Новости / Общество

Міністр адукацыі станоўча ацэньвае развіццё БарДУ

24.03.2011, 17:56 / remove_red_eye 124 / chat_bubble

«Іншых прыкладаў такога імклівага развіцця ВНУ, як Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, у Беларусі няма», – паведаміў 17 сакавіка падчас працоўнага візіту ў наш горад міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.

Падчас сваёй паездкі ён наведаў шэраг сярэдніх навучальных устаноў горада, новы корпус педфакультэта Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе агледзеў навучальныя аўдыторыі ды зазірнуў у студэнцкую сталоўку. Пазней Сяргей Маскевіч прыняў удзел у сустрэчы з членамі Савета ўстановы адукацыі «БарДУ», дзе распавёў сваё бачанне развіцця нашай ВНУ і сістэмы адукацыі Беларусі ўвогуле.

Як адзначыў Сяргей Маскевіч, заснаванне ў Баранавічах універсітэта стала значным геапалітычным фактарам, які цяпер заўважны нават за межамі Брэсцкай вобласці. Вышэйшая ўстанова за 6 год існавання дасягнула значных поспехаў і набыла свае адмысловыя абрысы ў плане падрыхтоўкі спецыялістаў, а таксама і даследчай дзейнасці. Такога імклівага развіцця ВНУ ў Беларусі няма.

У будучыні, па словах міністра, наш універсітэт павінен стаць цэнтрам, які будзе рыхтаваць спецыялістаў і даследчыкаў менавіта для Баранавіцкага рэгіёна. Для дасягнення гэтага трэба ствараць умовы, каб выпускнікі БарДУ заставаліся ў горадзе і мелі перспектывы для ажыццяўлення свайго творчага патэнцыялу. Калі гэта адбудзецца, развіццё  Баранавіч будзе выбудоўвацца вакол універсітэта.

РЕКЛАМА

Міністр адукацыі распавёў таксама пра плануемыя змены ў сістэме адукацыі. Галоўным прыярытэтам стане якасць падрыхтоўкі навучальнымі ўстановамі маладых спецыялістаў. «Вызначаць якасць ведаў трэба не па адзнаках у дыпломе, а па тым, як падрыхтаваны выпускнік да працы на прадпрыемстве», – адзначыў Сяргей Маскевіч.

Па словах міністра, апошнія даследванні выявілі, што ўзровень ведаў у навучэнцаў-завочнікаў значна ніжэйшы адносна тых, хто навучаецца на стацыянары. А гэта, па яго меркаванні, стварае ўмовы для карупцыі. Таму з наступнага года плануецца ўнесці змены ва ўмовы атрымання завочнай адукацыі, паведаміў Сяргей Маскевіч. На завочныя факультэты будуць прымаць толькі тых абітурыентаў, якія маюць стаж працы па профільнай спецыяльнасці. Найлепшыя шанцы атрымае моладзь з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якая вырашыць працягваць навучацца ў ВНУ і адначасова працаваць на прадпрыемствах.

Да таго ж, па словах міністра, завочную адукацыю абмяжуюць для гуманітарных прафесій, але павялічыцца набор на тэхнічныя спецыяльнасці. «У нас у краіне зашмат юрыстаў і эканамістаў, затое дэфіцыт інжынераў», – патлумачыў Сяргей Маскевіч.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up