19 верасня 2010 года культурна-рэлігійнае грамадства адзначае 280-я ўгодкі каранавання Іконы Маці Божай Жыровіцкай. Каранаванне абразу надае яму статус галоўнай для гэтых мясцін выявы міласэрнай апекі. Гэта быў першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі санктуарый, альбо святыня, атрымаўшая каралеўскі прывілей. Каб ацаніць значэнне гэтай падзеі для незалежнай краіны, трэба зазірнуць у яе гісторыю непрадузятым вокам.
Дакладныя звесткі пра духоўнае жыццё Рэчы Паспалітай 17-18 ст. сведчаць аб тым, што федэратыўная дзяржава налічвала ў саставе свайго беларускага насельніцтва (ліцвінаў) 80% асобаў уніяцкага веравызнання. Менавіта да гэтага “залатога веку” гісторыі краіны адносіцца пік ушанавання іконы Маці Божай Жыровіцкай.
Сціплы авал з яшмы з рэльефнай выявай Маці Божай з Дзіцём на правай руцэ стаў не толькі прадметам узнёслага культу, але і аб’ектам сур’ёзных даследаванняў. Паводле гісторыка І. Нардзі, нерукатворная святыня з’явілася пастушкам 7 мая 1470 г. у лясным гушчары на грушы-дзічцы. Падскарбі польскага караля Казіміра Ягелончыка Аляксандр Солтан захаваў знаходку ў куфэрку, але праз нейкі час не знайшоў яе на месцы, ікона Багародзіцы знікла. У хуткім часе зніклы “каменьчык” зноў быў знойдзены на той жа самай грушы.
Угледзеўшы ў гэтым здарэнні Знак Божы, Солтан пастанавіў пабудаваць храм у гонар Багародзіцы. Яшчэ адзін раз Ікона знікла ў 1560 годзе. Старая драўляная царква згарэла, i людзі палічылі, што разам з ёй згарэла i Ікона. Але знoў здарыўся цуд: дзеці, што гулялі недалёка ад пажарышча, раптам заўважылі пад гарой на камені палаючую свечку, а ля яе – незвычайнае прыгажосці жанчыну, якая малілася. Уражаныя, яны пaбeглі да тамтэйшага святара. На ўказаным дзецьмі месцы ён знайшоў зніклую Ікону Дзевы Mapыi. З вялікай пашанаю мясцовыя жыхары перанеслі ў хату святара цудоўна зной-дзеную Ікону. Там яна захоўвалася да адбудавання новай царквы.
Шматлікія вылячэнні і падзеі, якія людзі звязвалі з Іконай, датычыліся розных людзей, у тым ліку славутых з роду Солтанаў, Войнаў, Палубінскіх, Радзівілаў, Сапегаў, Слізняў, Хадкевічаў ды інш. Пабожную апеку ў адносінах будаў-ніцтва і матэрыяльнага ўтрымання храмава-манастырскага комплексу ажыццяўлялі пачынаючы з 1644 г. каралі Уладзіслаў IV, Ян ІІ Казімір, Ян ІІІ Сабескі, Аўгуст ІІ і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Ад пачатку 17 ст. фундатарамі св. Успенскага манастыра Базыліянаў былі Ян Мялешка і Даніла Солтан, канцлер ВКЛ Леў Сапега, якія ахвяравалі Жыровіцкаму манастыру значную частку сваёй маёмасці і землі.
Вёска Жыровіцы ў тыя часы мела статус мястэчка, якое ў 1652 годзе атрымала Магдэбургскае права, а ў 1730 г. узнеслася да трыўмфу яднання веры. У прысутнасці 140 тысяч вернікаў урачыстае каранаванне абраза здзейснілася праз благаславёныя папам Кліментам ХІІ кароны, якія ўсклаў уніяцкі мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі Апанас Шапціцкі.
Абраз быў аздоблены каштоўнымі камянямі, падараванымі Ганнай Радзівіл з Сангушкаў. Менавіта для цырымоніі каранацыі была напісана жывапісная копія іконы Madonna del Paskolo, альбо “Замілаванне”, якая цудоўна з’явілася з-пад абсыпанага тынку ў 1718 г. на муры храма святых мучанікаў Сяргея і Вакха ў Рыме. Гэты спісак сёння можна назіраць над алтарам касцёла св. Андрэя ў Слоніме. Страчаны падчас Другой сусветнай вайны, абраз у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя дзіўным спосабам трапіў да пробашча касцёла айца Вітальда.
Звяртаючыся да апісаных падзей, трэба засведчыць, што першым ігуменам Жыровіцкага манастыра перыяду надання яму сучаснага архітэктурнага ансамбля быў іераманах уніяцкага ордана Базыліянаў Язафат Кунцэвіч, які пехам прыходзіў у Жыровіцы з Базыліянскага паселішча Быцень. Менавіта ў Быценскай Свята-Успенскай Царкве цудоўна захаваўся з тых даўніх часоў трэці (пасля Рымскага і Слонімскага) спісак ужо каранаванай іконы “Маці Божай Замілавання Жыровіцкай”. Значную ролю ў справе ідэнтыфікацыі абразу адыграў праваслаўны святар Грыгорый Піліпчук.
