Новости / Политика

Будзе свабода – будуць выбары

2.12.2010, 14:28 / remove_red_eye 121 / chat_bubble

Два вялікія этапы выбарчай кампаніі – этап фарміравання выбарчых камісій і этап рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі – скончыліся. І хаця эксперты адзначаюць, што яны, у адрозненне  ад мінулых выбараў, праходзілі больш ліберальна, далейшы ход кампаніі ў незалежных назіральнікаў выклікае заклапочанасць.

Да якіх высноў прыйшлі эксперты, назіраючы за ходам выбарчай кампаніі, якія прагнозы робяць яны наконт яе вынікаў ці бачаць небяспеку фальсіфікацыі выбараў, – пра гэта і іншае ў інтэрв’ю карэспандэнту Intex-press распавёў віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, адзін з заснавальнікаў грамадзянскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алесь Бяляцкі.

– Алесь, скажыце, калі ласка, колькі слоў пра вашу кампанію, якія мэты вы ставілі перад сабой падчас яе стварэння, чым зараз займаюцца вашы актывісты?

– Асноўная мэта нашай кампаніі – правесці маніторынг гэтых выбараў, паглядзець, наколькі яны адпавядаюць і ўнутранаму беларускаму заканадаўству, і міжнародным стандартам правядзення выбараў.
Мы распачалі кампанію фактычна з першага дня абвяшчэння выбараў і на сённяшні дзень каля ста чалавек займаюцца вось такім доўгатэрміновым назіраннем. У нас ёсць аналітычны аддзел у Мінску, які аналізуе тую інфармацыю, якую збіраюць для нас назіральнікі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. І ёсць інфармацыйны аддзел, які займаецца распаўсюдам гэтай інфармацыі. Мы рыхтуем штотыднёвыя справаздачы, іх можна паглядзець на трох мовах на сайце www. spring96.org, а таксама паэтапныя справаздачы пасля кожнага этапа.

РЕКЛАМА

– Ужо скончыліся два буйныя этапы выбарчай кампаніі – этап фарміравання камісій і этап рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Да якіх высноў вы прыйшлі, назіраючы за гэтымі этапамі, ці сапраўды яны праходзілі так дэмакратычна, як гэта падаецца?

– Калі параўнаць з мінулымі гадамі, можна сказаць, што адбыліся пэўныя змены да лепшага. Але, на жаль, не такія, якія б маглі нейкім сур’ёзным чынам паўплываць, як нам падаецца, на вынікі выбараў.

Калі казаць пра фарміраванне тэрытарыяльных і ўчастковых камісій, то тут самае слабое месца – вельмі нізкі працэнт прадстаўнікоў дэмакратычных сіл у гэтых камісіях, усяго 0,25%.

Гэта лічба не вытрымлівае ніякай крытыкі, бо, калі ўзяць любую іншую краіну СНД, апроч напэўна Узбекістана і Туркменіі, дзе выбары вельмі намінальныя, ва ўсіх іншых гэты працэнт у разы большы. Узяць хаця б нашых суседзяў – Украіну, Літву, Расію. Там у асноўным  партыі фарміруюць выбарчыя камісіі. У нас жа, мы гэта дакладна адсачылі, камісіі фармаваліся з дапамогай адміністратыўнага рэсурсу. Большасць з членаў камісій з’яўляюцца людзьмі залежнымі ад выканаўчых мясцовых уладаў, гэта прадстаўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў ці непасрэдна прадстаўнікі саміх адміністрацый. У нас гэта выклікае вялікую заклапочанасць, бо ў нашай сітуацыі фактычна падлік галасоў і магчымая фальсіфікацыя робяцца на ўзроўні мясцовых камісій. Ад таго, хто будзе лічыць галасы, фактычна будуць залежаць вынікі гэтых выбараў.

