Новости / Культура

Мову адняло

25.02.2011, 11:49 / remove_red_eye 177 / chat_bubble

На апошнім перапісе толькі крыху больш за палову беларусаў назвалі  роднай мовай беларускую. Яшчэ ўдвая менш карыстаюцца ёю ў жыцці. Пры захаванні падобных тэндэнцый, мяркуюць эксперты, праз 20 гадоў адной еўрапейскай мовай  у свеце можа стаць  менш.

Як нам не пашанцавала

Гістарычна склалася, што беларусы з так і не сфармаванай да канца нацыянальнай свядомасцю з’явіліся на міжнароднай арэне напрыканцы ХХ ст., калі ўвесь свет накрыла хваля глабалізацыі разам з усім тым, што яна несла з сабою – знікненне геаграфічных, нацыянальных і культурных межаў. Ужо сёння нам зусім неабавязкова вучыць шведскую ці нямецкую мовы, каб вольна дачыняцца з тымі ж шведамі або немцамі. Дзеля гэтага дастаткова ведаць міжнародную англійскую мову. Сапраўды, валодаючы English на сярэднім узроўні, сёння можна аб’ехаць літаральна ўвесь свет. Тады навошта ў пачатку XXI ст. беларусам вучыць і ведаць беларускую мову, калі ўсе навокал добра разумеюць адзін аднаго на рускай?

І ўсё ж ёсць у кожнай паўнавартаснай нацыі нейкае падсвядомае імкненне да самазахавання, да захавання сваёй непадобнасці да астатніх, свайго твару. Гэта разуменне ўласнай самакаштоўнасці, якое прысутнічае ў кожным чалавеку. І калі яго не стае ўсёй нацыі – яго не стае кожнаму з нас.

РЕКЛАМА

Варта прамовіць хаця б некалькі фраз немцу па-нямецку ці шведу па-шведску, каб іхнія твары расплыліся ва ўсмешках, якія і ёсць акурат тым маркёрам, які выдае іх нацыянальны гонар за сваё. Гэта ўсмешка акрэслівае мяжу глабалізацыі для кожнага з іх.

Рызыкну выказаць думку, што захаванне нацыянальнай мовы – базавы прынцып паспяховага існавання і развіцця любой нацыі. Мова – той фундамент, без якога ніколі не выбудаваць ні нацыянальнай эканомікі, ні палітыкі, ні, адпаведна, незалежнасці. Калі казаць паняццямі сучаснасці – спачатку мы губляем мову, пасля пачынаем прадаваць прадпрыемствы і ўводзім агульны рубель, затым страчваем дзяржаўную незалежнасць.

Жытнёва-васільковы ідал

Шмат каму з нас любоў да беларушчыны прышчапілі яшчэ ад маленства. За што дзякуй – і бацькам, і школьным настаўнікам. Але нам так не далі паняцця, што на роднай мове можна размаўляць. Савецкая ды постсавецкая школа стварылі ў нашым уяўленні вобраз «белмовы» як нейкага каштоўнага насельніка запаведніка, свяшчэннага ідала ў жытнёва-васільковым вянку, над якім лётае белы бусел. Гэта была мова пантэонаў вымерлых пісьменнікаў, але не мова вуліц, шопінгаў, сяброўскіх размоў ці пасцельных прыгод. У жывым існаванні гэтай мове нібыта адмаўлялася.

Часам, каб загаварыць на роднай мове, трэба проста нейкі штуршок звонку. Для кожнага ён можа быць розны. Цяпер узгадваю, якім лёгкім калісьці ён быў для мяне…

Як я загаварыў  па-беларуску

Трое першакурснікаў засяліліся ў студэнцкі інтэрнат. Двое – з усё тымі ж настроямі да мовы: любілі, але не размяўлялі. А трэці ўзяў і загаварыў. З ім натуральна пачалі размаўляць і астатнія. І размаўляюць дагэтуль.
Для многіх, хто спрабаваў перайсці на беларускую мову, па першым часе ўзнікае багата псіхалагічных перашкод. Яны з’яўляюцца тады, калі на вас раптам пачынаюць касавурыцца астатнія, як вы, напрыклад, запросіце ў кавярні гарбаты або кавы замест «чаю» ці «кофе». Да гэтага трэба навучыцца ставіцца так, як да таго, што хтосьці можа смяяцца з вашай неардынарнай прычоскі ці надзвычай яркай вопраткі. Калі ім на тое самае не хапае грошай ці смеласці – няхай зайздросцяць вам, калі не стае адукацыі – няхай смяюцца. Паверце, гэты бар’ер знікае вельмі хутка, асабліва, калі з часам вакол вас з’яўляецца ўсё больш сяброў і аднадумцаў.

Iншая сітуацыя, да якой таксама трэба рыхтавацца, – ніякаватыя пытанні накшталт: «А ты чаму так размаўляеш?» ці «Навошта табе гэта трэба?» Прыдумляць у адказ можна што заўгодна. Усведамляючы, што разумны чалавек такога ніколі не спытае, з часам і да такіх пытанняў ставішся вельмі спакойна і адказваеш выключна іранічна. Я падключаў да іроніі логіку і адказваў: «Калі ўжо ёсць такая мова на белым свеце, трэба ж некаму на ёй гаварыць».

Адна мая знаёмая па студэнцкіх гадах, якая сёння ўжо кандыдат навук, калісьці адказвала на падобныя пытанні проста знішчальна: «Ну, такі вось я забаўны звярок!»

