Новости / Культура

Старая Ішкальдская метрыка вернецца ў касцёл

9.12.2010, 17:21 / remove_red_eye 113 / chat_bubble

Сталічны студэнт Андрэй Радкоў выкупіў 4 снежня ў баранавіцкага прадаўца старую рэгістрацыйную кнігу Ішкальдскага касцёла і збіраецца абавязкова перадаць яе ў касцёл.

Нагадаем, тыдзень таму першакурснік гістфака БДУ Андрэй Радкоў распачаў збор сродкаў, каб выкупіць гэты старажытны дакумент, не даўшы яму назаўжды знікнуць за мяжою. Сабраць неабходную суму (3 млн BYR) студэнту дапамаглі каля 30 чалавек з розных куткоў краіны.

“Я хачу падзякаваць усім ім, а таксама журналістам, без дапамогі якіх у мяне нічога не атрымалася б”, – сказаў Intex-press Андрэй Радкоў.

Па яго словах, метрыка аднаго з найстарэйшых касцёлаў нашай краіны – гэта важны і каштоўны дакумент, які абавязкова павінен застацца у Беларусі, а не апынуцца ў прыватнай замежнай калекцыі. “Бо тут, у Беларусі, жывуць нашчадкі тых, чые імёны пазначаны ў гэтай кнізе. Яна звязана  з нашай гісторыяй, таму нікому не можа быць больш неабходнай, як нам”, – патлумачыў Андрэй Радкоў.

РЕКЛАМА

У кнізе, першыя занатоўкі якой датуюцца яшчэ 1759 годам, змешчана каля дзвюх тысяч рэгістрацыйных запісаў хросту маленькіх беларусаў. Фігуруюць вядомыя беларускія прозвішчы: Адамовічы, Верашчакі, Станкевічы, Дразды… Да гэтага часу дадзеныя кнігі ніколі нідзе не агучваліся і не публікаваліся.
Па словах Андрэя Радкова, метрыка абавязкова зойме пачэснае месца ў Ішкальдскім касцёле, але спачатку пройдзе экспертызу пры Міністэрстве культуры.

Будуць вывучаны асаб-лівасці дакумента, яго адметнасць і рэальная каштоўнасць. Пасля гэтага кніга, магчыма, трапіць у спіс нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці, што надасць ёй ахоўны статус.

Перад тым, як дакумент перададуць касцёлу, яго адскануюць для Нацыянальнага архіва.
“Я пераканаўся, што неабыякавых да сваёй спадчыны людзей у нас не так і мала, – распавёў Андрэй Радкоў. – Таму спадзяюся, у перспектыве я здолею стварыць дабрачынны рахунак, каб і далей беларусы мелі магчымасць талакой збіраць сродкі і выкупляць нашу спадчыну, не дазваляючы ёй назаўжды губляцца за межамі Беларусі”.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up