Автор: Тамара САВІЧ

15:41, 16 сентября 2010

Общество

remove_red_eye 158

Усе заняткі па-беларуску

«Мяне яшчэ ніхто так многа  не фатаграфаваў», – кажа першакласніца Яся і сарамліва хавае вочкі. Але да нас яе ўжо здымалі два тэлеканалы. Гэтая ўвага ад таго, што такіх, як яна, у Баранавічах яшчэ толькі дзве дзяўчынкі.

Яся Малашчанка, Аліса Філіпчык і Вераніка Міхальчук – вучаніцы адзінага ў нашым горадзе беларускамоўнага класа, які адкрыўся 1 верасня на базе сярэдняй школы № 14.

Панядзелак 13 верасня ў дзяўчат пачаўся з урока “Уводзіны ў школьнае жыццё”. “Палічыце, колькі намалявана квадратаў, якога прадмета не хапае на малюнку?” – кажа настаўніца словы, якія для дзяўчынак не патрабуюць удакладнення альбо перакладу. Яны напаўголас лічаць прадметы: “У трэцім радку не хапае трохвугольніка!”
“Мне падабаецца настаўніца і падабаецца вучыцца па-беларуску”, – дзеліцца Яся, якая і на перапынках размаўляе з сяброўкамі па-беларуску.

Усе заняткі, нават музыка, дзе дзяўчат вучаць іграць на дудачках, праходзяць на беларускай мове. А вось на фізкультуру Яся, Вераніка і Аліса ходзяць разам з рускамоўным класам: па агульнай згодзе  настаўнікаў і бацькоў было вырашана, што дзяўчатам так цікавей. 

РЕКЛАМА

“Нам у гарвыканкаме далі заданне зрабіць  у нашай школе беларускі клас. Другая справа, што школа ў нас перапоўнена. Але мне спадабалася ідэя. Нягледзячы на тое, што гэта нятанна абыдзецца, мне даспадобы, што мы стварылі  адзіны ў Баранавічах беларускамоўны клас,  –  адзначыў дырэктар СШ № 14  Мікалай Рудой, лёгка перайшоўшы ў гутарцы з карэспандэнтам «IP» з рускай мовы на беларускую.  

Як расказвала настаўніца першакласніц Ірына Міхальчук, першыя дні ў класе  навучалася толькі адна з дзяўчынак – Яся: “Было нязвыкла весці ўрок толькі для адной вучаніцы, але цікава, Яся зусім нядрэнна для яе ўзросту  ведае мову, бацькі дома размаўляюць па-беларуску. Трошкі пазней да Ясі далучылася Аліса. Яе бацькі таксама любяць  беларускую мову і жадалі, каб іх дачка вучылася  ў беларускамоўным класе. Ну і, нарэшце,  мы ў нашай сям’і вырашылі, што і наша дачка Вераніка таксама будзе вучыцца тут”.

Падручнікаў, па словах настаўніцы,  для заняткаў хапае – буквары, дапаможнікі на беларускай мове, а вось вельмі карысны для вучняў сшытак “Інфарматыка ў гульнях”  пакуль што Ірына Міхайлаўна перакладае на беларускую мову самастойна: набірае на камп’ютары заданні і прымацоўвае замест заданняў па-руску.

Па словах маці Ясі Малашчанкі, Таццяны, яны з мужам з самага  пачатку вучылі дачку па-беларуску і пытанне аб выбары мовы навучання не стаяла. “Спачатку мы былі ўпэўненыя ў тым, што аніякіх сур’ёзных праблем з навучаннем нашага дзіцяці не будзе, – сказала Таццяна Малашчанка. – Мы вусна  звярнуліся ў аддзел адукацыі з просьбай аб адкрыцці такога класа, і нас запэўнілі, што клас будзе створаны, нават калі там будзе толькі наша дзіця. Але прайшло лета – і ніякага варушэння”.

 Тады ж, як расказвае Таццяна, яны занеслі пісьмовую заяву ў гарвыканкам. “Нам прапанавалі нязручную па месцазнаходжанні школу № 13, і выслухаць нашыя заўвагі, што нам гэта нязручна, не захацелі.

Тады я сама пайшла па школах. Нарэшце мы знайшлі паразуменне ў школе № 14. Я ўпэўнена, што наша дзіця павінна навучацца на беларускай мове. Так правільна”.  

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up