Автор: Людміла СЦЯЦКО

14:39, 16 декабря 2010

Политика

remove_red_eye 117

Р.Кастусёў: “Я мару, каб сімвалам Беларусі стаў гімн “Магутны божа”

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Рыгор Кастусёў у інтэрв’ю «IP» распавёў пра тое, навошта Беларусі талер і мяжа з Расіяй, адкуль бяруцца грошы ў прэзідэнцкім фондзе, чаму ён супраць АЭС і саюзнай дзяржавы і якая яго галоўная мара.

Пра мяжу і візы з Расіяй

Я за тое, каб мяжа была сапраўднай мяжой. Пакуль мы не прымем меры, каб праз мяжу з Расіяй да нас не ішлі наркотыкі, спірт, нелегальныя мігранты і іншыя негатыўныя з’явы, да той пары ў Беларусі не будзе толку і Еўропа не будзе нас разглядаць як краіну, перспектыўную для ўступлення ў Еўразвяз, у шэнгенскую зону, у еўразону. Без закрыцця ўсходняй мяжы немагчыма адкрыць заходнюю. Мы за тое, каб у нас былі добразычлівыя і ўзаемавыгадныя адносіны з усімі суседнімі краінамі, і я не думаю, што візы неяк негатыўна паўплываюць на нашы адносіны з Расіяй, а вось зніжэнню злачынстваў паспрыяюць.

Пра саюзную дзяржаву…  

РЕКЛАМА

Саюз існуе ўжо 10 год, але да гэтай пары ў саюзнай дамове не падпісаны дакументы па кантролі за саюзнымі фінансамі. Атрымліваецца, што Беларусь пералічвае ў бюджэт саюзнай дзяржавы дзясяткі мільёнаў долараў, а на гэтыя сродкі расійскія чыноўнікі, працуючыя ў апараце саюзнай дзяржавы, будуюць сабе катэджы і палацы на Рублёўцы.

…і мытны саюз

Калі ўлады загаварылі пра мытны саюз, то саюзная дзяржава павінна была аўтаматычна паглынацца мытным саюзам. Але я супраць і яго, таму што па заключэннях экспертаў мытны саюз прынёс Беларусі вялікія страты. Тады ўзнікае пытанне: навошта заключаць такія дамовы, якія нясуць нам шкоду?

Пра АЭС

У нашых людзей яшчэ не знік чарнобыльскі сіндром. Яны не гатовы да таго, каб на Беларусі пабудавалі АЭС. Акрамя таго, будаўніцтва атамнай станцыі па тым жа праекце  альбо блізкім да таго, які ўзарваўся, гэта злачынства. Няма гарантыі надзейнасці гэтага праекта. Таму я супраць будаўніцтва АЭС. Я лічу, што тыя сродкі, якія будуць выдаткаваны на будаўніцтва АЭС, лепш накіраваць на іншыя мэты, напрыклад на тэхналогіі па энергазахаванні. У Беларусі, нават у цяперашняй улады, ёсць шмат ідэй па энергазахаванні, але яны не выконваюцца, не працуюць. А трэба, каб працавалі. І калі мы ўсур’ёз зоймемся гэтым пытаннем, упэўнены, высветліцца, што ў нас наяўных крыніц энергіі нават зашмат.

Пра смяротнае пакаранне

Я супраць смяротнага пакарання па двух прычынах. Па-першае таму, што ніхто не мае права адбіраць жыццё чалавека, нават калі гэты чалавек – злачынца, гэта парушэнне маральна-хрысціянскіх прынцыпаў. Па-другое, таму што ў гісторыі Беларусі ёсць шмат выпадкаў, калі каралі, расстрэльвалі ні ў чым нявінных людзей. Нават суддзі могуць памыляцца, бо тут ёсць чалавечы фактар, які трэба ўлічваць.
Каб беларусы прыйшлі да таго, што смяротнае пакаранне варта адмяніць, трэба шмат часу і працы. Трэба выхоўваць народ. Але ўжо зараз кожны чалавек можа паставіць сябе на месцы бацькоў, сына якіх расстралялі ні за што і якія не могуць нават на магілу прыйсці, таму што не ведаюць, дзе іх дзіця пахавалі.