Другі момант – правядзенне збору подпісаў. Гэты этап прайшоў сапраўды больш дэмакратычна ў параўнанні, напрыклад, з мінулымі выбарамі, калі ў гэты час дзясяткі актывістаў былі арыштаваныя.
Тым не менш ёсць негатыўныя моманты. Па-першае, гэта нечуваны адміністрацыйны рэсурс, які далучыўся да збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. У нас ёсць дзясяткі фактаў, калі парушалася выбарчае заканадаўства. Напрыклад, гэта выражалася ў зборы подпісаў па месцы працы ці вучобы, чаго нельга рабіць.

Па-другое, нечаканая новая пасада ў выбарчым працэсе – памочнік члена ініцыятыўнай групы. Калі любы чалавек фактычна мог збіраць подпісы за кандыдата, не з’яўляючыся членам ініцыятыўнай групы. Увядзенне такой пасады паставіла пад пытанне мэтазгоднасць існавання саміх ініцыятыўных груп.

Падчас збору подпісаў у нас узніклі пытанні не толькі да Аляксандра Лукашэнкі, але і да іншых кандыдатаў. Мы, напрыклад, не можам сёння з упэўненасцю сказаць, што ўсе зарэгістраваныя кандыдаты  сабралі неабходныя 100 тысяч подпісаў. Фактычна ва ўсіх рэгіёнах нашых назіральнікаў не дапусцілі да працэдуры праверкі подпісаў, яна была цалкам закрытая, што дае нам падставу сумнявацца ў легітымнасці праверкі сбору подпісаў.

– Вы адзначылі, што ў камісіях вельмі невялікі працэнт незалежных членаў. Але, аб’ектыўна кажучы, нават калі б усіх вылучаных прадстаўнікоў дэмакратычных сіл зарэгістравалі, гэтай колькасці не ха-піла б, каб перакрыць усе выбарчыя ўчасткі. Ці не здаецца вам, што недастатковая колькасць незалежных членаў – гэта пралік самой апазіцыі, якая не змагла забяспечыць камісіі дастатковай колькасцю сваіх сяброў?

– Сапраўды, дэмакратычных прэтэндэнтаў на членства ў камісіях было вылучана трошкі больш за тысячу, у той час як агульная колькасць камісій больш за шэсць тысяч. Мне падаецца, што такая невялікая колькасць была вылучана таму, што прадстаўнікі дэмакратычных партый слаба верылі, што іх сябры стануць членамі камісій. Была б іншая атмасфера ў грамадстве, колькасць дэмакратаў, вылучаных у камісіі, была б значна большая.

Зараз жа мы маем тое, што больш за 90%  прадстаўнікоў, вылучаных ад праўладавых арганізацый, такіх як БРСМ, Саюз жанчын, Саюз ветэранаў, Чырвоны Крыж, трапілі ў камісіі, у той час як ад агульнай колькасці вылучаных апазіцыянераў членамі камісій сталі менш за 20%.

– Пра магчымасць фальсіфікацыі вынікаў выбараў сёння гавораць шмат, але дастатковай даказальнай базы, што такія выпадкі былі, пакуль няма. Ці абавязкова фарміраванне камісій ў тым выглядзе, як яно было, павінна стаць падставай для гэтай фальсіфікацыі?

– Доказы з’яўляюцца, хоць і запознена.  Узяць,  да прыкладу, хаця б інтэрв’ю міліцыянера Казлова, які сам быў сведкам такіх выпадакаў.

Няма доказаў, таму што такая сістэма грамадства. Мы памятаем, які быў склад камісій ў сярэдзіне 90-х гадоў, там было шмат прадстаўнікоў розных палітычных партый. Паступова ад іх пазбавіліся. Зараз у камісіі падбіраюць людзей залежных, якія, з аднаго боку, бачаць, што адбываюцца фальсіфікацыі з боку камісій, з другога, не могуць нічога сказаць, бо баяцца, што ўзнікнуць праблемы на працы. Гэта асноўная прычына таго, што людзі маўчаць. Грамадства наша, на жаль, не вольнае, і патрэбен нейкі час, каб яно адчула сваю ўласную годнасць. Людзі перажываюць за тое, што бачаць, але ўсё гэта адбываецца на ўзроўні сям’і, знаёмых, сяброў.