Часам вы будзеце сустракацца з людзьмі, якія пачынаюць «філасофстваваць», маўляў, на беларускай мове так прыгожа і багата не выкажашся, як, напрыклад, на рускай. У падобныя спрэчкі можна ўвогуле не ўлазіць, а можна прачытаць апаненту ўрывак з курса «Уво-дзіны ў беларускае мовазнаўства». Каб ён хутка пашкадаваў, што зачапіў вас, можна распавесці яму, як адзін рускі дзеяслоў «открыть» па-беларуску ў залежнасці ад сітуацыі перакладаецца як мінімум дзесяццю рознымі дзеясловамі.

Як варыянт – вы можаце адрэагаваць і больш жорстка, і правакацыйна. Падобны дыялог з уласнага жыцця добра апісаў у адным эсэ вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў. Яго суседка са спальнага раёна сталіцы аднойчы ў чарговы раз грэбліва выказалася наконт беларускай мовы: «Как всё грубо… Цырульня, гарбата… Это от слова «горб»?» На гэта беларускі літаратар не менш крэатыўна запытаўся насустрач: «А ваша парикмахерская – это от слова «хер»?»

Маленькія гераіні

Ужо больш за паўгода ў баранавіцкай СШ №14 цалкам па-беларуску навучаецца ўнікальны клас з трох чалавек. Баранавіцкія сябры ТБМ павіншавалі іх 21 лютага з Міжнародным днём роднай мовы.

Адзіны сёння беларускамоўны клас у Баранавічах – гэта ўсяго тры дзяўчынкі-першакласніцы: Яся Малашчанка, Аліса Філіпчык і Вераніка Міхальчук. Летась іх бацькі пажадалі навучаць сваіх дзетак цалкам па-беларуску.

«У сённяшняй сітуацыі гэтыя тры беларускамоўныя першакласніцы на ўвесь амаль 170-тысячны горад – сапраўдныя героі», – распавёў «IP» старшыня Баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Віктар Сырыца.

21 лютага ён разам з іншымі баранавіцкімі сябрамі ТБМ наведаўся да дзяўчынак, каб павіншаваць іх з Міжнародным днём роднай мовы. Госці загадалі вучням некалькі беларускіх загадак і падаравалі беларускія чытанкі. Баранавіцкая бард Галіна Ярашэвіч узнагародзіла вучаніц вязанымі лялькамі-васілінкамі з сімвалічнымі валошкамі. Салодкім фінальным акордам сустрэчы стаў вялікі торт са святочным надпісам: «З днём роднай мовы!»

«Сёння дзяўчынкі ўжо цалкам асвоіліся, на занятках паспяхова займаюцца ўтрох, а на перапынках бавяцца разам з астатнімі вучнямі, – распавяла «IP» настаўніца і маці адной з гэтых дзяўчынак Ірына Міхальчук. – А па першым часе нават мне было крыху нязвыкла займацца ў такім маленькім і цалкам беларускамоўным класе. Вучуся разам з імі…»

РЕКЛАМА

Людзі чакаюць роднага слова ад прэзідэнта

«Intex-press» спытала ў 50 нашых гараджан: «Што трэба для таго, каб вы пачалі размаўляць па-беларуску?» і высветліла, у чым жаданне народа разыходзіцца з прапановаю прэзідэнта.

Што трэба для таго, каб у паўсядзённым жыцці вы пачалі размаўляць на беларускай мове?

Вынікі апытання прадэманстравалі даволі песімістычную, але далёка не безнадзейную карціну сучаснага стану беларускай мовы. Толькі 5% апытаных гараджан прызналіся, што карыстаюцца беларускай мовай у штодзённым жыцці. Яшчэ 16% катэгарычна выказаліся, што яны ніколі не будуць размаўляць па-беларуску.

Фактычна больш за 70% апытаных гараджан  пры тых ці іншых умовах патэнцыйна гатовы перайсці на беларускую мову, калі на ёй загавораць прэзідэнт, чыноўніцкі апарат і большасць насельніцтва краіны.

Аднак прэзідэнт падчас пераднавагодняга выступу на сустрэчы з журналістамі беларускіх СМІ дакладна даў зразумець, што разлічваць на яго палітычную волю ў моўным пытанні беларусам не варта: «Жадаеце размаўляць на беларускай мове – размаўляйце, вам ніхто не перашкаджае». А сваёй волі ў нас, як паказвае практыка, пакуль малавата.

Каментар спецыяліста

Старшыня Баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Віктар Сырыца:

– 15 сакавіка 1994 года першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі абвясціла беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай краіны. У гэты час беларускамоўных выданняў, у тым ліку падручнікаў, слоўнікаў і энцыклапедый было надрукавана больш, чым за папярэднія 400 гадоў. У Баранавічах у 1993/1994 гадах у беларускамоўных школах пачалі навучацца каля 80% дзяцей. Рух да беларускасці адчуваўся як «знізу», так і «зверху». Нават сціплая падтрымка беларускай мовы чыноўнікамі паслужыла добрым прыкладам для астатняй часткі грамадства, каб смела карыстацца беларускай мовай.

Але палітычны курс вельмі хутка змяніўся, а з ім імкліва пачало змяняцца і становішча беларускай мовы. Замест беларускамоўных школ засталіся адзінкавыя класы, якія хутка таксама зніклі. У 2006 годзе на Баранавіцкім радыё была закрыта ўнікальная беларускамоўная перадача «Люблю наш край», якая распавядала слухачам пра мову, гісторыю і культуру Беларусі. У Баранавічах друкавалася беларускамоўная газета «Баранавіцкае слова», але і яна была забаронена.

Апошнім часам сябрам ТБМ не даюць памяшкання, каб праводзіць сустрэчы з беларускімі гісторыкамі і пісьменнікамі. Сёння такія мерапрыемствы мы можам ладзіць толькі ў прыватных кватэрах. Сёння Беларусь можна назваць адзінай краінай у свеце, дзе паслядоўна вынішчаецца родная мова тытульнай нацыі.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up