Автор: Алесь Гізун

13:32, 21 октября 2010

Культура

remove_red_eye 186

Млыны і людзі

25 кастрычніка пазначана ў календары прафесійных святаў як Дзень млынара, які адзначаецца з даўніх часоў да сённяшніх дзён. Вось толькі старыя млынары даўно ўжо павыміралі, як і амаль цалкам зніклі з нашых краявідаў іх млыны.

Усё як у людзей

Нашы продкі шырока выкарыстоўвалі энэргію ветра і вады, таму і млыны былі калісьці характэрнай часткай беларускіх маёнткаў, вёсак і мястэчак. Па млынах меркавалі пра заможнасць мясцовага насельніцтва: калі стаяў млын – тут быў хлеб. А ёсць хлеб – будзе і да хлеба.

Млыны, як і людзі – жылі, працавалі, пасля зношваліся і паміралі. У кожнага млына, як і ў кожнага чалавека, была свая біяграфія. Як і сярод людзей – не існавала аднолькавых млыноў. Кожны з іх быў увасабленнем эстэтычнага густу і інжынернай задумы пэўнага майстра.

РЕКЛАМА

Сёння мінуў той час, калі ў Беларусі ставілі млыны, як сышлі ў цень гісторыі і тыя майстры, што ўмелі іх будаваць.

Музыка, якую мы ўжо не пачуем

У Беларусі, дзе моцныя вятры дзьмулі не часта, спачатку доўгі час будаваліся выключна вадзяныя млыны, хаця з тэхнічнага боку яны былі больш складаныя за ветракі. Масава ставіць ветракі ў нас пачалі толькі ў XIX ст., калі з імклівым развіццём гандлю вытворчай моцы адных толькі вадзяных млыноў ужо не хапала, каб забяспечыць патрэбы ўнутранага і вонкавага рынкаў.

На Поўначы і Усходзе Беларусі былі пашыраны  гэтак званыя ветракі-«шатроўкі» («галандскія»), якія рабіліся на ўзор заходнееўрапейскіх. Менавіта з такімі ветракамі калісьці зацята змагаўся вядомы нам па літаратуры хітрамудры гішпанец Дон Кіхот. «Шатроўкі» называліся так, бо мелі над сабою шапку-шацёр, якая паварочвалася разам з ветрам.

У Баранавіцкім рэгіёне будаваліся ветракі-«казлоўкі», сістэма мацавання якіх нагадвала па сваёй канструкцыі козлы. У адрозненне ад «шатровак», разам з ветрам паварочвалася ўсё цела «казлоўкі». Можна ўявіць сабе ўвесь той магнетызм рухаў драўлянай канструкцыі вышынёй да 18 метраў, калі круціліся не толькі крылы млына, але «танцаваў» і ўвесь яго корпус.

«Калі працаваў млын, скрып на ўсе лады далёка быў чуваць у наваколлі, – прыгадаў млын у роднай вёсцы Падлясейкі Баранавіцкага раёна наш гараджанін Мікола. – Гэта незабыўная музыка з майго дзяцінства, якую мы ніколі ўжо не пачуем. Відовішча мінулага, якое ўжо не пабачаць нашы дзеці…»

Вясковая дзятва, па ўспамінах Міколы, мела сваю цікавасць да ветракоў. Для малечы гэта перадусім быў атракцыён: «Мы чапляліся за яго крылы, і яны ўздымалі нас высока-высока. Там, на вышыні, трэба было паспець перахапіцца рукамі і, спускаючыся на зямлю, думаць, як не атрымаць папругі ад угневанага млынара, які ўжо чакаў унізе…»

З млынарамі не сварыліся

Пра млынароў, як вядома, хадзілі розныя чуткі. Іх падазравалі ў стасунках з ліхімі сіламі, а таму казалі, што ў млынах удзень мелюць людзі, а ўночы – чэрці. Іх вінавацілі нават у ахвярапрынашэннях дзеля ўласнага дабрабыту. Наколькі верыць міфалогіі – асабісты выбар кожнага. Але тое, што млынары заўсёды былі людзі заможныя – факт. Таму хапала ў іх і зайздроснікаў, якія за спіною маглі прыдумляць пра млынароў што заўгодна.

А вось сам-насам з млынарамі звычайна не сварыліся… Ніхто не хацеў застацца без хлеба.

