Автор: Алесь Гізун

10:40, 15 октября 2010

Культура

remove_red_eye 131

На краі Украіны

Павандраваць па ўкраінскім Закарпацці – гэта і пабачыць куток старой Еўропы, і пабываць у гарах, напоўніцу надыхацца іх срэбным паветрам, наглядзецца на іх чароўныя, няправільныя і такія не падобныя адзін да аднаго сілуэты. І дзеля гэтай асалоды нам не трэба мець ні візы, ні вялікага грашовага запасу, ні адмысловай экіпіроўкі.

Мазаічны край

Закарпацце – адна з самых маленькіх і разам з тым самых унікальных вобласцей Украіны. Самы заходні рэгіён краіны, які так не падобны да сваёй маці. Карпацкі горны масіў, які выгнуўся ад самай Аўстрыі праз тэрыторыі Славаччыны, Польшчы, Венгрыі і Румыніі ажно да Сербіі, праклаў сабе шлях і праз гэты заходні куток Украіны. Карпаты – тая мяжа, якая падзяліла Еўропу на яе горную і раўнінную часткі. Па волі гістарычнага лёсу Украіна апынулася па абодва бакі гэтай мяжы.

У прыдарожных каплічках у Закарпацці, у адрозненні ад Беларусі гараць агеньчыкі

РЕКЛАМА

У прыдарожных каплічках у Закарпацці, у адрозненні ад Беларусі гараць агеньчыкі

Сёння невялічкая, падобная на мапе да вінаграднай гронкі тэрыторыя Закарпацця мяжуе з чатырма краінамі – Польшчай, Славаччынай, Венгрыяй і Румы-ніяй. Такое багатае суседства тлумачыць і яшчэ адну ўнікальнасць гэтага краю: як у любым памежжы, у Закарпацці квітнеюць шматнацыянальнасць і культурная мазаічнасць. Як мне давялося пачуць ад аднаго з жыхароў закарпацкага мястэчка Ясіня, у іх жыве 14 нацыянальнасцей: русіны, вугорцы (венгры), мадзяры, цыганы… І кожны, як кажуць, са сваімі забабонамі. Вось чаму ў падарожжы па такіх мясцінах раяць усё ж выпраўляцца не аднаму, а з кампаніяй.

Атары авечак на горных схілах - звычайны карпацкі пейзаж

Атары авечак на горных схілах — звычайны карпацкі пейзаж

Горнае возера. Лепей адзін раз убачыць...

Горнае возера. Лепей адзін раз убачыць…

Дарэчы, украінскую прапіску Закарпацце атрымала толькі 65 гадоў таму. Да гэтага часу краем у розныя вякі валодалі продкі сучасных венграў, румынаў і аўстрыякаў, культурная прысутнасць якіх і сёння заўважаецца ў рэгіёне. У пачатку ХХ ст. Закарпацце пабывала нават у складзе Чэхаславаччыны. Трэба заўважыць, што сёння шматлікія жыхары Закарпацця не адчуваюць сябе ўкраінцамі. Аднак праблема русінскай аўтаноміі Закарпацця (незалежнай ад Украіны), якая была востра ўзнята на дзяржаўным узроўні яшчэ 20 гадоў таму, да лагічнага вырашэння даведзена так і не была.

У цішы міжсезоння

У сярэдзіне верасня ў Закарпацці, як кажуць, не сезон. Сезон прыйдзе сюды ў лістападзе – снежні, калі ў Карпатах ляжа снег. Тады, каб пакатацца на лыжах, сюды сцягваюцца чароды турыстаў з Расіі, краін Прыбалтыкі, прыязджаюць нават чэхі і немцы, у якіх ёсць і свае горы. Але найбольш з’язджаюцца свае,  украінцы. Большая частка Украіны – роўныя,  нібы бліны, бяскрайнія стэпы, таму большасць  украінцаў успрымаюць свае горы як замежную экзотыку. А вось беларусаў, калі верыць гаспадарам карпацкага горнага курорта Драгабрат, прыязджае мала. Нашы суайчыннікі часцей аддаюць перавагу адпачынку на крымскіх берагах.

Світанне ў Карпатах

Світанне ў Карпатах

РЕКЛАМА

У Карпатах світае...

