Автор: Людміла СЦЯЦКО

14:58, 3 сентября 2010

Политика

remove_red_eye 148

Віталь Рымашэўскі: “Адзінага кандыдата ад апазіцыі не будзе”

Падчас візіту ў Баранавічы  23 жніўня ў рамках тура па гарадах Беларусі патэнцыяльны кандыдат у прэзідэнты Беларусі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі распавёў сябрам партыі і журналістам пра тое, якім ён бачыць будучага прэзідэнта краіны, чаму на выбарах не будзе адзінага кандыдата ад апазіцыі і за што ён трапіў у чорны спіс беларускай гей-супольнасці.

Пра барацьбу са злом і шансы на перамогу

Па маіх адчуваннях, час беларускай хрысціянскай дэмакратыі прыйшоў, а, як вядома, ні адно войска не можа спыніць ідэю, калі надышоў яе час.

Нам зараз трэба проста не стаяць на шляху гэтай ідэі і старацца быць годнымі тых словаў, што мы кажам, і тых рэчаў, пра якія распавядаем. Мы не змагаемся супраць кагосьці персанальна, не кажам, што наша задача – скінуць Лукашэнку. Мы змагаемся супраць зла. Калі гэта зло нясе Лукашэнка, мы выступаем супраць яго, калі нехта іншы – няхай ён сотні разоў будзе заяўляць, што ён дэмакрат, – мы будзем змагацца і супраць яго, бо тут мы не павінны быць крывадушнікамі.

РЕКЛАМА

Многія кажуць, трэба яшчэ пачакаць, «прыстраляцца» да наступных парламенцкіх выбараў. Але тыя, хто бачыць рэальныя праблемы людзей, разумеюць, што, як кажуць расейцы, «промедление смерти подобно». Таму што ў нашай краіне «промедление» – гэта кожны год на 60 тысяч беларусаў менш  з-за абортаў, на дзясяткі тысяч больш алкаголікаў. Канешне, зараз шансаў перамагчы Лукашэнку – адна стотысячная ў кожнага кандыдата, але, ведаеце, тое, што немагчыма для чалавека, магчыма для Бога. І калі нават не будзе гэтай перамогі сёння, прэзідэнт ад БХД усё роўна будзе, і мы яшчэ будзем мець большасць у парламенце.

Пра антыкарупцыйную ролю самакіравання

Ёсць добрыя рэчы, добрыя словы – праўда, свабода, справядлівасць, барацьба з карупцыяй – і, канешне, гэтыя добрыя словы часта ўжываюць не вельмі сумленныя і не вельмі добрыя людзі. Але гэта не значыць, што калі нехта скарыстаў іх у сваіх мэтах, ад гэтых рэчаў трэба адмаўляцца. Карупцыі ў Беларусі не павінна быць, яна забівае беларускі народ, нашу эканоміку і нашу краіну, гэта тое, пра што літаральна крычаць людзі. Што сказаў Лукашэнка, калі прыходзіў да ўлады: я перамагу карупцыю.

Мы кажам: мы разам з вамі пераможам карупцыю, калі дадзім вам магчымасць кантраляваць уладу. Якім чынам? Вельмі проста: меры павінны выбірацца, выбары не павінны фальсіфікавацца. Жыхары двара павінны вырашаць, што ў іх двары будзе – дзіцячая пляцоўка альбо сметніца. Гэта наша праграма – даць людзям магчымасць на максімальна нізкім узроўні вырашаць тое, як яны павінны жыць. Калі гаворка ідзе пра Баранавічы, то не ў Менску па-вінна вырашацца, як у Баранавічах павінны жыць. Зрэшты, адзін з пунктаў нашай праграмы датычыцца тэрытарыяльнага дзялення Беларусі. Па-мойму, не вельмі зручна, калі Баранавічамі кіруе Берасце. Таму што гэта далёка, ды і Баранавічы – вялікі цэнтр, які можа быць самастойнай адмі-ністрацыйнай адзінкай, цэнтрам вобласці. Так што, калі я стану прэзідэнтам, рыхтуйцеся стаць абласным цэнтрам.

Пра адзінага кандыдата ад апазіцыі

Нягледзячы на тое, што я станоўча стаўлюся да таго, каб дэмакратычныя сілы на прэзідэнцкіх выбарах прадстаўляў адзіны кандыдат, я ўпэўнены, што гэтага не будзе. Чаму? Па-першае, таму, што як беларускі прэзідэнт не залежыць ад беларускага народа, так беларускія апазіцыйныя лідары мала залежаць ад актывістаў. Яны кажуць пра што заўгодна перад выбарчай кампаніяй: мы пойдзем на выбары, калі Захад падтрымае, пойдзем, калі Расія падтрымае, але ніхто не гаворыць пра падтрымку шараговых актывістаў. У рэгіёнах мне часта даводзіцца чуць: «Мы хочам, каб быў   адзіны кандыдат». На што я кажу: «Так, вы хочаце, але тым, хто ў Менску, умоўна кажучы, усё роўна, што вы хочаце». Калі нашы лідары пачнуць залежаць ад свайго народа, у тым ліку і фінансава, і будуць арыентавацца не на заходнюю і ўсходнюю падтрымку, а на падтрымку беларускіх людзей, тады можна будзе нешта мяняць.

Па-другое, адзінага кандыдата няма з-за адсутнасці палітычнай культуры, якая б нам дазваляла дамаўляцца. На жаль, многія беларусы апошнім часам жывуць па прынцыпе: добра не калі мне добра, а калі ў суседа хата згарэла. Гэта ментальнасць праяўляецца і ў бізнэсе, і ў палітыцы. Калі заходзіць гаворка пра вылучэнне адзінага кандыдата, людзі пачынаюць пералічваць такія рысы, з якіх вымалёўваецца партрэт сябе любімага. Няўжо не зразумела, што на такую прапанову ніхто не згодзіцца? Па-мойму, гэта такая спроба выйграць у дробязі і прайграць у нечым вялікім.

