коней, жывёлы, як і людзі, пакутуюць ад пераводу стрэлак. «Коні робяцца больш неспакойнымі і агрэсіўнымі, проста большасць людзей гэтага не заўважае».

Эканамічны эфект ад пераводу часу, як цяпер ужо кажуць, быццам таксама малаістотны. Міністэрства энергетыкі сцвярджае, што эканомія электраэнергіі ад пераходу на летні час нязначная – каля 20 млн кВт.г ці 0,06% гадавога электраспажывання Беларусі.

Адзіная праблема ў тым, што правільным лічыцца не летні час, на якім мы можам застацца, а зімовы. Геаграфічна Беларусь знаходзіцца ў другім часавым поясе па Грынвічу, і час у нас роз-ніцца з Лонданам на дзве гадзіны. Пры пераходзе на летні час мы дадаем адну гадзіну і быццам бы трапляем у трэці часавы пояс. Так робіць і ўся Еўропа. Калі ў кастрычніку наша краіна не пяройдзе на зімовы час, дык «назаўсёды» застанецца ў трэцім часавым поясе. З восені да вясны Украіна і краіны Прыбалтыкі будуць прачынацца на адну гадзіну (зараз у нас аднолькавы час), а Польшча – на дзве гадзіны пазней за нас. Розніца з Лондам зімою будзе складаць тры гадзіны.

Спецыялісты Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі адмовіліся каментаваць Intex-press, чаму Беларусь абрала менавіта летні час, а не больш правільны зімовы. Падаецца, што і тут мы проста пляцемся следам за Расіяй.

Гістарычная даведка

Упершыню ў гісторыі перавод часу быў рэалізаваны ў 1916 годзе ў Германіі. Сутыкнуўшыся з эканамічнымі цяжкасцямі падчас Першай сусветнай вайны, Берлін здзейсніў пераход на летні час. Немцы меркавалі, што гэта дазволіць ашчадзіць значную колькасць электраэнергіі, свечак і паліва. Следам за Нямеччынай тое самае зрабілі яе ворагі – Вялікабрытанія, Канада і ЗША. Пасля заканчэння вайны ў 1919 годзе краіны вярнуліся да традыцыйнага адліку часу. У СССР упершыню пераход на летні час адбыўся 1 красавіка 1981 года згодна з пастановай Савета Міністраў СССР. Пасля атрымання незалежнасці ў Беларусі працэс пераводу стрэлак захаваўся.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up