Новости / Политика

Прайшлі вобыскі ў баранавіцкіх актывістаў

28.01.2011, 12:03 / remove_red_eye 101 / chat_bubble

Вобыскі ў кватэрах Вячаслава Болбата і Таццяны Малашчанкі – былых кіраўнікоў баранавіцкіх ініцыятыўных груп экс-кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага – прайшлі 21 студзеня.

Абодва вобыскі, якія праводзіліся супрацоў-нікамі КДБ, адбываліся ў першай палове дня і доўжыліся па некалькі гадзін. 

«Да мяне прыйшлі шэсць чалавек і двое панятых у вайсковай форме, – распавёў “IP” Вячаслаў Болбат. – Мне паказалі ордэр на вобыск, падпісаны  пракурорам Брэсцкай вобласці. Згодна з ордэрам  вобыск праводзіўся ў межах расследавання крымінальнай справы пра масавыя беспарадкі ў Мінску 19 снежня 2010 года”.

Па словах Вячаслава Болбата, прадстаўнікі сілавых структур паводзілі сябе карэктна, пакоі па просьбе гаспадара абшуквалі па чарзе і толькі ў яго прысутнасці, а ўсе перагледжаныя дакументы складалі на месца. Падчас вобыску ў Вячаслава Болбата былі канфіскаваны сістэмны блок камп’ютара, некалькі CD-дыскаў і агітацыйныя матэрыялы ў падтрымку Уладзіміра Някляева.

РЕКЛАМА

Вобыск у сям’і баранавіцкіх прадпрымальнікаў Алега і Таццяны Малашчанкаў адбываўся па падобнай схеме. У сям’і канфіскавалі старыя папкі з паперамі, дыскі з беларускімі фільмамі, а таксама 25 фотаздымкаў з сямейнага архіва.

“Не ведаю, што з намі будзе далей. Нічога пэўнага нам не сказалі, хаця пацікавіліся, ці будзем мы адмаўляцца ад далейшых сустрэч з супрацоўнікамі КДБ”, – паведаміла “IP” Таццяна Малашчанка.

Нагадаем, Таццяна і Алег Малашчанкі – вядомая беларускамоўная сям’я ў Баранавічах. Менавіта дзякуючы іх намаганням, сёлета ў нашым горадзе ўпершыню за доўгі час з’явіўся адзіны ў горадзе беларускамоўны школьны клас. Сям’я выхоўвае трох дачок. Найменшай дачцэ ў дзень вобыску споўнілася ўсяго 9 дзён.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up