У Карпатах світае…

Лыжныя спускі пакуль чакаюць зімы

Лыжныя спускі пакуль чакаюць зімы

У міжсезонне ў Карпатах – ціша і спакой. Калі ў верасні я наведаўся ў мястэчка Драгабрат, самы высакагорны курорт Украіны – на вышыні 1450 м, дык апроч крумкачовых чародаў  сустрэў тут толькі некалькі турыстаў-рамантыкаў з заплечнікамі-дамамі ды брыгаду будаў-нікоў з сямі чалавек. Першыя здольныя былі штодня бясконца бадзяцца па мясцовых горных хрыбтах. Другія, што жылі тут ужо з чэрвеня і паспелі звыкнуцца з рамантыкай маляўніча вышчарбленых ліній навакольных гарызонтаў, бавілі вольны час у грыбах. З надыходам восені іх тут – хоць гаць гаці…

Тут перадусім просіцца адна засцярога. Без компасу і на самоце выбірацца ў горы лепш нават не спрабаваць, асабліва навічкам. Інакш, папярэджваюць мясцовыя жыхары, за момант заблукаеш, а выйсці можаш ажно ў Румыніі. Напэўна таму карпацкія грыбнікі няспынна перагукваюцца ў лесе. Мне, звыкламу да сапраўды ціхага палявання ў лясах маёй радзімы, было ніякавата, хаця і весела, разам з будаўнічай брыгадай прымаць удзел у гэтым крыху балаганным відовішчы. Калі хтосьці раптам на імгненне змаўкаў, астатнія адразу «будзілі» яго, чаму, маўляў, ён не гукае: «Гукуй!»

Карпацкія баравікі, выгадаваныя на карэннях ялова-букавых лясоў, крыху адрозніваюцца ад нашых: ножка ў іх шырэйшая за каптурык, таму выглядаюць яны пузатымі, як парасяты. Мясцовыя называюць баравік проста – «грыб». Усе астатнія грыбы маюць у іх канкрэтныя відавыя назвы: лісічка, махавік, польскі… Але рэдкі карпацкі грыбнік засмеціць свой кошык чым-небудзь, апроч сапраўднага «грыба». А калі вы паабяцаеце гэтым мілым, хаця і практычна заўсёдна п’яным людзям, паставіць да абеду на стол бутэльку «горілкі» за свой кошт, зможаце прывезці з сабою ў Беларусь цэлую торбу тых сушаных баравікоў, шчодра насыпаную вам рукамі суседняга брацкага народа. Гарэлка ва Украіне недарагая, а прыгадваць удалую вандроўку за лыжкаю супу з карпацкіх баравікоў пасля можна будзе на працягу ўсёй доўгай беларускай зімы.

З сініх гор…

Паэты часта называюць горы сінімі. І пабываўшы ў Карпатах, можна зразумець іх. Як зразумець і тое, чаму Закарпацце называюць “Срэбнай Зямлёй”. З вяршыні гары Блызныці (1880 м), да якой з Драгабрата каля дзвюх гадзін хады, горны хрыбет сапраўды здаецца бязважка-сінім, а сонца і аблокі – таксама бязважкімі, малочна-белымі. Як сотні і тысячы зіхоткіх горных ручаёў, што сочацца з-пад чорных карпацкіх пародаў ды імкнуць уніз, да вялікіх горных рэк. Найбуйнейшая з іх – Тыса. Уздоўж яе варта праехацца, не толькі каб напоўніцу атрымаць асалоду ад сузірання горных ландшафтаў, але і пазнаёміцца з жыццём закарпацкіх мястэчак. Імі густа ўсыпаны берагі няўрымслівай і пакручастай Тысы, па якой праходзіць мяжа з Румыніяй. Такім чынам, едучы доўгі час уздоўж чырвоных памежных слупкоў, можна блізка знаёміцца і з гэтай краінай. Толькі праз акно аўтобуса.

На вяршыні Блызныці

На вяршыні Блызныці

На гары Блызныці

На гары Блызныці

Трэба заўважыць, што адпачынак ва Украіне прывабны для беларусаў яшчэ і сваёй эканомнасцю. Прадукты тут у параўнанні і з еўрапейскімі, і з беларускімі цэнамі недарагія, праезд грамадскім транспартам – таксама. Камфортна пераначаваць у закарпацкіх гатэльчыках можна за 6-8  даляраў. А пераначаваць у прыватных асоб часам можна і за ўдвая меншы кошт.

Інтэрнэт таксама недарагі. На пошце ў раённым мястэчку Рахіў, напрыклад, гадзіна блукання па ўсясветнай павуціне каштавала мне ўсяго каля тысячы беларускіх рублёў.

…да зялёных гарадоў

Рахіў – найвышэйшае ва Украіне мястэчка, з усіх бакоў схаванае парослымі лесам гарамі. Чэхі раней нават называлі гэты горад тутэйшым Парыжам. І прадумваючы   маршрут па Закарпацці, Рахіў сапраўды не варта прамінаць. Хаця б дзеля таго, каб прагуляцца па хісткіх канатных мастах праз шырачэзную Тысу ці проста прайсціся наравістымі местачковымі вуліцамі, перапад вышыняў паміж якімі дасягае ажно 600 метраў! Дарэчы, Рахіў лічыцца самым навальнічным месцам ва Украіне: навальніцы тут адзначаюцца ў сярэднім 43 дні на год.

