Новости / Спадчына

Наш забыты абеліск

7.10.2010, 14:07 / remove_red_eye 243 / chat_bubble

Каб не вандалы, якія пабілі памятную шыльду, дык пра гэты абеліск, відаць, яшчэ не хутка і ўзгадалі б. Хаця і ўзвышаецца ён ужо амаль 90 год.

Знішчаная сёлета шыльда была па-расейску нешматслоўнай  «Памяти жертв эпидемии  1920-1922».

З пачаткам Першай сусветнай вайны і наступленнем немцаў большасць праваслаўнага насельніцтва пад прымусам ці даўшы веры агітацыі падалася ў бежанства ў глыб Расеі. Пасля заканчэння савецка-польскай вайны ў 1920 годзе праз Баранавічы праходзіў адзін з галоўных шляхоў, па якім вярталіся тыя бежанцы на Бацькаўшчыну.

РЕКЛАМА

Шмат хто з іх ехаў дахаты са змардаванай грамадзянскай вайною Расеі аслаблены і хворы. Даехаўшы да Баранавіч, людзі тысячамі паміралі проста на вакзале. Дарэчы, заходнебеларускі палітычны дзеяч Пётр Сяўрук згадвае ў сваім дзённіку, што ў Баранавічах у верасні 1921 года ён з сям’ёю знаходзіўся роўна тыдзень. Народу было мноства, баракі перапоўненыя, даводзілася жыць пад чыстым небам. Адразу пасля рэгістрацыі супрацоўнікі Рэпатрыяцыйнага Этапа выдалі на сям’ю карткі, а праз два дні зрабілі ўколы ад халеры і звадзілі грамадзян у лазню.

Я маю ў сваёй калекцыі кракаўскі тыднёвік Nowosci Illustrowane  ад 3 лістапада 1923 года. У ім ёсць зацемка “Загінулі – як жаўнер на пасту” з двума фотаздымкамі пра адкрыццё нашага абеліска. На жаль, дакладная дата акрыцця помніка тут не пададзена, напісана «ў гэтыя дні». Дзякуючы іншаму тагачаснаму польскаму выданню  SWIAT, Nr 43 (1923 год), мы ўсё-такі даведваемся, што помнік адкрылі 30 кастрычніка 1923 года.

Гэта мерапрыемства праводзілася ўрачыста. Як падае выданне,  «апроч людскога тлуму ўдзельнічалі і выбітныя саноўнікі і прадстаўнікі ўладаў: прэм’ер Польшчы Вінцэнт Вітас, міністр аховы грамадскага здароўя Ежы Буяльскі, прадстаўнік Лігі Народаў палкоўнік Ватсан, навагрудскі ваявода Уладзіслаў Рачкевіч, палкоўнік Александровіч, капэлан кс. Эйсманд, камісар Рэпатрыяцыйнага Этапа Пракутоўскі і шмат іншых».

З фотаздымка відаць, што памятная шыльда знаходзілася ў ніжняй частцы помніка. Пасля 1945 года яна была знішчана. У 1995 годзе польская грамадскасць Баранавіч змясціла новую металічную шыльду з надпісам па польску:

Polsko, Matko nasha

W sluzbie twej wierni

Zycie swe oddalismy

Pamieci 182 pracownikow etapu repatriacyjnego

W Baranowiczach,
Zmarlych w latach odrodzenia Ojczyny 1920-22

(Польшча, Маці нашая, верныя тваёй службе, мы аддалі сваё жыццё Памяці 182 працаўнікоў рэпатрыяцыйнага этапу ў Баранавічах, якія памерлі ў гады адраджэння Бацькаўшчыны 1920-22).

Аднак тая шыльда  таксама не праіснавала доўга, і дзесьці ў пачатку ХХІ стагоддзя замест яе з’явілася новая, ужо па-расейску, з нейтральным, не зусім зразумелым зместам «Памяти жертв эпидемии  1920-1922».
Як нам вядома, гэты абеліск спачатку быў прысвечаны не ахвярам эпідэміі халеры і тыфу, а тым 182 супрацоўнікам, якія прымалі і аблугоўвалі бежанцаў, заражаліся ад іх і паміралі «як салдат на пасту».

На сённяшні дзень, на жаль, не вядомы прозвішчы нашых гераічных землякоў, як і месцы іх пахавання.

Темы:
Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up