Автор: Людміла СЦЯЦКО

10:51, 5 ноября 2010

Политика

remove_red_eye 61

А. Мілінкевіч: “Трэба вяртацца ў еўрапейскую сям’ю”

Насуперак прагнозам і чаканням многіх экспертаў, палітыкаў і простых грамадзян, адзін з лідараў беларускай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч балатавацца ў прэзідэнты адмовіўся. І зараз у яго ёсць час і магчымасць, назіраючы з боку за перадвыбарчай кампаніяй, разважаць пра свае і чужыя палітычныя памылкі, рабіць прагнозы наконт будучыні Беларусі.

Сваімі думкамі і развагамі Аляксандр Мілінкевіч падзяліўся з карэспандэнтамі «IP» падчас свайго візіту ў Баранавічы, куды палітык прыехаў збіраць подпісы за патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Рыгора Кастусёва.

Пра тое, чаго не шкада

Я зусім не шкадую, што зняў сваю кандыдатуру. Быць на той час 18-м кандыдатам ад апазіцыі і змагацца не з Аляксандрам Лукашэнкам, а са сваімі партнёрамі мне не хацелася. Няхай раскручваюцца новыя асобы, з’яўляюцца  людзі з новымі поглядамі. Я ж з палітыкі не сыходжу, буду змагацца за вольныя выбары, шанс на якія ўсё ж такі ёсць. І вось на тых, вольных выбарах я, напэўна, буду ўдзельнічаць у якасці кандыдата. Калі будзе нехта лепшы за мяне – проста стану побач з ім. Я спакойна адышоў і не перажываю – раблю сваю справу. Людзі на мяне працавалі, цяпер я працую на іх.

РЕКЛАМА

Пра свайго кандыдата

Я невыпадкова вырашыў падтрымаць Кастусёва. Па-першае, Партыя БНФ, да якой ён належыць, блізкая мне па духу. Яна таксама выступае за незалежнасць, за адраджэнне, за еўрапейскі шлях. Па-другое, сам Кастусёў – чалавек выдатны, маральны чалавек, надзейны сябра, добры сем’янін. Гэта чалавек, які мае добрую адміністрацыйную школу, досвед кіравання, што таксама вельмі важна. Таму я з задавальненнем збіраю за яго подпісы.

Пра парад кандыдатаў

Пры такім парадзе кандыдатаў памяншаецца шанс нешта змяніць. Я сам – дзіця аб’яднання. Я «нарадзіўся» і стаў вядомым грамадскім лідарам, а пасля палітыкам дзякуючы таму, што была кааліцыя, быў кангрэс, дамова абраць адзінага кандыдата. Я лічу, што цяперашнім дэмакратычным кандыдатам трэба аб’яднацца. Але пры тым, што многія кандыдаты добра збіраюць подпісы, маюць падтрымку людзей, яны наўрад ці адважацца на аб’яднанне, таму магчыма, што на гэтых выбарах апазіцыянеры будуць змагацца за другое месца, і вось гэта кепска. Таму што для ўлады многа – значыць нікога. Дэмакратычныя кандыдаты – усе дастойныя людзі, але пра іх будуць мала ведаць, таму наяўнасць столькіх прэтэндэнтаў не мабілізуе грамадства.

Але я лічу, што нават калі на гэтых выбарах не будзе адкрытага падліку галасоў і новага прэзідэнта, гэта не будзе пройгрышам. Таму што людзей зарэгіструюць, яны выйдуць на сходы, выступяць на тэлебачанні. Гэта вельмі важна, гэта ўжо змены.

Але з іншага боку, калі ў Беларусі не абяруць новага прэзідэнта, мы яшчэ пяць гадоў будзем так жыць? Я кажу – напэўна не, таму што калі нават АБСЕ, Еўразвяз, Расія дадуць пазітыўную адзнаку гэтым выбарам, іх не прызнае наша эканоміка.

Пра магчымы крызіс

Я не думаю, што пасля Новага года ў Беларусі будзе абвальны крызіс. Хутчэй, крызіс будзе паступовы. І будзе ён звязаны з тым, што пачнуць спыняцца расійскія датацыі, падарункі ў выглядзе танных нафты, газу і льгот у экспарце. І калі гэта адбудзецца, паўстане пытанне – што рабіць. Плакацца, на каленях паўзці кудысьці? Не трэба нікуды паўзці, проста трэба тэрмінова рабіць мадэрнізацыю на прадпрыемствах. Няхай на гэта пойдзе некалькі гадоў. Але калі рабіць яе сумленна і шчыра, мы зможам даволі хутка дасягнуць таго, што прадукцыя нашых прадпрыемстваў будзе прадавацца не толькі ў Расіі і Еўропе, але і ў іншых краінах, да таго ж яна будзе лепшай якасці, з меншымі выдаткамі энергіі, з большым заробкам для людзей.
Ёсць шанс вывесці эканоміку на новы ўзровень, але для гэтага трэба рабіць тыя рэформы, якія ўлада рабіць не хоча.

