Автор: Алесь Гізун

16:37, 9 декабря 2010

Общество

remove_red_eye 150

Што рыхтуе нам гэта зіма?

Наконт характару сёлетняй зімы сёння можна пачуць  абсалютна палярныя меркаванні. Адны кажуць, што гэта зіма будзе самая лютая за апошняе тысячагоддзе, другія – што пасля Новага года мы можам нават не  ўбачыць снегу. А што кажуць галоўныя сіноптыкі краіны?

Распавесці пра тое, якой сёлета будзе зіма, карэспандэнт Intex-press папрасіў начальніка службы гідраметэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрыя Рабава.

– Дзмітрый Анатольевіч, што кажа    афіцыйны прагноз: якой будзе зіма 2010/2011?

– Згодна з нашым прагнозам, складзеным на базе сумеснага прагнозу Гідраметэаралагічнага навукова-даследчага цэнтра Расіі, Галоўнай геафізічнай абсерваторыяй, а таксама Арктычнага і Антарктычнага навукова-даследчага інстытута, сёлетні зімні сезон у Беларусі з верагоднасцю каля 60 – 65% па тэмпературных паказчыках чакаецца блізкім да кліматычнай нормы.

РЕКЛАМА

Мы прагназуем, што ў снежні сярэднемесяцовая тэмпература чакаецца на 1 – 1,5 градусы ніжэй за норму (норма: –2 –5°С), у студзені – на 1 градус вышэй за норму (норма: –5 –8°С). Чакаецца, што люты гэтай зімой, як і снежань, будзе крыху халаднейшы за сваю норму – на 0,5 градуса (норма: –4 –8°С).

Колькасць ападкаў за зіму прагназуецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў – 110-120 мм.

Але трэба сказаць, што характар надвор’я будзе зменлівы ў залежнасці ад развіцця працэсаў у атмасферы. Перыяды са слабымі і сярэднімі маразамі будуць чаргавацца з ад-лігамі, якіх за гэту зіму можа быць да 20. На Поўначы і Усходзе краіны ў асобныя дні і ночы трэба чакаць і маразоў за 30°С. Вядома, усе магчымыя падчас зімы анамаліі тэмпературы і ападкаў мы будзем удакладняць месяцовымі, дэкаднымі і кароткатэрміновымі прагнозамі.


– Наколькі дасягненні сучаснай навукі дазваляюць рабіць доўгатэрміновыя прагнозы і ці апраўдваюць яны сябе?

– Ведаць надвор’е на працяглы тэрмін – даўняя мара чалавецтва. Але нягледзячы на ўсе дасягненні навукі, гэта задача застаецца нявырашанаю і ў пачатку III-га тысячагоддзя. Дасягнутая сёння якасць кароткатэрміновых прагнозаў – гэта мяжа сучасных навуковых ведаў. А вось зрабіць дакладны прагноз на месяц, на сезон – дагэтуль застаецца навуковай праблемай. Прагноз – гэта варажба, не нейкая формула. Гэта прагноз. Ён прадугледжвае ў сабе нейкую няпэўнасць.

І гэта няпэўнасць відаць з працэнту спраўджванняў прагнозаў. Напрыклад, прагнозы надвор’я на суткі сёння спраўджваюцца на 92 – 95%, на месяц – толькі на 65 – 75%. Ападкі ва ўсім свеце прадказваюцца горш, чым тэмпература. Чым большы тэрмін прагнозаў, тым меншая верагоднасць іх спраўджвання.

Дарэчы, абсалютна дакладных прагнозаў быць не можа, паколькі нават у раўнаннях гідрадынамікі, газавай дынамікі існуе няпэўнасць. Якасць прагнозаў з часам лепшае. Яшчэ 30 гадоў таму ніхто не мог прагназаваць надвор’е на 5 – 6 дзён. Сёння нашы дасягненні дазваляюць гэта рабіць, такія прагнозы спраўджваюцца на 80 – 85%. Але 100%-га эфекту не будзе дасягнута ніколі. На 100% можна прадказаць узыход ці захад сонца, напрыклад, праз 10 тысяч гадоў. Але гэта астранамічная з’ява. У метэаралогіі ўсё зусім не так.

– Доўгатэрміновыя прагнозы для заходнееўрапейскіх краін таксама застаюцца невырашальнай праблемай?

– Прагнозы анамалій тэмпературы і ападкаў на доўгі тэрмін (напрыклад, на сезон) складаюцца толькі ў буйных прагнастычных цэнтрах свету, забяспечаных мадэрнай супер-камп’ютарный тэхнікай і моцным навуковым патэнцыялам. Але нават іх поспехі пакідаюць жадаць лепшага. Так, пасля серыі няўдалых прагнозаў спецыялісты Нацыянальнай метэаралагічнай службы Вялікабрытаніі прызналі, што пакуль не бачаць мэтазгоднасці агучвання для шырокай публікі прагнозаў надвор’я больш як на месяц.

Гэтаму папярэднічала тое, што адпаведным спецыялістам давялося вытрымаць сур’ёзную крытыку ў свой адрас, паколькі яны не здолелі дакладна прадказаць тры разы запар халоднае і дажджыстае лета ў Еўропе, а таксама самую суровую і снежную за апошнія 30 гадоў леташнюю зіму.