Млыны працавалі круглы год, мелючы да 10 тон збожжа штомесяц. Звычайна млынар працаваў адзін, часам яму дапамагала жонка ці гаспадар, што прыехаў малоць. За сваю дзейнасць млынар плаціў у дзяржаўную скарбоўню падатак – 10% ад намалочанага збожжа. Такі парадак існаваў у нас да 1939 года, пакуль Заходняя Беларусь не аб’ядналася з СССР.

Пачатак канца

Савецкая ўлада па-свойму паставілася да млынароў. Частка з іх, найбольш заможныя і незалежныя асобы, былі рэпрэсаваны. Астатнія перайшлі ў калгасы і разам з астатнімі калгаснікамі мусілі выконваць любую працу, якую ад іх патрабавалі. У калгасах людзі працавалі не на заробак, а на працадні, ці, як казалі ў народзе, «на палачкі». Напрыканцы года, калі пашчасціць, млынару маглі выдаць на сям’ю мех зерня ці мукі. Так, стандартная на той час сям’я з 6-7 чалавек зарабляла за ўвесь год на шклянку мукі ў дзень. Для млынара, які яшчэ нядаўна літаральна жыў у муцэ, падобныя падачкі ўспрымаліся як ганьба.

«І гэта сапраўды быў здзек, адкрытая эксплуатацыя савецкай дзяржавай свайго народа, які яна даводзіла да голаду, – мяркуе баранавіцкі краязнаўца Міхась Бернат. – І гэта быў пачатак канца традыцыйнага беларускага млынарства».

У савецкі час млыны масава пачалі электрыфікавацца. Таму неўзабаве большасць ветракоў пазбавілася сваіх крылаў, якім цяпер ужо не трэба было лавіць вецер. Заняпад вадзяных млыноў таксама пачаўся яшчэ нават да маштабнага абмялення рэк у выніку меліярацыі. З 60-х гадоў, калі пачалі набіраць моц гарадскія хлебакамбінаты, усё больш і больш старых млыноў заставалася без патрэбы.

Яшчэ ў 50-я гады мінулага стагоддзя ў Беларусі было некалькі тысяч «жывых» млыноў. Толькі на Баранавіччыне іх налічвалася больш за 40.

Сёння ў Баранавіцкім раёне можна адшукаць толькі чатыры вадзяныя млыны – у Паланэчцы, Моўчадзі, Кісялях і Трацавічах. Самы ўнікальны і найбольш разбураны з іх – каменны млын на р. Змейцы пры колішняй сядзібе Радзівілаў у Паланэчцы. На закладным камені і сёння можна пабачыць дату яго змуравання: 1819 год. Гэта быў адзіны ў нашым рэгіёне турбінны млын, двух’ярусны будынак якога прастаяў да 70-х гадоў, пакуль старшыня мясцовага калгаса не загадаў зняць з яго бляху.

РЕКЛАМА

«Пасля доўгія гады млын стаяў нібы сірата пры дарозе і з такім папрокам глядзеў на людзей, якія калісьці мелі з яго, а цяпер пакінулі паміраць, не пакінуўшы нават даху, – прыгадвае Міхась Бернат. – У 1993 годзе радзі-вілаўскі млын не вытрымаў, раскалоўся на дзве часткі і напалову абрынуўся ў Змейку».

Змаганне за апошнія млыны, або Дон Кіхот наадварот

Экс-дырэктара літаратурна-этнаграфічнага музея ў Русіно Міхася Берната можна назваць сапраўдным Дон Кіхотам, толькі наадварот. Як і легендарны герой Сервантэса, Бернат таксама самаахвярна змагаўся, але не супраць млыноў, а наадварот – за іх захаванне. Толькі дзякуючы яму, кожны з нас сёння можа  ўбачыць сапраўдны вятрак, калі наведае музей у Русіно.

У 90-я гады, калі ствараўся музей, Міхась Бернат вырашыў, што там абавязкова мусіць знаходзіцца млын. Менавіта Міхась адчуў эстэтычную патрэбу захаваць для нашчадкаў гэты помнік прамысловай архітэктуры беларусаў. Тады ў Баранавіцкім раёне заставаліся яшчэ два ветракі: адзін – у Мелехавічах, другі – у Залюбічах. Па словах Міхася Берната, мелехавіцкі вятрак раптам шугануў чырвоным полымем неўзабаве пасля таго, як Міхась папрасіў аднаго з кіраўнікоў мясцовай гаспадаркі дапамагчы перавезці яму той млын у Русіно. Апошні вятрак Міхась Бернат усё ж паспеў перавезці з Залюбіч у Русіно, але 19 красавіка 2000 года ад рук зламыснікаў згарэў і ён.