Пра Плошчу

Я выступаю за Плошчу. І ў той раз, у 2006 годзе, шчыра заклікаў на ўсіх сваіх сходах людзей на Плошчу, бо я лічу: калі  няма дэмакратыі на выбарах, трэба за ёй ісці на вуліцу.

Я цвёрда стаю на пазіцыі мірных Плошчаў: нельга праліваць кроў, бо гэта кідае нас у хаос і гэта вельмі небяспечна. Ці будзе Плошча зараз? Я думаю,  тое, што так шмат кандыдатаў, памяншае шансы Плошчы, але яна патрэбна. Кожны павінен выйсці на Плошчу, каб проста сказаць, што мы – грамадзяне, што мы не хочам, каб выбары праходзілі так, як праходзяць цяпер, не хочам, каб нас звальнялі з працы за тое, што мы маем іншую думку. Пачуццё грамадзяніна павінна нас прымусіць гэта зрабіць.

Прагназаваць, ці будзе Плошча на гэтых выбарах, мы зможам,  калі пачнецца перадвыбарная агітацыя. Я памятаю: на мінулых выбарах на нашых сходах былі аншлагі, як на добрых артыстаў, і мы адчувалі, што Плошча можа адбыцца. Калі будуць такія сходы зараз, будуць і шансы на Плошчу.

Пра тэледэбаты

Мала веру, што Лукашэнка будзе ўдзельнічаць у тэледэбатах. Гэта будуць тэледэбаты кандыдатаў дэмакратычных, хаця і гэта добра, бо вельмі важна паказаць людзям, што могуць быць розныя пункты гледжання, што трэба з павагай ставіцца адзін да аднаго, што трэба аргументаваць сваю пазіцыю і трэба думаць.

Таму, я думаю, гэта будуць напалову тэледэбаты. Бо заўсёды той, хто пры ўладзе, робіць тэледэбаты з тым, хто прэтэндуе.

На гэтых выбарах гэта наўрад ці адбудзецца. Я думаю, што Аляксандр Лукашэнка баіцца ісці на тэледэбаты, хаця ў 1994 годзе ён выйграў выбары дзякуючы менавіта тэледэбатам, якія ён бліскуча правёў. Ён згубіў многа за гэтыя гады. Зараз ён сустракаецца з людзьмі, загадзя падрыхтаванымі, з пытаннямі, якія ім далі, ён баіцца ісці ў адкрытыя аўдыторыі проста так. А ў палітыцы трэба ўмець адказваць на вострыя пытанні тым, хто пры ўладзе.

Пра празрыстыя ўрны

РЕКЛАМА

Я з гумарам стаўлюся да празрыстых урнаў, бо лічу, што выбары ў нас фальсіфікуюцца, не з прычыны таго, што скрыні  непразрыстыя, а з прычыны таго, што ў нас няма падліку галасоў. Можна ўвогуле кардонныя скрыні паставіць, ніякія не празрыстыя, галоўнае, каб нашы людзі, прадстаўнікі кандыдатаў былі ў камісіях, гэта і будзе вырашэннем праблемы.

Пра стратэгічнае партнёрства

Я лічу, любая ўлада – сённяшняя ці наступная – павінна мець выдатныя адносіны з усімі суседзямі. З Расіяй перш за ўсё таму, што гэта – вялікая краіна, наш стратэгічны партнёр. Іншая справа, што я не хачу жыць у адной дзяржаве з Расіяй, не хачу саюзную дзяржаву. Я хачу жыць у сваім доме, а яны няхай жывуць у сваіх катэджах. Таму трэба будаваць нейкія адносіны, але яны павінны быць прагматычныя, рэальныя, празрыстыя, з абавязковым выкананнем дадзеных абяцанняў. Пры гэтым мы павінны дбаць пра свой беларускі інтарэс.

Мы загуляліся трошкі з Расіяй, гэтыя абяцанкі наконт саюзнай дзяржавы, недазваляльная абсалютна рыторыка па тэлебачанні, крызіс, які безумоўна можа адбіцца на Беларусі. У палітыцы, як і ў шлюбе – калі ў партнёраў розныя мэты і кахання няма, то і шлюб не атрымліваецца. Беларусь і Расія, ствараючы свой палітычны шлюб, ставілі розныя мэты. Расія хацела мець Беларусь у сферы свайго да-мінуючага ўплыву, а Беларусь хацела мець танныя падарункі.

Вось з-за гэтых розных мэтаў і саюзная дзяржава ў нас не атрымліваецца. Таму я лічу, з Расіяй трэба мець партнёрскія адносіны, але варта больш кіравацца ў Еўропу, бо мы – еўрапейцы, трэба вяртацца ў еўрапейскую сям’ю.

Темы:
Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up