Пра гарант незалежнасці

Лукашэнка – такі ж гарант незалежнасці, як рускія палітыкі – гарант дэмакратыі. На жаль, на тых выбарах, калі ён быў абраны прэзідэнтам, у беларусаў быў выбар, што называецца, з двух зол меншае. Я лічу, што, калі б тады выбралі Кебіча, гэта было б большым злом і сёння мы б не мелі ўжо сваёй краіны. Так, Расія зараз узяла курс на знішчэнне Лукашэнкі, яна ўзмацняе свае ўплывы і ў апазіцыі, і іншыя шляхі шукае, я перакананы. У нашай краіны два выйсця: пакінуць ўсё, як ёсць, рызыкуючы, што Захад не будзе даваць крэдыты, а Расія зноў перакрые краны, і прывесці краіну да калапсу. Другі варыянт: пайсці на свабодныя выбары і адкрыцца Еўропе. Канешне, хацелася б, каб быў другі варыянт.


Пра першыя крокі

Калі мы пераможам на выбарах, думаю, не толькі першы дзень, але і першы месяц трэба будзе займацца тым, што прызначаць на кіруючыя пасады тых людзей, якія павінны кіраваць. Канешне, адным з першых дзеянняў будзе прызначэнне парламенцкіх выбараў і вяртанне дзяржаўных сімвалаў. Безліч чаго трэба будзе рабіць, але калі мы скажам, што адразу ўсё зменім, мы прывядзем да калапсу краіну. Таму трэба будзе працаваць шмат, але паступова мяняць усе ўказы і вярнуцца да канстытуцыі хаця б варыянту 2004 года.

Пра брудную палітыку і светлую веру

Кажуць, палітыка – брудная рэч. А што ёсць чыстае ў нашым жыцці? Хрысціяне, веруючыя людзі  павінны займацца палітыкай, таму што мы павінны змагацца за гэты свет і ні адну сферу не аддаваць брудным людзям. Палітыка, мастацтва, кіно, тэлебачанне, музыка – брудныя рэчы, калі імі займаюцца брудныя людзі з такімі ж мэтамі. Наша задача прынесці ў палітыку прыклад новай палітычнай культуры. Безумоўна, палітыка – гэта вялікая спакуса, таму што ў ёй сканцэнтраваны ўсе магчымыя спакусы. Тым больш хрысціянам туды трэба ісці і змагацца.

Пра аборты і аднаполыя шлюбы

Некаторыя СМІ пісалі, што, калі БХД прыйдзе да ўлады, мы забаронім аборты. Гэта несапраўдная, хлуслівая інфармацыя, якая не пацверджана ні адным фактам і выказваннем. Ні адзін лідар БХД ніколі не казаў, што мы выступаем за забарону абортаў. Мы казалі пра тое, што аборты – гэта забойства, трагедыя, і трэба з гэтым змагацца. Але калі іх заўтра забараніць, то павялічыцца колькасць крымінальных абортаў і будуць паміраць не толькі дзеці, але і жанчыны, якія будуць рабіць гэта падпольна. А вось зменшыць колькасць абортаў, я перакананы, магчыма. Я не думаю, што нават жанчыны, якія кажуць, што аборт – гэта нармальная з’ява, з лёгкасцю на гэта ідуць. Мы кажам пра сямейныя каштоўнасці, для нас прыярытэт – жыццё кожнага чалавека і тое, што для яго даражэй за ўсё – яго сям’я.

Адмоўна я стаўлюся і да легалізацыі аднаполых шлюбаў, пра што адкрыта кажу. Таму я ўпэўнены, што прадстаўнікі сэксуальных меншасцяў мяне не падтрымаюць. На сайце беларускіх геяў і лесбіянак я нават у «чорным спісе». Калі да вас будуць прыязджаць іншыя кандыдаты, па-цікаўцеся, як яны ставяцца да такіх шлюбаў. Я перакананы, што той чалавек, які хоча ў Беларусі перамагчы, адкажа вам так, як я. Той, хто думае пра заходніх «донараў», адкажа па-іншаму.

Пра прэзідэнта, які патрэбны краіне

РЕКЛАМА

Сучаснай Беларусі патрэбны той прэзідэнт, які будзе любіць і паважаць беларусаў. Гэта галоўная якасць, я лічу, таму што насамрэч любіць і паважаць людзей не вельмі проста, асабліва, калі ты іх бачыш, бачыш грахі людзей. У кожнага ёсць добрыя і дрэнныя бакі, але трэба верыць у людзей і дапамагаць ім. І беларускаму народу патрэбны менавіта такі чалавек.

Даведка INTEX-PRESS

Рымашэўскі Віталь Анатольевіч нарадзіўся ў 1975 годзе ў Менску. У 1997 годзе скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, па спецыяльнасці інжынер-будаўнік. Працуючы пасля заканчэння ВНУ, прайшоў шлях ад шараговага супрацоўніка да начальніка тэхнічнага аддзела. Прафесійна палітыкай займаецца з 1996 года. З 1996 г. – член Каардынацыйнай Рады “Беларускага аб’яднання маладых палітыкаў”, у 2002-2004 гг. – член Прэзідыума Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадскіх арганізацый «Рада».

Жанаты, мае дачку. Зараз жыве і працуе ў Менску.

Темы:
Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up