Автор: ВІіктар СЫРЫЦА

10:23, 26 ноября 2010

Культура

remove_red_eye 85

Пад Палонкай усталявалі памятны знак

Памятны знак у гонар 350-годдзя знакамітай Палонкаўскай бітвы 1660 года ўсталявалі 20 лістапада на месцы легендарнай баталіі баранавіцкія сябры Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.

Мемарыяльны валун і драўляная шыльда з адпаведным тэкстам ўпершыню былі ўсталяваны на гэтым месцы яшчэ 16 гадоў таму, 4 лістапада 1994 года. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Палонкаўскай перамозе, адкрыў тагачасны старшыня мясцовага сельскага Савета Аляксандр Грыб, а праваслаўны і каталіцкі святары асвяцілі  месца слаўнай перамогі харугваў Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага над войскам маскоўскага ваяводы Хаванскага.

У хуткім часе драўляная шыльда была знішчана вандаламі. У 2000 годзе, калі адзначаліся 340-я ўгодкі Палонкаўскай бітвы, сябры Баранавіцкай Рады ТБМ аднавілі драўляную шыльду. Але і адноўленая каляровая шыльда была зламана невядомымі манкуртамі.

Грамадскасць неаднаразова нагадвала пра неабходнасць усталявання металічнай шыльды на камені-валуне, асабліва напярэдадні 350-х угодкаў Палонкаўскай бітвы, якія адзначаліся сёлета. Баранавіцкі райвыканкам, куды звярталіся з адпаведнай ініцыятывай, не знайшоў сродкаў, каб вырабіць і ўсталяваць металічную шыльду. Таму прадстаўнікі грамадскасці на працягу года самастойна арганізавалі збор грашовых сродкаў і ўласнымі намаганнямі зрабілі на мармуровым камяні металічную шыльду ў гонар 350-годдзя знакамітай Палонкаўскай бітвы.

РЕКЛАМА

Усталяванне памятнага знака суправаджалася і на гэты раз пэўнымі дзівосамі: старшыня Палонкаўскага сельсавета Ніна Кісель выклікала міліцыю, бо ўсталяванне памятнага знака, на яе думку, было арганізавана без дазволу мясцовай улады.

Старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца і краязнаўца Міхась Бернат патлумачылі маёру міліцыі Вячаславу Таўкачову, што гэта не ўсталяванне новага знака, а аднаўленне старой шыльды, дазвол на якую даў Палонкаўскі сельсавет яшчэ ў 1994 годзе. Міліцыя, на дзіва, паводзіла сябе вельмі спакойна, карэктна, узважана выслухала абодва бакі. Урэшце, адноўлены памятны знак застаўся на гераічным палонкаўскім полі.

Темы:
Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up