Новости / Политика

Амерыканскі дыпламат наведаў Баранавічы

30.09.2010, 10:57 / remove_red_eye 93 / chat_bubble

Чаму беларус і амерыканец сёння недастаткова ведаюць адзін пра аднаго і чаму нам так важна хадзіць у бібліятэку, распавёў гараджанам Часова Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, які 23 верасня наведаў з візітам Баранавічы, завітаўшы ў тым ліку ў  Цэнтральную гарадскую бібліятэку і ў рэдакцыю Intex-press.

Апроч дзясяткаў мастацкіх кніг і DVD з творамі амерыканскіх і англійскіх аўтараў у падарунак баранавіцкай бібліятэцы імя В. Таўлая, Майкл Скэнлан прывёз у наш горад і перасоўную фотавыставу “Амерыка вачыма беларусаў” – сумесны праект Нацыянальнай Акадэміі Беларусі і Амбасады ЗША.

“Пра сваё жаданне ўдзельнічаць у гэтай выставе выказаліся дзясяткі беларускіх фатографаў, якія даслалі на конкурс больш за дзвесце здымкаў, – заявіў Майкл Скэнлан. – Гэта сведчыць пра тое, што ў беларусаў ёсць інтарас да Амерыкі, да яе культуры і ўнутранага жыцця. І не дарма выстава экспануецца сёння ў бібліятэцы, бо менавіта бібліятэкі – гэта тыя цэнтры, якія захоўваюць і перадаюць веды грамадству.

Вельмі важна, каб бібліятэкі спрыялі бесперашкоднаму доступу грамадзян да інфармацыі. Спадзяюся, што і гэта выстава дапаможа таму, каб грамадствы нашых краін лепей зразумелі адно аднаго і імкнуліся далей развіваць узаемадачыненні. Часам мы забываемся пра гэта”.

РЕКЛАМА

Часова Павераны крытычна выказаўся наконт таго, што беларускія ўлады ў апошнія гады ў аднабаковым парадку скарацілі прадстаўніцтва Амерыкі ў нашай краіне. Як вынік – сёння беларусы не могуць атрымаць амерыканскую візу ў сваёй краіне, а культурна-сацыяльныя кантакты паміж абодвума народамі недастаткова наладжаныя. Сімптаматычна, што сваё выступленне перад баранавіцкай аўдыторыяй Майкл Скэнлан пачаў па-беларуску.

На жаль, імпульс амерыканскага дыпламата не падтрымала ні кіраўніцтва аддзела культуры Баранавіцкага гарвыканкама, ні адміністрацыя бібліятэкі, якія традыцыйна выступалі па-расійску.

Па прызнанні Майкла Скэнлана, яго цікавіць багатая беларуская гісторыя і наша мова, якую ён пачаў вывучаць, нягледзячы на свой ужо даволі сталы век: “Мяне ўразіла багатае мінулае Беларусі, ваша еўрапейская гісторыя. Калі даведваешся пра тое, як шмат беларускіх гарадоў мелі калісьці магдэбургскае права, права на самакіраванне, тады разумееш, што вам не трэба прыдумляць новых рэформаў, варта толькі аднавіць тое, што ўжо калісьці было ў вашай гісторыі”, – падзяліўся думкамі з прысутнымі Майкл Скэнлан, які перад візітам у бібліятэку наведаў жыхароў вул. Паркавай, каторыя сёння ўсяму гораду дэманструюць выдатны ўзор арганізацыі мясцовага самакіравання.

Нагадаем, дзякуючы ўласнай ініцыятыве жыхароў некалькіх шматпавярховікаў па Паркавай і пры фінансаванні “Праграмы малых грантаў Амбасады ЗША ў РБ”, людзі здолелі за амерыканскія грошы вырашыць свае мясцовыя праблемы: асвятлілі і добраўпарадкавалі тэрыторыі некалькіх двароў і пабудавалі ўзорную гульнёвую пляцоўку для сваіх дзяцей.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up