Новости / Политика

Алесь Міхалевіч: “Уся Беларусь падобна на Баранавіцкае баваўнянае прадпрыемства”

28.10.2010, 12:19 / remove_red_eye 135 / chat_bubble

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч падчас візіту ў Баранавічы распавёў пра тое, якія пазітыўныя змены ён бачыць на гэтых выбарах, чаму за яго пачалі актыўна падпісвацца пенсіянеры і чаму сям’я не падтрымала яго жаданне балатавацца ў прэзідэнты.

Як прэзідэнт подпісы дапамог збіраць

Калі мая ініцыятыўная група прыходзіць да грамадзян за подпісамі, многія кажуць, што не ведаюць, хто такі Алесь Міхалевіч. Але ўсіх патэнцыйных кандыдатаў ведаюць прыкладна аднолькава. Акрамя аднаго, які ўжо даўно сабраў 100 тысяч подпісаў і сказаў, каб людзі і за астатніх падпісваліся. Дарэчы, мне гэта дапамагло, бо, напрыклад, у Магілёве ці на Усходзе Беларусі, дзе ў мяне вельмі актыўныя ініцыятыўныя групы, бабулькі пачалі актыўна несці пашпарты і падпісвацца, таму што прэзідэнт папрасіў падпісвацца за іншых. Увогуле, мне збіраць подпісы лягчэй, чым астатнім кандыдатам, бо я малады, нескампраметаваны, не звязаны ні з апазіцыяй, ні з дзеючай уладай.

Увогуле мы выходзім на 100 тысяч подпісаў і не сабраць неабходную колькасць мы можам толькі ў тым выпадку, калі нешта здарыцца са мной ці маёй ініцыятыўнай групай. Але ў выпадку маёй нерэгістрацыі я гатовы падтрымаць іншых кандыдатаў – Рыгора Кастусёва і Юрыя Глушакова.

РЕКЛАМА

Тэледуэль і пазітыўныя змены

Я з павагай стаўлюся да ўсіх кандыдатаў, якія прымаюць удзел у выбарчай кампаніі. І на тэледэбатах гатовы сустрэцца з любым з іх. Але, канешне, заўсёды цікава сустрэцца з дзеючым прэзідэнтам.

Увогуле, тэледэбаты – гэта адна з тых пазітыўных зменаў, якія ёсць у вядзенні гэтай выбарчай кампаніі. Такіх зменаў я бачу шмат. Добра, што ў Мінску і большасці іншых гарадоў спакойна выстаўляюцца пікеты, прычым фактычна ў любых месцах, і людзі маюць магчымасць падпісацца за свайго кандыдата. Добра і тое, што зараз мы маем права выдаткоўваць уласныя сродкі на вядзенне выбарчай кампаніі, чаго нельга было раней. Усё гэта пазітыўныя з’явы, якія ідуць на карысць кандыдатам. І, канешне, верагоднасць таго, што выбары могуць стаць свабоднымі і дэмакратычнымі, існуе. Але гэта зусім не значыць, што будуць нейкія змены падчас падліку галасоў.

Праграма, якую пазычаюць іншыя

Згодна з нашай праграмай Беларусь чакае ўвядзенне мясцовага самакіравання. Гэта значыць, што мэр Баранавіч будзе выбірацца. На сённяшні дзень людзі бачаць, што ад іх залежаць толькі выбары прэзідэнта. А на мясцовым узроўні ўсё залежыць ад прэзідэнта, якога яны калісьці абралі. Калі грамадзяне будуць бачыць, што ад іх залежыць, хто будзе кіраваць іх горадам, і што ў выпадку, калі мэр іх не задавальняе, яны могуць самі абраць іншага, людзі стануць больш актыўнымі.

Другі пункт, які закране Баранавічы, – ад-міністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа. Сённяшняе тэрытарыяльнае дзяленне стваралася калісьці не дзеля развіцця рэгіёнаў, а каб забяспечыць эфектыўную працу савецкай сістэмы НКУС. Яно цалкам штучнае, і залішне казаць, што Баранавічы маюць меншае гістарычнае дачыненне да Брэста, якому сёння горад падпарадкуецца, чым да Мінска. Гэта трэба мяняць – у Беларусі павінна быць 17 самастойных абласцей. І Баранавічы будуць цэнтрам адной з такіх абласцей.
Гэтыя пункты ёсць у перадвыбарчай праграме іншага кандыдата – Віталя Рымашэўскага, але я магу сказаць, што мая праграма была апублікавана першай з праграм кандыдатаў, яе прэзентацыя адбылася задоўга да таго, як некаторыя з іх нават заявілі пра свой намер вылучацца. Таму мне не сорамна, што некаторыя пункты супадаюць, наадварот, мне прыемна, калі іншыя кандыдаты карыстаюцца маёй праграмай. Чым больш кандыдатаў будуць гаварыць пра мясцовае самакіраванне, пра адміністрацыйную рэформу, тым больш гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца ў грамадстве і тым большая верагоднасць таго, што мы хутчэй да гэтага прыйдзем.

Пра краіну, якой стане горш

Беларусь можна параўнаць з Баранавіцкім баваўняным аб’яднаннем, дзе склады заваленыя прадукцыяй, якая не прадаецца, дзе няма ніякай дынамікі. На сённяшні дзень я ацэньваю стан Беларусі як перадбанкротны. У нас няма грошай на затрыманне таго сацыяльнага ўзроўню, які быў задэклараваны, і я ўпэўнены, што незалежна ад таго, хто стане наступным прэзідэнтам, сітуацыя пагоршыцца.