Самае небяспечнае – гэта маналітны склад участковых выбарчых камісій. Гэта першая сур’ёзная рэч, якая дазваляе меркаваць, што выбары будуць сфальсіфікаваны.

– Сёння вялікая ўвага надаецца пытанню ўвядзення празрыстых урнаў, гаворыцца, што іх выкарыстанне можа пазітыўна паўплываць на вынікі выбараў. Можа, варта было б больш увагі надаць бюлетэням, якія сёння ніяк не абаронены і якія можна ў любой колькасці надрукаваць на звычайным прынтары?

– Тое, што бюлетэні ў нас ніяк не абаронены і мы на самой справе ніколі не можам сказаць, якая ж сапраўды колькасць бюлетэняў была падрыхтавана на гэтыя выбары, бо нармальнага іх уліку няма, выклікае пытанне. Але ўсё трэба рабіць у комплексе, надаваць увагу і абароненасці бюлетэняў, і ўрнам. Не вытрымліваюць ніякай крытыкі нашы  драўляныя ўрны, скручаныя на шурупах, якія   вельмі проста можна раскруціць, а пасля  падмяніць бюлетэні падчас папярэдняга галасавання. Паўсюль, калі выязджаеш назіраць за выбарамі, ужываюцца празрыстыя ўрны.

Па-першае, яны засцерагаюць ад масавага ўкідвання бюлетэняў, бо калі туды трапляе пачак, гэта адразу бачна.

РЕКЛАМА

Па-другое, такія скрыні маюць асаблівы спосаб апячатвання. Напрыклад, ва Украіне выкарыстоўваюцца аднаразавыя пячаткі, якія немагчыма зняць і паставіць зноў на гэту ўрну.

– Паводле тых назіранняў, якія вы ўжо зрабілі, якія прагнозы наконт вынікаў гэтай выбарчай кампаніі вы можаце даць, як будуць паводзіць сябе камісіі на апошнім этапе кампаніі і якую адзнаку дадуць гэтым выбарам міжнародныя назіральнікі?

– Калі толькі ў пачатку года былі ўнесены змены ў выбарчы кодэкс, было адразу зразумела, якія мэты і задачы ставіць на гэтых выбарах улада: усё, што візуальна бачна – агітацыя, збор подпісаў, пікетаванне, выступы на тэлебачанні – зрабіць больш празрыстым. Што ж датычыцца працэдуры, звязанай з падлікам галасоў, яна будзе пад жорсткім кантролем выканаўчай улады. Таму я мяркую, хутчэй за ўсё падлік галасоў у нас будзе такі, які ён заўсёды ў нас бывае. І назіральнікам будзе вельмі цяжка адсочваць яго.

Калі казаць пра міжнародных назіраль-нікаў, што датычыцца назіральнікаў місіі АБСЕ, я перакананы, што іх высновы будуць аб’ектыўнымі. А вось да назіральнікаў ад СНД у мяне ёсць пытанні. За апошнія 10 гадоў не раз мы заўважалі, што гэтыя назіральнікі прымалі палітычна матываваныя рашэнні, да таго ж, на мой погляд, яны менш прафесійныя і падрыхтаваныя ў параўнанні з назіральнікамі АБСЕ. Як яны будуць назіраць гэтым разам, паглядзім.

– Ці магчымы ўвогуле дэмакратычныя выбары ў Беларусі з такім заканадаўствам, якое ёсць сёння?

– Я перакананы, што выбары можна дэмакратычна правесці і па нашым заканадаўстве. Іншая справа, што ў такіх краінах пераходнага стану, дзе няма ўсталяванай дэмакратыі, ёсць вялікі шанс, што нейкія палітычныя сілы, асабліва тыя, якія знаходзяцца пры ўладзе, будуць старацца выкарыстаць свой адміністрацыйны рэсурс, каб падтасаваць вынікі выбараў, пакрокавае пра-пісанне працэдуры падліку галасоў проста неабходна. Інакш не будзе даверу да гэтых выбараў ні з боку міжнароднай супольнасці, што мы бачым на працягу 15 гадоў, ні значнай часткі беларускага грамадства.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up