Автор: Аляксей БЕЛЫ

13:13, 20 августа 2010

Культура

remove_red_eye 121

За натхненнем – на радзіму

«Мастак нічога не прыдумвае, нічога не прыхарошвае, а  аддаецца  ўладзе цудоўнага, без хібаў прыроды, мудра пабудаванага свету. І гэта радасць жыцця, асалода ад вечнай прыгажосці жывой прыроды перадаецца нам…» – так піша пра нашага земляка, ураджэнца Баранавіч,   Андрыяна Жудро, доктар мастацтвазнаўства прафесар Рыгор Астроўскі.

Адкуль бярэ пачатак творчасць

Ужо адзінаццаць год Андрыян жыве і працуе ў Ізраілі. А нарадзіўся і вырас ён у нашым горадзе. Пачынаў вучыцца ў школе нумар шаснаццаць, а  закончыў васемнаццатую. У Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава паступіў з першага разу, паспяхова здаўшы экзамены па малюнку, жывапісе і кампазіцыі. Здзіўляцца гэтаму не даводзіцца.

Як расказвае Андрыян, рыхтавала  яго да паступлення ў вучылішча вядомая  мастачка Надзея Гаўрылаўна Бранавец, а курыраваў падрыхтоўку наш знакаміты зямляк Уладзімір Паўлавіч Рамейка. Дарэчы, маляваць хлопчык пачаў яшчэ ў дзіцячым садку, пераймаючы  бацьку, – той працаваў мастаком-афармляль-нікам на аўтаагрэгатным заводзе. Пры гэтым Андрыян чамусьці хацеў маляваць Леніна: бацька часта рабіў партрэты правадыра на заказ начальства. І хлопчыку  казалі, што, каб маляваць Леніна, трэба спецыяльны дазвол, а проста так – нельга.

РЕКЛАМА

Па ўсёй зямлі, ад краю і да краю…

У войску Андрыян служыў на Далёкім Усходзе, у Хабараўску. Вярнуўшыся дадому, пайшоў працаваць у краязнаўчы музей рэстаўратарам. Забягаючы наперад, хочацца адзначыць, што ў цяперашні свой прыезд Андрыян і яго жонка Ганна, таксама мастачка, вырашылі падарыць Баранавіцкаму краязнаўчаму музею па адной сваёй рабоце.

Работы Андрыяна Жудро заклікаюць да глыбокага роздуму

Работы Андрыяна Жудро заклікаюць да глыбокага роздуму

А тады, у васьмідзесятых, папрацаваўшы ў родным горадзе з паўгода, Андрыян вырашыў зноў вярнуцца ў Хабараўск.  На Далёкім Усходзе ён пражыў дзесяць год. Паводле слоў мастака, усё ў яго там было цудоўна: дзве кватэры ў цэнтры горада, вялікая майстэрня. «Я быў вольны мастак», – успамінае ён.

У 1999 годзе  Андрыяну споўнілася 33, і ён  «…захацеў паспытаць тое, што адчуваў Хрыстос, і увогуле нешта паламаць у жыцці». Так ён з Далёкага Усходу трапіў на Блізкі.

У Ізраілі пачынаў усё з нуля. Ні сяброў, ні блізкіх. Праўда, зносін хапала.  Але там, як сцвярджае Андрыян, яны зусім іншыя. Заўсёды трэба папярэдне патэлефанаваць, узгадніць сустрэчу. «Кожны там жыве  ў сваім свеце, вельмі паралельным, – гаворыць творца. – Праўда, і часу на сустрэчы амаль няма. Так што на гэтым не зацыкліваемся». Але зносіны – гэта найперш мова. Як лічыць Жудро, каб авалодаць мовай, яе трэба палюбіць. Жывеш у краіне, у якую прыехаў, – жыві па яе правілах. У яго мова «пайшла» ў той меры, у якой яна яму неабходная – на іўрыце ён і піша, і чытае, і размаўляе.

Жывуць яны з жонкай Ганнай у прыгарадзе Тэль-Авіва –  горадзе Халон. На радзіму Андрыяна, у Баранавічы, апошнім часам наведваюцца штогод. Сюды ён заўсёды  прыязджае, каб набрацца сілы ад роднае зямлі, надыхацца родным паветрам. У якіх мясцінах яны з жонкай тут бываюць? Мірскі замак, Нясвіж, Мінск, Гомель… У бліжэйшых планах – з’ездзіць у музей Марка Шагала ў Віцебску.

Ці заўважае ён, якія змены? На гэта пытанне Жудро адказвае проста: я сустракаюся тут не з дзяржавай, а з людзьмі. І людзі не мяняюцца. Хто рос – расце і далей, хто стаяў – і цяпер такі ж. Усцешвае нашага земляка тое, што ў лепшы бок змянілася беларуская мытня:  там ставяцца да людзей больш добразычліва, чым раней. Брама ў краіну павінна быць адчынена, мяркуе Андрыян.