Беларусь павінна знайсці новую мадэль эканомікі, якая будзе канкурэнтная на сусветных рынках. І гэта дастаткова проста. Па-першае, трэба ўступіць у сусветную гандлёвую арганізацыю для таго, каб нас ніхто не мог дыскрымінаваць на сусветных гандлёвых рынках. Па-другое, трэба зрабіць так, каб у краіну прыйшлі інвестары і людзі не баяліся засноўваць свае фірмы і пачынаць новы бізнес. Калі казаць пра інвестараў, трэба памятаць, што інвестар прыходзіць з канкрэтнай мэтай – зарабляць грошы. Наша ўлада сёння больш разглядае інвестара як таго, хто прыйшоў гэтыя грошы аддаць, разглядае інвестыцыі як гранты. Яна не хоча аддаваць кантрольны пакет акцый, але ні адзін сур’ёзны інвестар не будзе ўваходзіць у прадпрыемства, якое ён пасля не кантралюе. Плюс да гэтага інвестарам навязваецца вельмі вялікая сацыяльная нагрузка. Заходні бізнес не звыкся працаваць па такіх схемах. І хаця сёння ўжо шмат зроблена, каб замежныя інвестыцыі пайшлі ў Беларусь, не менш не зроблена для таго, каб яны прыйшлі ў такім аб’ёме, на які мы спадзяёмся.

Пра чыноўнікаў, якія п’юць гарбату

У сённяшняй сістэме працуе шмат прафесіяналаў, асабліва на сярэднім узроўні. Таму я супраць таго, каб, калі нехта новы прыходзіць да ўлады, ён абавязкова мяняў усіх чыноўнікаў. Наадварот, трэба зрабіць так, каб людзі ў міністэрствах і выканкамах адчувалі і ведалі, што калі яны працуюць добра, то будуць і далей працаваць і будуць запатрабаваны. Але ёсць розныя чыноўнікі. Ёсць тыя, якія цягнуць на сабе работу ўсяго аддзела, а ёсць такія, якія «пьют чай» 15 разоў на дзень і чакаюць выхаду на пенсію. Канешне, проста сядзець і чакаць пенсіі ў нас ніхто не будзе.

Судовай сістэме – незалежнасць

Як юрыст, я бачу, што ў сённяшняй сістэме дэкрэты прэзідэнта маюць большую сілу, чым законы, прынятыя парламентам. Любы юрыст вам скажа, што так быць не павінна. Мне не падабаецца, што ў нас у краіне пры прыняцці юрыдычных рашэнняў да канстытуцыі звяртаюцца радзей, чым да іншых дакументаў. Кожны суддзя спрабуе знайсці якую-небудзь інструкцыю міністэрства, тлумачэнне Вярхоўнага суда альбо закон, хаця нярэдка тое, што ён шукае, прапісана ў канстытуцыі. Канстытуцыя – гэта асноўны закон, калі больш нізкія нарматыўныя акты пярэчаць канстытуцыі, суд павінен кіравацца канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі, якія маюць вышэйшую юрыдычную сілу. Усе суддзі ў нас прызначаюцца прэзідэнтам, усе яны лічаць сябе «людьми государственными» і адчуваюць, што павінны бараніць дзяржаву, але насамрэч яны павінны бараніць закон. Калі дзяржава дыскрымінуе грамадзяніна, яны павінны станавіцца на абарону грамадзяніна. Я б перш за ўсё зрабіў незалежнасць суддзяў ад улады. Без гэтага людзі не павераць, што можна праз суд дайсці да праўды і як сёння будуць перакананы, што суды неэфектыўныя і што там няма чаго шукаць.

Пра падтрымку…

Я лічу, што, калі жонка хоча, каб муж вылучаўся ў прэзідэнты, значыцца, гэта «прэзідэнцыя» патрэбна больш жонцы, чым самаму патэнцыйнаму кандыдату. А гэта дрэнна. Зразумела, што выбары – вельмі цыжкі час для сям’і кандыдата, таму што мужа і бацькі амаль ніколі няма дома. Мая сям’я паставілася да майго жадання балатавацца без вялікай падтрымкі, але з разуменнем.

… і асабістае жыццё

Сям’я прэзідэнта не павінна быць увесь час на публіцы. Ясна, што ёсць нейкія пратакольныя сустрэчы, дзе прэзідэнт вымушаны быць з жонкай, у астатнім жа ён, як і любы палітык, мае права на прыватнае жыццё. Трэба ацэньваць палітыкаў па іх рашэннях і дасягненнях, а не па нейкіх «сямейных» крытэрыях.

РЕКЛАМА

Даведка «IP»

Аляксей Анатольевіч Міхалевіч нарадзіўся 15 мая 1975 г. у Мінску ў сям’і навуковых супрацоўнікаў НАН Беларусі. Па заканчэнні ў 1997 годзе юрыдычнага факультэта БДУ стаў на чале арганізацыі, якая займалася моладзевымі абменамі і турызмам. У 2000 годзе працаваў намеснікам дырэктара СП «Аркадзія» (турыстычны бізнес).

Пасля працаваў антыкрызісным упраўляючым, юрыстам у розных арганізацыях. З 2004 па 2008 год   займаў пасаду намесніка старшыні партыі БНФ, адкуль быў выключаны «за публічную крытыку кіраўніцтва». Зараз працуе юрысконсультам у прыватным унітарным прадпрыемстве па аказанні паслуг «Агентство переводов и юридических услуг Михалевича». Беспартыйны.

Жанаты, мае дзвюх дачок.

Захапляецца рок-музыкай і гістарычный літаратурай, гуляе ў сквош і настольны тэніс. Свабодна валодае ангельскай і польскай мовамі, вывучае нямецкую.
(Па звестках афiцыйнага сайта Алеся Мiхалевiча).

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up