Рахіў. Канатны мост праз раку Тысу

Рахіў. Канатны мост праз раку Тысу

Адмысловы еўратранспарт...

Адмысловы еўратранспарт…

Наступныя мястэчкі па дарозе з Рахіва да сталіцы Закарпацця Вужгарада  – памежныя з Румыніяй Салотвіна і Цячыў. Гэта самыя неўкраінскія мясціны Закарпацця. У невялічкім мястэчку Біла Цэрква, што каля Салотвіна, увогуле жывуць адны румыны. Тут нават помнікі ўсталяваны румынскім, а не ўкраінскім паэтам. Усе дарожныя знакі і шыльды на адміністрацыйных установах дублююцца на дзвюх мовах – украінскай і румынскай. А ў мясцовай школе па-ўкраінску выкладаецца адно дзяржаўная мова – украінская. Усе астатнія дысцыпліны выкладаюцца цалкам па-румынску. У суседнім Салотвіна – сітуацыя падобная. Да таго ж там багата яшчэ і вугорцаў.

Мястэчка Цячыў

Мястэчка Цячыў

РЕКЛАМА

Край Украіны...

Край Украіны…

Этнічныя вугорцы – і большасць жыхароў Цячыва. Цікава, што мяжа па гэтай тэрыторыі пралегла толькі пасля   II  Усясветнай вайны. Да таго ж пралегла так недарэчна, што былы Вялікі Цячыў апынуўся ў складзе Украіны, а Малы Цячыў (па другі бок Тысы) перайшоў да Румыніі. Сёння людзі па абодва берагі ракі – аднолькавыя, а дзяржавы – розныя.

За 60 км да Вужгарада знаходзіцца Мукачава – горад, які на працягу ўсёй гісторыі спрачаўся з Вужгарадам за званне сталіцы краю. Менавіта ў Мукачава вугорскія каралі размясцілі калісьці каралеўскі манетны двор. І менавіта мукачаўскі замак “Паланок” на  68-метровым згаслым вулкане быў наймацнейшым замкам у Закарпацці і лічыўся адной з самых умацаваных фартэцый у Цэнтральнай Еўропе.

Мукачаўскі замак

Мукачаўскі замак

Помнік князёўне Ілоне Зрыні і яе сыну Ферэнцу ІІ Ракоці -- змагарам за незалежнасць Мукачаўскага замку

Помнік князёўне Ілоне Зрыні і яе сыну Ферэнцу ІІ Ракоці — змагарам за незалежнасць Мукачаўскага замку

Дарэчы, адна з дарог, якая вядзе сёння да замка, забрукавана такім жа базальтавым брукам, які ляжыць у цэнтры Баранавіч  па вул. Савецкай. Нават узор той самы…

Вечаровы дворык у Мукачава

Вечаровы дворык у Мукачава

З Вужгарадам мне давялося пазнаёміцца яшчэ два гады таму па дарозе ў Славаччыну. Па словах людзей, што ўжо паспелі пабываць і палюбіць гэты горад, Вужгарад выглядае значна большым за свае рэальныя памеры і значна маладзейшым за свой рэальны век. Гэта даволі невялікі, але адзін з найстарэйшых абласных цэнтраў ва Украіне. Знаходзячыся амаль на самым украінска-славацка-венгерскім памежжы, Вужгарад – сапраўдны мультыкультурны і поліэтнічны кактэйль.

Вужгарад. Вечар

Вужгарад. Вечар

У надзвычайнай блытаніне яго вуліц, насычаных аўстра-вугорскай архітэктурай, цяжка арыентавацца нават з мапаю ў руках. На жаль, украінцы не дужа дбаюць не толькі пра розныя інфармацыйныя падказкі для турыстаў, але і нават пра звычайныя шыльды з назвамі вуліц на дамах. Гэты прабел паспяхова ліквідуе Таварыства вугорскай культуры Закарпацця. Рэкламныя плакаты арганізацыі развешаны ва ўсіх кутках Закарпацця.

Вугорцы, мяжа з якімі знаходзіцца зусім блізка, не забываюцца пра спадчынныя землі і актыўна нагадваюць пра сваю прысутнасць у Закарпацці:  усталёўваюць помнікі ўласным паэтам і мастакам, пазначаюць памятнымі шыльдамі мясціны, звязаныя з культурнай і палітычнай дзейнасцю знакамітых вугорцаў у недалёкім мінулым, калі Закарпацце было часткаю Аўстра-Вугоршчыны. Кажуць, ніколі не забываюцца пра таго, хто заўсёды нагадвае пра сябе. Сёння ствараецца ўражанне, што вугорцы зусім не хочуць, каб закарпацкае насельніцтва забывалася, хто калісьці гаспадарыў на гэтых землях. Як думаеце, чаму? Спяшайцеся пабачыць украінскія Карпаты, пакуль беларусаў туды пускаюць без візы!


Просмотреть Путишествия intex-press на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up