Млын, які сёння стаіць у Русіно – з в. Гарбачы Ляхавіцкага раёна. Калі Міхасю падказалі, што ў Гарбачах захаваўся вятрак, дык каб разабраць і перавезці яго ў свой музей, дырэктар не шкадаваў ужо ні ўласных сіл, ні грошай. Сёння ён удзячны ўсім, хто дапамог яму ў той нялёгкай справе.

«Прыкра, што наша раённае начальства ніяк не было зацікаўлена ў тым, каб захаваць гэты помнік прамысловай архітэктуры, – кажа пра набалелае Міхась Бернат. – Былы начальнік аддзела культуры райвыканкама Анатоль Філанчук толькі аднойчы наведаўся да мяне ў Гарбачы, але не для таго, каб дапамагчы, а каб паглядзець, чым я   займаюся. Хаця начальнік трэба не для таго, каб кантраляваць, а для таго, каб ствараць умовы для рэалізацыі праектаў падобных да мяне энтузіятстаў, якія імкнуцца нешта зрабіць. Мне ж, калі я прасіў фінансавай дапамогі ў свайго кіраўніцтва, простым тэкстам казалі, што я са сваім млынам   ім як костка ў горле».

Між іншым сёння музей, створаны Міхасём Бернатам, мае абласное значэнне, а вятрак – яго найвялікшы гонар. Каб паглядзець на млын, у Русіно штогод прыязджаюць сотні людзей. Возяць цяпер сюды і абласное кіраўніцтва, і іншыя дэлегацыі.

«Сёння мой млын, які калісьці стаяў косткай у горле раённых начальнікаў, працуе на іх, на іх рэпутацыю і ідэалогію, – заўважае парадокс Міхась Бернат. – Цяпер ад музея яшчэ і выкананне плана платных паслуг патрабуюць».

Але сёння Міхась Бернат не засмучаецца, бо вятрак усё ж удалося захаваць. Няхай і шыфер на ім дзіравы, бо быў зняты калісьці са знішчанай сінагогі ў Гарадзішчы – іншым кіраўніцтва культуры дапамагчы не здолела. «Я ўсім наведвальнікам сёння кажу, што гэта дзіркі для вентыляцыі», – жартуе Міхась. Няхай і крылы ў ветрака цяпер напалову скарочаныя і да самай зямлі не сягаюць: наўмысна зроблена, каб дзеці не сваволілі. «Мець вялікія крылы ветраку цяпер і не абавязкова: я – не млынар і малоць муку мне не трэба, – кажа Міхась Бернат. – Мне больш рупіць перадаць  нашчадкам наш духоўны хлеб – памяць пра тое, як мы калісьці жылі, што мелі і паважалі».

«Сёння млынар можа нават не дакранацца да зерня»

Што з сябе ўяўляе сучасны млынар і як выглядае працэс вытворчасці мукі ў нашы дні, карэспандэнту «IP» распавяла начальнік змены мукамольнай вытворчасці ААТ «Баранавічхлебпрадукт» Ірына Шаркель.

Сучасны млынар Ірына Шаркель на сваім працоўным месцы

Сучасны млынар Ірына Шаркель на сваім працоўным месцы


Сёння на баранавіцкім прадпрыемстве працуе два млыны – для перапрацоўкі пшаніцы і жыта. Кожны з іх за суткі вырабляе столькі мукі, колькі адзін стары млын намельваў за месяц. Працэс вытворчасці мукі ўжо даўно цалкам аўтаматызаваны, таму запускаць яго і сачыць за ім па камп’ютарным маніторы можа адзін чалавек – начальнік змены.

На яго экране падрабязна адлюстроўваюцца ўсе працэсы, што адбываюцца на млыне: запускаецца лінія прыёму зерня, пасля лініі ачышчэння і звільгатнення зерня, якое пасля трапляе ў размольнае аддзяленне, мелецца і ўжо гатовы прадукт падаецца ў выбойнае аддзяленне. Там мука або фасуецца ў мяшкі, або транспартуецца на склад…

«Я толькі ўключаю і кантралюю гэты працэс, – з умешкай распавядае Ірына Шаркель. – Сёння ўсё выконвае аўтаматыка. І за цэлую змену я магу ні разу нават не дакрануцца да зерня…»

І не дзіва! Толькі ўявіце сабе: калі раней увесь шлях зерня да мукі займаў літаральна некалькі метраў, дык сёння пакуль кожнае зернейка пераўтворыцца ў муку, яно выпраўляецца ў  20-кіламетровае падарожжа праз усе этапы складанага мукамольнага працэсу.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up