Новости / Спецпроекты

Альбярцін. Сляды спадчыны

18.11.2010, 12:08 / remove_red_eye 220 / chat_bubble

Калі на ўік-энд цягне куды-небудзь выехаць, а за акном шалее залатая восень, збірайце сяброў і – разам у Альбярцін. Гэта былая рэзідэнцыя Пуслоўскіх калісьці знаходзілася ў прыгарадзе Слоніма, але ўжо больш за паўстагоддзя таму Альбярцін увайшоў у межы горада, стаўшы самай усходняй і самай маляўнічай яго ўскраінай. Сёння Альбярцін – улюбёнае месца адпачынку не толькі слонімцаў, але і прыезджых.

Учора

Сядзібу ў Альбярціне ў пачатку XIX ст. збудаваў Войцэх Пуслоўскі, маршалак Слонімскага павета і вялікі вытворчы магнат. Менавіта ён першым пачаў адраджаць на беларускіх землях пасля далучэння іх да Расійскай імперыі мануфактурную вытворчасць. Дзякуючы яго дзейнасці, Альбярцін яшчэ напярэдадні мінулага стагоддзя называлі індустрыяльным цэнтрам Слонімшчыны. Побач з уласный сядзібай Пуслоўскія пачалі ствараць буйны прамысловы комплекс. У Альбярціне выраблялі паперу, кардон, запалкі, цвікі, цэглу, тканіны і нават уласны ядваб…

Сам палац галавы слонімскай шляхты Войцэха Пуслоўскага, па сведчанні крыніц, уяўляў сапраўдны музей каштоўнасцей. Для інтэр’ераў дома была закуплена гданьская мэбля, тут знаходзіліся арыгінальныя карціны Леанарда да Вінчы, Пітэра Брэйгеля і Пітэра Рубенса, а мясцовая бібліятэка была багатая старымі выданнямі і пергаментнымі дакументамі XV–XVIII стст.

РЕКЛАМА

А дзякуючы дзейнасці апошняга ўладальніка Альбярціна Уладзіслава Пуслоўскага ў 20-30 гадах пра гэты куток Слонімшчыны даведаліся ва ўсім заходнім свеце. На яго ахвяраванні ў Альбярціне быў створаны ўсходні місіянерскі цэнтр айцоў-іезуітаў. Іезуіты адраджалі сярод мясцовага насельніцтва ранейшыя ідэі царкоўнай уніі, ад якіх ужо сто гадоў іх жорстка адвучвала праваслаўная Расійская імперыя. Каб быць бліжэйшымі да мясцовага насель-ніцтва, заходнія місіянеры вывучалі беларускую гісторыю, геаграфію, мову, на якой выдавалі альманах «Да злучэння». Высакародная місія скончылася падчас II-й Сусветнай вайны пасля таго, як фашысты закатавалі галаву грэка-каталіцкага (уніяцкага) экзархата айца Антона Неманцэвіча.

У часы ваеннага і міжваеннага ліхалецця, з 1914 па 1944 гады, палац Пуслоўскіх паступова пусцеў. Найбольшую частку калекцыі карцін, бронзавых і мармуровых скульптур, кніг і дываноў расцягалі ў Расію і Нямеччыну. Уладзіслаў Пуслоўскі эміграваў у Заходнюю Еўропу.

«Прыгожы, адукаваны і добры быў пан, дапамагаў людзям, – узгадвае сёння пра яго 84-гадовая жыхарка Альбярціна Вацлава Яфрэменка. – А як прыйшлі бальшавікі – уцёк за мяжу».

Сёння

У савецкую эпоху Альбярцін перайменавалі ў пасёлак Фабрычны дзякуючы  папяровай фабрыцы Пуслоўскіх. Яна працуе і ў нашы дні, трансфармаваўшыся сёння ў Слонімскі папярова-кардонны завод “Альбярцін”. Не так даўно і пасёлку Фабрычнаму вярнулі яго ранейшую назву – Альбярцін.

Куток парку ў Альбярціне

Куток парку ў Альбярціне

Былы флігель

Былы флігель

Мармуровы леў пры ўваходзе ў палац Пуслоўскіх

Мармуровы леў пры ўваходзе ў палац Пуслоўскіх

РЕКЛАМА

Цэнтральны палац Пуслоўскіх у вайну гарэў, пазней яго адбудавалі і размясцілі ў ім мясцовы клуб і бібліятэку, якія знаходзяцца там і цяпер. Сёння палац Пуслоўскіх з шыкоўнымі мармуровымі  львамі на ўваходзе – месца паломніцтва слонімскіх вяселляў. Адразу за палацам у добрым стане захаваны і колішні жылы флігель Пуслоўскіх, дзе ў савецкі час размясціўся Палац спорту. Як сляды нядаўна мінулай эпохі, са сцен гэтага будынка і сёння пазіраюць барэльефы савецкіх лёгкаатлетаў. А скульптура самага галоўнага з іх, у зялёных шортах і сіняй майцы, усталявана проста перад флігелем.

Побач з абодвума палацамі захаваліся рэшткі былой аранжарэі, дзе Пуслоўскія вырошчвалі самыя розныя кветкі.

Крыху далей у цудоўным стане стаіць былая стайня. Гэты будынак з якаснай чырвонай цэглы быў пабудаваны пазней, ужо ў пачатку ХХ ст. У савецкую эпоху там размясціўся рэстаран, наконт чаго мясцовыя жыхары нярэдка сёння жартуюць, маўляў, за панамі тут елі коні, а за саветамі – кормяць людзей.

Да нашых дзён у Альбярціне захавана велічная  двухсотгадовая дуброва, пасаджаная Пуслоўскімі ўздоўж берагоў р. Іса. Да жніўня 2009 года ў Альбярцінскім парку знаходзіўся   помнік прыроды – ліпа каралінская. На жаль, падчас моцнага ветру дрэва не вытрымала і напалову зламалася. Яго спілавалі і вывезлі.

Ахоўваць больш няма чаго

Ахоўваць больш няма чаго

Альбярцінскія алеі

Альбярцінскія алеі

Новы будынак на падмурку старога млына на рацэ Ісе

Новы будынак на падмурку старога млына на рацэ Ісе

Альбярцін. Краявіды

Альбярцін. Краявіды

Уздоўж Альбярцінскага вадасховішча захаваліся і забрукаваныя старым брукам ліпавыя алеі, ля берагоў якіх прывязаны дзясяткі драўляных чаўноў. Побач, каля двух шырокіх вадаспадаў, у перабудаваным выглядзе знаходзіцца і колішні фальваркавы млын.  Калі спыняешся ў Альбярціне і заходзіш праз старую мураваную браму на сядзібу Пуслоўскіх, нібы трапляеш у чароўны свет XIX стагоддзя, сёння такога далёкага ад нас і… такога блізкага.

Чаўны на Альбярцінскім возеры

Чаўны на Альбярцінскім возеры

Фота Алеся Гізуна і Людмілы Пракопавай

Як даехаць?

З Баранавіч у Альбярцін лёгка трапіць на дызельным цягніку Баранавічы-Ваўкавыск-Гродна, выйшаўшы на прыпынку Фабрычны. Дызель адыходзіць ад Палескага вакзала ў 5.56 (пт), 8.02 (шт.), 12.22 (шт.), 18.15 (шт.), 20.40 (шт.).

Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up