Автор: Алесь Гізун

15:37, 5 августа 2010

Спецпроекты

remove_red_eye 172

Агарэвічы. Сляды спадчыны

Сядзібавы дом Апацкіх у Агарэвічах пасля нядаўняй перабудовы  пачаў больш нагадваць сучасны катэдж, чым стары радавы маёнтак XIX стагоддзя. І ўсё ж Агарэвіцкая сядзіба – ледзь не адзінае цэласна захаванае да нашых дзён старашляхецкае котлішча на Ганцавіччыне.

Учора

Маёнтак у Агарэвічах быў прапісаны яшчэ ў дакументах канца XVII стагоддзя. І належаў ён заможнаму шляхецкаму роду Свяржынскіх, герба «Пагоня». У першай палове XIX стагоддзя Свяржынскія паставілі тут новы драўляны дом, які ў змененым выглядзе захаваўся да нашых дзён.

Сядзібавы дом Апацкіх

РЕКЛАМА

Сядзібавы дом Апацкіх

Дом Апацкіх. Выгляд з боку

Дом Апацкіх. Выгляд з боку

Дзесьці на мяжы XIX – XX стагоддзяў Агарэвічы перайшлі ва ўласнасць Апацкіх, герба «Прус». З атрыманнем правоў на валоданне Апацкія кардынальна перабудавалі і дабудавалі ся-дзібу. У пачатку мінулага стагоддзя ў яе вопіс уваходзілі аднапавярховы драўляны дом на адзінаццаць пакояў, два флігелі, комплекс гаспадарчых будынкаў… Сядзібавы дом меў высокі дах, ганак на чатырох калонах, яшчэ дзве калоны меў невялікі ганачак пры бакавым уваходзе. З усходняга боку быў дабудаваны паўкруглы будыначак зімовага саду.

Ганак сядзібавага дома Апацкіх

Ганак сядзібавага дома Апацкіх

Вакол дома быў пасаджаны парк, у які вяла заязная алея з белай таполі. Па абодва бакі сіметрычна алеі былі спланаваны два вадаёмы. Як піша даследчык А. Федарук, гэта быў невялікі рэгулярны парк перыяду эклектыкі, закладзены ў другой палове XIX стагоддзя. Яго асноўную частку складаў сад. У парку была прадугледжана сцежка для шпацыраў, абсаджаная кветкамі. Пры фармаванні паркавых прысадаў гаспадары шырока прымянялі дэкаратыўную стрыжку дрэваў.

Межы сядзібы Апацкіх пазначала драўляная агароджа з брамаю, якую афармлялі два каменныя пілоны. Як пазначаюць даследчыкі, гэта была невялікая, кампактная і вельмі ўдала спланаваная сядзіба.

Сёння

У сядзібавым доме Апацкіх у нашы дні размясцілася гасцініца-сталоўка. Цяпер тут гатуюць ежу механізатарам, у банкетнай зале мясцовае кіраўніцтва наладжвае прыёмы прыезджых дэлегацый, а ў жылых пакоях селяцца студэнты і іншыя прыезджыя. Дом пафарбаваны, новы дах імітуе старадаўнюю чарапіцу. У абноўленым абліччы дома не адразу пазнаецца старая шляхецкая сядзіба.

Колішняму гаспадарчаму двару Апацкіх, які яшчэ ў 1939 годзе налічваў дванаццаць пабудоў для ўтрымання быдла і сельскагаспадарчага начыння, пашанцавала менш.

РЕКЛАМА

Да нашых дзён захаваны толькі адзін амбар – крамяны будынак на высокім цокалі, з высокімі франтонамі. Пабудаваны з чырвонай цэглы, з пабеленымі нішамі і карнізамі, амбар выглядае надзвычай кантрасным і прывабным. Выкладзеная на адным з яго франтонаў дата –  1911 – сведчыць пра год вялікай перабудовы Апацкімі старой сядзібы Свяржынскіх.

Стары амбар Апацкіх у Агарэвічах

Стары амбар Апацкіх у Агарэвічах

Амбар у Агарэвічах (фрагмент)

Дзесьці ў 90-я гады мясцовыя гаспадарнікі меліся наладзіць у гэтым будынку вытворчасць піва, паспеўшы ўсталяваць нават неабходнае начынне.

Жыхары Агарэвіч сцвярджаюць, што піва павінна было называцца «Пані Апацкая», і ўпэўніваюць, нібыта бачылі нават этыкеткі з-пад таго піва… Аднак залатому піву пад гучнай маркай чамусьці так і не суджана было з’явіцца, і колькі гадоў таму ўсё абсталяванне для піўной індустрыі расцягалі. Сёння амбар стаіць цалкам затоплены, без гаспадарчага нагляду.

Закінута ў нашы дні і танцпляцоўка, пабудаваная яшчэ ў савецкія часы пасярод адной з сажалак. Планіроўка прысядзібавага парку таксама парушана.

Сядзіба ў Агарэвічах. Куток парку

Сядзіба ў Агарэвічах. Куток парку

У новым парку насупраць сядзібы яшчэ прасочваюцца фрагменты старога брукаванага шляху. На яго месцы сёння растуць маладыя дрэвы. Сучаснае жыццё Агарэвіч праходзіць ўжо ўздоўж новай асфальтавай дарогі.

Як даехаць?

З Баранавіч у Агарэвічы можна трапіць так: дызелем Баранавічы-Лунінец даехаць да Ганцавіч, адкуль да Агарэвіч – каля пяці кіламетраў. Дызель на Лунінец ад’язджае з Баранавіцкага Палескага вакзала штодзённа, у 4.40, 8.05, 12.02, 17.25, 19.32.


Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up