Автор: Аляксей БЕЛЫ

15:21, 6 января 2011

Экономика

remove_red_eye 89

Будаўніцтва інфраструктуры не паспявае за будаўніцтвам жылля

Праблемы з забеспячэннем жыллём у Брэсцкай вобласці адчувальныя ў Брэсце, Пінску, Баранавічах.

Аб гэтым заявіў падчас прэс-канферэнцыі 28 снежня ў Брэсцкім абласным выканаўчым камітэце старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар.

Па яго словах, у Брэсце, каб падышла чарга на будаўніцтва кватэры, трэба чакаць гадоў дзевяць. У планах выканкама – скараціць  чаргу да 3-5 год. У сельскай мясцовасці чэргаў на жыллё амаль няма,   часам узнікаюць праблемы з фарміраваннем кааператываў.

На пытанне баранавіцкіх журналістаў, чаму ў мікрараёне Бараўкі, дзе дзесяць тысяч жыхароў, дагэтуль няма дзіцячага садка, старшыня аблвыканкама адказаў, што праблема па сацыяльных аб’ектах насамрэч існуе – жыллё  будуецца, а інфраструктура адстае. Тым не менш К. Сумар адзначыў, што праблема будзе вырашана – у Бараўках пабудуюць і дзіцячы садок, і школу. На пытанне, калі адбудзецца рэканструкцыя гарадскога Дома культуры, старшыня аблвыканкама адказаў, што Баранавічы – горад прыгожы, а на ДК сорамна глядзець. Ужо выдзелены адзін мільярд рублёў на праектныя работы па рэканструкцыі Дома культуры, а да 2013 года рэканструкцыю плануецца завяршыць.

РЕКЛАМА

На пытанне чытачоў нашай газеты, якіх турбуе дрэннае асвятленне дваровых тэрыторый шматпавярховых дамоў, што вядзе да пагаршэння крымінагеннай абстаноўкі, павелічэння аварыйнасці і траўматызму, Канстанцін Сумар адказаў, што раней дактрына была такой – дваровыя тэрыторыі павінны асвятляцца за кошт святла, што падае з вокнаў і ідзе ад лямпачак каля пад’ездаў, але цяпер канцэпцыя мяняецца і двары асвятляць трэба лепш. Ужо ў будучым годзе плануецца зрабіць добрае асвятленне ў дзесяці дварах у Баранавічах.

Старшыня аблвыканкама павіншаваў усіх з Новым годам і адзначыў, што ў 2010 годзе ў сродках масавай інфармацыі, якія ёсць ў вобласці, стала больш канструктывізму, як у  дзяржаўных, так і недзяржаўных. “Мы робім усё магчымае, каб на брэсцкай зямлі жылося лепш, і вы нам у гэтым дапамагаеце,” – сказаў журналістам кіраўнік вобласці і пажадаў, каб   мары жыхароў вобласці здзейсніліся, каб кожнага акружалі добрыя людзі і ўсё атрымлівалася.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up