– Як беларускія сіноптыкі працуюць над сваімі памылкамі?

– Калі наш прагноз не спраўджваецца – адбываецца крытычны разбор. Пад кожным рашэннем падпісваецца канкрэтны спецыяліст, таму зрабіць гэта нескладана. На «суд»  збіраюцца галоўныя сіноптыкі Гідраметэацэнтра і разам высвятляюць прычыну памылковага прагнозу. Гэта робіцца, каб у будучым мінімізаваць падобныя памылкі. Думаю, у найбліжэйшы час нам дапамогуць і нашы новыя спадарожнікавыя комплексы, якія будуць прымаць сігналы большае колькасці спадарожнікаў, і новы міні-суперкамп’ютар. Гэта тэхніка дазволіць нам самастойна атрымліваць прагнастычную інфармацыю, а не чакаць разлікаў з Масквы, якія часам спазняюцца. Таму будзем імкнуцца даваць максімальна дакладныя прагнозы.

– Як змяніўся характар беларускіх зім за апошнія гады?

– У Беларусі напрыканцы ХХ – у пачатку ХХІ стст. зарэгістраваны самы працяглы перыяд пацяплення за ўвесь час інструментальных назіранняў за тэмпературай паветра. А гэта ўжо амаль 130 гадоў. За апошнія 20 гадоў толькі адна зіма 1995/1996 гадоў была надзвычай халоднаю.

Асаблівасць гэтага пацяплення не толькі ў яго незвычайнай працягласці, але і ў больш высокай тэмпературы паветра, якая за гэтыя гады перавысіла кліматычную норму ў сярэднім на 1,10С.

У Беларусі пацяплеў практычна кожны месяц, апроч лістападу. За перыяд пацяплення ў Беларусі колькасць дзён з сярэднесуткавай тэмпературай вышэй за 00С павялічылася на 11 – 18, з тэмпературай вышэй за 50С – на 9-12, вышэй за 100С – на 5-10 дзён.

– А якую зіму любіце і чакаеце вы?

РЕКЛАМА

– Калі па шчырасці, я ўвогуле не люблю зіму. Я – цяплолюбівы чалавек і значна лепш пераношу спёку, чым халады. Таму чакаю, каб зіма была снежнай, але не надта марознай.

Якіх цудаў ад надвор’я чакаць на Новы год?

Напярэдадні Новага года ў Беларусь прыйдзе порцыя паветра з Атлантыкі. Гэта дазваляе сіноптыкам прагназаваць даволі камфортнае па зімовых мерках навагодняе надвор’е – з лагоднымі маразамі, невялічкім снегам і слабым ветрам. Уночы чакаецца ад 0 да –5, удзень – каля 0 градусаў. Аднак трэба памятаць, што гэта папярэдні прагноз. На сёння верагоднасць таго, што ён спраўдзіцца, складае 70%.

Народны прагноз: «Сцюдзёнай зімы сёлета не будзе»

За народным прагнозам на зіму Intex-press  традыцыйна звярнулася да даўняга сябра газеты, сваяка народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа,  93-гадовага Паўла Адамавіча Мілюка, які ўжо больш за паўвека назірае за надвор’ем.

Па словах Паўла Адамавіча, за ўсе гады назіранняў за надвор’ем яго прагноз на зіму не спраўдзіўся толькі аднойчы. “Таму я перакананы, што найлепш і найдакладней вызначыць характар будучай зімы можна па вятрах, – запэўнівае Павел Мілюк. – Так арыентаваліся яшчэ мае дзяды”.

Паводле тэорыі Паўла Адамавіча, прагноз на першую палову зімы складаецца на Пакровы, 14 кастрычніка. Менавіта ў гэты дзень трэба было ў літаральным сэнсе назіраць, адкуль дзьме вецер.

Калі вецер дзьмуў з Захаду – першая палова зімы прадказвалася не вельмі суроваю, маразы тады часцяком чаргаваліся з адлігамі, а снегапады – з дажджамі. Пра такую зіму казалі – “мокрая”, “гнілая”.
Калі вецер на Пакровы дзьмуў з Поўдня, зіма чакалася даволі камфортная – сухая і з лагоднымі, памяркоўнымі маразамі.

Калі вятры на Пакровы завітвалі ў Беларусь з Поўначы, зіма чакалася таксама “паўночная” – халодная і марозная.

Але самая сцюдзёная зіма прыходзіла да нас з Усходу. Калі вятры на Пакровы даляталі ў Беларусь з расійскага боку, пачынала гаспадарыць сухая, марозная, самая лютая зіма.

Сёлета на Пакровы вецер дзьмуў у Беларусь з Паўднёвага Захаду, таму, па прагнозах Паўла Адамавіча, да 13 студзеня чакаць надта дужых і працяглых маразоў не варта: “Цяжка нават меркаваць, ці не растане яшчэ гэты снег, што сёлета так шчодра сыпануў напрыканцы лістапада”.

Характар другой паловы зімы акрэсліваецца такім самым чынам, як і характар першай. Толькі робіцца гэта на Шчадрэц, 13 студзеня, калі святкуецца Новы год па старым стылі.
Спраўдзіць такі прагноз можа кожны ахвотны.

Читать также

Поможем Александру жить!

11 минут назад remove_red_eye 25
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up