Автор: Алесь ГІЗУН Віктар СЫРЫЦА

16:14, 17 февраля 2011

Культура

remove_red_eye 127

У вянок памяці Яну Збажыне

Смерць напаткала баранавіцкага паэта Яна Збажыну 10 лютага на бальнічным ложку ў Брэсцкай абласной  бальніцы, дзе той марна змагаўся з цяжкай хваробай апошні месяц жыцця.

«Малады нябожчык толькі ўпрыгожвае смерць»… Гэтыя словы Яна Збажыны сёння цалкам пасуюць для эпітафіі на яго помніку. Гісторык па адукацыі, паэт і філосаф па светапоглядзе і ладзе жыцця Ян Збажына памёр, паўтара  месяца не дажыўшы да 47 гадоў.

Ян Збажына. Яшчэ малады і здаровы...

Ян Збажына. Яшчэ малады і здаровы…

РЕКЛАМА

За сваё жыццё Ян Збажына сабраў адну з найбагацейшых у Баранавічах хатніх гуманітарных бібліятэк, але паспеў выдаць толькі адну ўласную кнігу паэзіі і прозы «Пыл саркафагаў», якую станоўча ацанілі крытыкі.

«У вершах Збажыны ёсць такія дасягненні, якія сапраўды сталі набыткам беларускай паэзіі. Гэта яго эксперыменты з вершаванай формай… Збажына пісаў і ўжо добра засвоеныя нашай паэзіяй санеты, трыялеты, танка, хоку, але і досыць экзатычныя візуальныя вершы – гэта калі вершаваныя радкі ўтвараюць нейкую графічную выяву, або раўналежныя вершы – калі паэтычная думка раскладаецца на два вектары, з дапамогай розных ракурсаў і сэнсавых алюзій утвараючы своеасаблівы аб’ёмны паэтычны эфект», – так пісаў пра Збажыну вядомы беларускі паэт і літаратуразнаўца Алесь Аркуш.

А так пісаў пра сябе паэт Ян Збажына:

Хлусілі мне,

што Я –

Толькі гліна.

Але не!

На далоні Крышны

Я – пяро паўліна.

Апошнім часам Збажына часцей ствараў прозу і нават на бальнічным ложку не па-кідаў надзеі выдаць сваю другую кнігу. Але ажыццявіць мару з часам рабілася ўсё больш складана: яго ўсё глыбей даймала даўняя хвароба страўніка, і ён усё часцей паддаваўся такому ладу жыцця, што звычайна знаходзіць асуджэнне ў большай частцы грамадства. Апошнія гады паэт не меў сталай працы, злоўжываў алкаголем і найчасцей заставаўся сам-насам. Але гэта не замінала яму да апошніх дзён дапамагаць пісаць баранавіцкім студэнтам працы па філасофіі і гісторыі.

Адны працягвалі любіць Збажыну, як вялікае і разумнае дзіця, якое часам стамляла. Іншыя – адводзілі вочы ўбок, імкнучыся не заўважаць. А некаторыя калегі па пяры цішком усё ж зайздросцілі яго яскраваму паэтычнаму генію. Калі памірае паэт, астатнім павінна быць крыху сорамна – бо недалюбілі, недагледзелі, недаацанілі.

Паэт Ян Збажына памёр, каб больш не стамляць нікога: ні Бога, ні людзей, ні самога сябе. Нам засталіся яго словы.

Даведка “Intex-press”:

Ян Збажына (сапраўднае імя — Іван Савіцкі) нарадзіўся ў Баранавічах 31 сакавіка 1964 года. Скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Гісторык, выкладчык сацыяльна-палітычных дысцыплінаў. Выкладаў у баранавіцкіх школах і ВНУ. Адзін з актыўных удзельнікаў беларускага руху 1990-х. Удзельнічаў у заснаванні баранавіцкай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябра АГП.

Яго творы ў розны час друкаваліся ў найбуйнейшых беларускіх літаратурных выданнях – «Полымя», «Маладосць», «Дзеяслоў», «ЛіМ»,«Бярозка» і інш. , а вершы ўваходзілі ў шматлікія зборнікі. Сваю адзіную кнігу паэзіі і прозы Пыл саркафагаў выдаў у 2004 годзе.

РЕКЛАМА

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up