Пра мову

У пачатку 90-х гадоў Вярхоўным Саветам быў прыняты закон аб мовах. Згодна з гэтым законам усе дакументы і дзяржаўныя працэдуры павінны былі весціся на беларускай мове. Я за тое, каб вярнуцца ў прававое поле гэтага закона. І працэс вяртання да мовы, на маю думку, трэба пачаць з таго, каб усе дысцыпліны ў ВНУ выкладаліся на беларускай мове. І тут не трэба “ламаць цераз калена”. Трэба выкладчыкам, якія будуць выкладаць свае дысцыпліны на роднай мове, даць надбаўку 10-20%. Гэта будзе найлепшым стымулам. І калі мы наладзім выкладанне ў ВНУ на мове, да яе з’явіцца цікаўнасць і ў вучняў у школах, і ў іх бацькоў. Зараз нават у тых дзяцей, якія вучацца ў беларускамоўных школах, няма перспектывы, бо ўсе ВНУ, тэх-нікумы, вучылішчы, каледжы – рускамоўныя. Адсюль і грэблівыя адносіны да роднай мовы.

Разам з тым я не кажу, што ў нас не застанецца магчымасці для вывучэння рускай мовы. Гэта магчымасць будзе захавана. Больш таго, БНФ плануе стварыць умовы для вывучэння моваў нацыянальных меншасцей.

Пра беларускі талер

Назваць нацыянальную беларускую валюту талерам – даўняя прапанова БНФ. Яшчэ ў пачатку 90-х гадоў некалькі сотняў мільёнаў талераў было надрукавана. І яны да гэтага часу ляжаць у запасніках. Я схіляюся да таго, што не трэба выдумляць нешта новае, пачатак ужо ёсць. Існуе яшчэ адна прычына, па якой талер неабходны: мы павінны адарвацца ў маральным плане ад Расіі, ад рубля. Рубель – гэта не наша валюта. Я нічога не маю супраць Расіі, але пакуль мы не назавём валюту сваёй назвай, людзі маральна не даспеюць да поўнай самастойнасці, да поўнага ўсведамлення таго, што мы нацыя, што мы беларусы, што мы – народ.
Зразумела, мы не можам сёння прыйсці да ўлады, а заўтра ўжо ўвесці талер. Толькі пад’ём эканомікі нам дазволіць увесці цвёрдую нацыянальную валюту. Без яе нас не возьмуць ў еўразону, бо краіна са слабой эканомікай Еўразвязу не патрэбна.

Пра прэзідэнцкія фонды

Немагчыма ўявіць, што прэзідэнцкія фонды могуць складацца з яго ўласных заробкаў. Толькі на тое, каб правесці Усебеларускі сход, трэба некалькі дзясяткаў гадавых заробкаў Лукашэнкі. Нават пры цяперашнім яго заробку. У тых прэзідэнцкіх фондах не толькі нашы падаткі, там яшчэ і тыя грошы, якія паступілі ад перапродажу нафтапрадуктаў, так званыя нафтадолары. Там яшчэ, на маю думку, і шматлікія крэдыты, якія Беларусь атрымала як з Усходу, так і з Захаду. Да канца адказаць на пытанне, адкуль бяруцца грошы ў  гэтых фондах, вельмі складана, таму што амаль ніхто не мае доступу да іх. Прыйдзе час, і мы даведаемся праўду.

Пра размеркаванне студэнтаў

Я выступаю супраць авабязковага размеркавання. Дапамогу дзяржавы ў размеркаванні павінны атрымліваць толькі тыя людзі, якія пасля заканчэння ВНУ не маюць магчымасці самастойна ўладкавацца на працу. Але і яны не павінны ехаць па размеркаванні цераз сілу, яны павінны захацець туды паехаць. А для гэтага трэба стварыць добрыя ўмовы: даць годныя заробкі, забяспечыць жыллём, каб чалавек, адрабіўшы 2-3 гады, не хацеў збегчы з гэтай працы.

Пра мару

РЕКЛАМА

У мяне ёсць мара – сімвалам Беларусі, акрамя «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга, зрабіць яшчэ гімн «Магутны божа». Каб Беларусь кожную раніцу ўставала з гэтым гімнам і кожны вечар з ім жа клалася спаць. Каб гэты гімн гучаў, як малітва.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up