Апрача святога Язафата светлую цень Жыровіцкай Багародзіцы ацяняла жыццё біскупа Пінскага і Тураўскага Якіма Цеханавецкага. Ён жыў паводле суровых правіл манаскага жыцця і памёр 4 красавіка 1719 г. Шанаванне ўладыкі Якіма не перамянілася з ліквідацыяй уніі. Будучы семінарыстам, я не без здзіўлення даведаўся на ўзроўні слухаў аб таемнай праваслаўнай паніхідзе, што адбываецца 4 красавіка ў крыпце храма над нятленнымі мошчамі “нейкага” ўніяцкага іерарха.
Жыровіцкі манастыр да гэтага часу застаецца гістарычна і культурна неабазнанай, але духоўна існай спадчынай веруючых, падзеленых уласнымі супярэчнасцямі. А яшчэ менш як 200 год таму тут маліліся адначасова праваслаўныя і каталікі, праводзячы свае набажэнствы па двух – лацінскім і грэцкім – абрадах. У 18 ст. была адкрыта духоўная семінарыя, пры якой існаваў школьны тэатр з п’есамі на лацінскай, польскай, беларускай мовах. У павятовым трохкласным вучылішчы для свецкіх асобаў вывучалі філасофію, ла-ціну, польскую, рускую, французскую мовы, таксама права, алгебру, трыганаметрыю, хімію, музыку. Пры манастыры быў арган, некалькі фізгармоній, аркестр з двух фартэп’янаў, 11 скрыпак, 5 трубаў, басэтлі. Тут была вялікая бібліятэка з рэдкім рукапісам Жыро-віцкага Евангелля і архіў. Да пачатку 19 ст. уніяцкая царква карысталася ў літургіі царкоўна-славянскай і старабеларускай мовай, замацаванай ў 1636 г. як мова казанняў.
14 сакавіка 1653 г. Свяцейшы Патрыярх Нікан благаслаўляе, па ацэнцы В. Ключэўскага, “добрейшей русской души, благоверного царя Алексея Михалыча” на “сіе благое дело”, г.зн. вайну супраць Рэчы Паспалітай. Выжыўшыя ў той “Невядомай вайне”, перадусім найбольш здольныя рамеснікі і дойліды, трапілі ў маскоўскі палон. Уніяцкая царква апынулася на мяжы гібелі, Жыровіцкі манастыр быў спалены і абрабаваны казакамі атамана Залатарэнкі ў 1655 г.
Пасля Андросаўскага перамір’я 1667 г. урад Рэчы Паспалітай і асабіста кароль Ян ІІІ Сабескі ўзмацнілі падтрымку Уніі. Таму ў 1671 г. намаганнямі ігумена Пятра Мімонскага быў адбудаваны Успенскі сабор, галоўны храм манастыра Базыліянаў, а ўжо 1672 год адзначаны ўзвядзеннем Багаяўленскай царквы на месцы другога з’яўлення іконы. У 1710 г. узведзены будынак семінарыі, а ў 1769 на ўзгорку адчыніліся брамы трэцяга, манастырскага храма-кальварыі Узвышэння Святога Крыжа. Урэшце на могілках мястэчка ў канцы 18 ст. пабудавана Св.-Георгіеўская царква. Да 1810 г. у Жыровіцах размяшчалася рэзідэнцыя Брэсцкага ўніяцкага епіскапата.
“Залаты век” Жыровіц працягваўся да 1773 года, калі далучэнне ўсходняй Беларусі да Расійскай імперыі стала пачаткам забароны дзейнасці Царквы ўсходняга грэка-каталіцкага абраду. Загад цара Мікалая І 1839 г. аб канчатковай ліквідацыі Уніі робіць праваслаўе пануючай дзяржаўнай рэлігіяй, уніфікуючай царкоўныя структуры, перабудоўваючай былыя ўніяцкія храмы на Маскоўскі лад. Справа “перамянення” адбылася і з Жыровіцкім Св. Успенскім Манастыром. Унікальная спадчына была рэканструявана. У 1828 г. фасаду Успенскага сабора нададзены рысы псеўдакласіцызму: замест збітых вежаў прыбудаваны дэкор дарычнага ордэра, у інтэр’еры храма знесены бакавы амбон. Тым часам усяго ў каталіцкіх храмах “разабрана”, уласна кажучы, паламана 440 бакавых амбонаў і аж 114 арганаў.
Каштоўнейшыя фаліянты разам з архівам былі адпраўлены ў Вільню і Пецярбург. У 1915 годзе была зачынена Духоўная семінарыя, а цудатворны абраз трапіў у Маскву, адкуль, хаця і без большасці аздобаў, але ўсё ж вярнуўся да свайго месца. Дзейнасць семінарыі была адноўлена пасля Вялікай Айчыннай вайны, але падчас хрушчоўскай “адлігі” ў чарговы раз спынена. Намаганнем мітрапаліта Філарэта Мінская Духоўная Семінарыя зноў распачала прыём студэнтаў у 1989 годзе, роўна праз 150 год пасля скасавання ўніі.
Сёння дзіўна і балюча за тыя падзеі мінуўшчыны, што падзялілі беларусаў на “праваслаўных” ды “каталікоў”, бо, як кажа Евангелле, “дом, падзелены ў самым сабе, не ўстоіць”[Мц 12, 25].
Таму ў наш час, успамінаючы падзеі каранавання абраза Маці Божай Жыровіцкай, мы, як 280 год таму нашы дзяды, узносім малітвы духоўнай еднасці беларусаў у надзеі нацыянальнага адраджэння нашай шматпакутлівай краіны. А дванаццаць старажытных спіскаў Маці Божай Жыровіцкай, як і сам арыгінал, маючы зеленаватае адценне – колер надзеі, усяляюць надзею і ў нашы душы.