Творчасць – гэта свята

 Здараюцца і дзелавыя паездкі мастака ў нашы мясціны. Летась удзельнічаў у міжнародным пленэры ў Ма-гілёве разам з калегамі з Польшчы, Чарнагорыі, Славеніі, Расіі, Украіны. У магілёўскім музеі цяпер захоўваюцца тры яго работы. «Пленэр – гэта свята для мастакоў, – сцвярджае ён. – Вось і сёлета з жонкай былі ў Слаўскім, у Карпатах. Там сабраліся мастакі з чатырох краін. Якая цудоўная там прырода, якія шчырыя людзі!»

Работы Андрыяна Жудро заклікаюць да глыбокага роздуму

Работы Андрыяна Жудро заклікаюць да глыбокага роздуму

РЕКЛАМА

А вынікам такіх вандровак робяцца  выставы, выданне каталогаў, набыццё работ аматарамі ва ўласныя калекцыі. Нават дома, у бацькоў, мастакі не развітваюцца з пэндзлем. Дарэчы, у бацькоўскім доме захоўваецца шмат юначых работ Андрыяна. Гэта і пейзажы, і нацюрморты, і партрэты. Вядома, стыль напісання ў мастака змяніўся, але і па студэнцкіх працах відаць, што ў чалавека – Божая жарынка. Ну а сучасны Андрыян Жудро, як пішуць крытыкі, гэта творчы тэмперамент, псіхалогія вобраза, экзотыка і дынамічнасць. Нават па каталогах відаць, якое цудоўнае ў яго спалучэнне фарбаў, калі ён малюе прыроду, як сур’ёзна ён працуе над вобразамі сваіх герояў. А тэмы мастак выбірае самыя розныя.

Тут табе і старажытныя пабудовы, і Сцяна плачу, і эпізоды нетаропкага габрэйскага жыцця. Дарэчы, і яго хобі цесна спалучаецца з асноўным заняткам – Андрыян захапляецца фотамастацтвам і ўжо правёў дзве персанальныя выставы. Ну а выстаў чыста мастацкіх у яго было шмат – і ў Хабараўску, і ў Іерусаліме, і ў Тэль-Авіве, і ў іншых гарадах, у тым ліку і  каля дзесятка выстаў персанальных. З яго творчасцю знаёмыя ў Чэхіі, Беларусі, Расіі, Украіне. А яшчэ Андрыян афармляе кнігі. Адна з апошніх яго прац у гэтым накірунку – кніга доктара філалогіі, сябра Саюза тэатральных дзеячаў Ізраіля, сябра Саюза пісьменнікаў Расіі Галіны Падольскай «Марк Шагал. Биографическая феерия».

Побач – блізкія па духу

У жонкі Ганны, калі гаварыць пра яе творчасць, зусім іншы стыль – сюрэалізм, абстракцыя, трошкі мадэрнізм. У яе каларытная палітра, сакавітыя фарбы, вельмі цікавыя вобразы. Яе работы аб’ядноўвае экспрэсія ліній і колеру. Дарэчы, Ганна Зарніцкая (так завуць жонку Андрыяна), таксама нарадзілася ў СССР – у Сібіры. У Ізраілі яна ўжо 20 год. Там яны і пазнаёміліся. Разам працавалі, а потым, па яе словах, гэта перарасло ў нешта большае… Між іншым Ганна – старшыня аб’яднання прафесійных мастакоў краіны, у якое ўваходзяць каля 130 творцаў. Сярод іх шмат выхадцаў з Беларусі – Эдуард Левін, Іосіф Капелян, Барыс Караванаў…

Відавочна, што дома, у Беларусі,  Андрыяну добра. Завіхаюцца бацькі, побач – брат з сям’ёю. Праўда, некаторыя звычкі, якія тут былі, ён ужо страціў. Яго тата Вячаслаў Аляксандравіч і маці Святлана Аляксандраўна і цяпер могуць узяць стрэльбы і падацца на паляванне альбо з вудамі ў рыбу. А вось Андрыян, які ўдала паляваў некалі ў Хабараўску, цяпер гэтым не займаецца. Проста няма дзе.

І яшчэ адно пытанне захацелася задаць нашаму земляку. У сродках масавай інфармацыі на постсавецкай прасторы не-не ды і з’яўляюцца звесткі пра бамбёжкі, абстрэлы і іншыя трагедыі ў Ізраілі. «Мне вельмі крыўдна, што такое пішуць і гавораць пра краіну, у якой я жыву, – гаворыць ён. – У нас  спакойная зямля, амаль няма злачыннасці, людзі сацыяльна абароненыя. Вядома, на мяжы нешта час ад часу адбываецца, але мы гэтага не бачым і не чуем. І ўвогуле, у дарожных здарэннях людзей гіне значна  болей, чым у такіх канфліктах».

За мяжой, як гаворыць наш герой, сваё жыццё. Там спатыкацца нельга. Трэба цвёрда стаяць на нагах. А гэта значыць, трэба вельмі шмат працаваць.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up