Новости / Культура

Пецярбургскі шпацыр

16.07.2010, 9:36 / remove_red_eye 197 / chat_bubble

Бязвізавы памежны рэжым з Расіяй, хуткі начны даезд і, перадусім, унікальная гісторыя Санкт-Пецярбурга робяць гэты легендарны горад на Няве асабліва прывабным і зручным для адпачынку беларусаў.

Як найбольш эканомна арганізаваць свой адпачынак у паўночнай сталіцы Расіі і якія месцы наведаць апроч тых, што вам гатовы паказаць экскурсаводы – сваімі назіраннямі з чытачамі Intex-press дзеліцца наш карэспандэнт, які гэтым летам пабываў у Санкт-Пецярбургу.

Напачатку была Нява

Рызыкну выказаць меркаванне, што галоўнай дастапомнасцю Санкт-Пецярбурга з’яўляецца Нява. Так, аніводнае з шыкоўных стварэнняў рук чалавечых, а мена-віта гэта рака, якая ўжо 4 тысячы гадоў ве-лічна цячэ з Ладажскага возера ў Фінскую затоку. Бадай, дзякуючы Няве калісьці і ўзнік Пецярбург. Рака стала фарпостам працяглага змагання паміж Расійскай імперыяй і Шведскім Каралеўствам за стратэгічна важны выхад да Балтыйскага мора. І першы будынак будучага горада, Петрапаўлаўская фартэцыя, быў закладзены ў 1703 годзе проста на рацэ – на Заечай выспе Нявы.

РЕКЛАМА

Нява ўражвае. Уражвае ўдзень і ўночы, пахмурным ранкам і ў сонечны полудзень. Недарма свае радкі гэтай вялікай рацэ прысвячалі, напэўна, усе найвыбітнейшыя расійскія паэты ад класіка Пушкіна да рокера Шаўчука.

Нява і яе людзі

Нява і яе людзі

Нява, Аўрора, піцерчукі

Нява, Аўрора, піцерчукі

Сон на Няве...

Сон на Няве…

Міфы і рэальнасць Пецярбурга

Пецярбург як культурная сталіца Расіі – бадай, найвялікшы турыстычны цэнтр суседняй краіны. І як кожная турыстычная Мекка, горад Пятра I акружаны арэолам уласных міфаў. Напрыклад, сотні піцерскіх гідаў і экскурсаводаў на кожным кроку крычаць і запрашаюць праз рупары далучыцца да іх турыстычнага маршруту па рэках і каналах Паўночнай Венецыі. Гэта адна з неа-фіцыйных, але надзвычай папулярных назваў Санкт-Пецярбурга, якая хаця і мае права на існаванне, але патрабуе ўсё ж невялікага ўдакладнення.
Хаця горад у дэльце Нявы сапраўды насычаны рэчкамі і каналамі, праз якія перакінуты   некалькі сотняў малых і вялікіх мастоў, пасля яго наведвання ўсё ж не застаецца чароўна-невытлумачальнага венецыянскага ўражання ад таго, што людзі тут жывуць не на зямлі, а на вадзе.

Канал Грыбаедава і храм-музей Спас на крыві

Канал Грыбаедава і храм-музей Спас на крыві

РЕКЛАМА

Па піцерскіх каналах, у адрозненне ад венецыянскіх, не плаваюць гандолы, не ездзяць лодкі-таксі і лодкі «хуткай дапамогі». Ганкі дамоў і крамаў у Пецярбургу не спускаюцца, як у Венецыі, проста да вады, дзе, пагойдваючыся на хвалях, чаўны чакаюць сваіх гаспадароў… Ды і не трэба. Санкт-Пецярбург – горад, самадастатковы сам па сабе, са сваімі пацёртымі набярэжнымі, «дворыкамі-студнямі», бясконцазменлівым хмарным небам і разведзенымі мастамі на фоне белых чэрвеньскіх начэй.

Зімовая канаўка ў Санкт-Пецярбургу

Зімовая канаўка ў Санкт-Пецярбургу

Дарэчы, найменне «белыя ночы» таксама заслугоўвае пэўных агаворак. Назва «шэрыя ночы» была б тут больш аб’ектыўнай, хаця, безумоўна, і не такой паэтычнай. Але незалежна ад таго, як называюцца гэтыя летнія паўночныя ночы, адчуванне іх заўжды застанецца нязменным – адчуванне зацягнутага вечара, які паволі пераўтвараецца ў ранак. Адчуванне такое – нібыта час запыніўся.

Помнік Пятру І

Помнік Пятру І

Пасля першай гадзіны ночы цэнтральныя масты Санкт-Пецярбургу спраўна разыходзяцца

Пасля першай гадзіны ночы цэнтральныя масты Санкт-Пецярбургу спраўна разыходзяцца

Белыя ночы Пецярбургу

Белыя ночы Пецярбургу

Чаго вам не пакажуць экскурсаводы?

Блукаць па вуліцах і завулках горада Пятра I можна без экскурсаводаў і нават без турыстычных мапаў. У колішняй сталіцы царскай імперыі на кожным кроку – гісторыя. Да таго ж, калі вам дазваляе час, шпацыр па горадзе сам-насам – увогуле найлепшы спосаб вывучэння любой мясціны: убачыце тое, чаго вам ніколі не пакажуць па праграме.

Напрыклад, нават калі ў вас і ёсць шанц наведаць з экскурсійнай групай літаратурна-мемарыяльны музей Ф. Дастаеўскага ў Кузнецкім завулку, але прагуляцца па тых цеснаватых вулках і скразных дворыках, якімі любіў хадзіць аўтар «Бесаў» і «Братоў Карамазавых» і атмасферай якіх дыхае яго проза, вам ці давядзецца? А тут гэта атмасфера, падаецца, адчуваецца найвастрэй.

Помнік Фёдару Дастаеўскаму

Помнік Фёдару Дастаеўскаму

Тыповы піцерскі дворык у раёне, дзе жыў Дастаеўскі

Тыповы піцерскі дворык у раёне, дзе жыў Дастаеўскі

Легендарны Піцер прапісаны ў гісторыі і як калыска расійскай савецкай рок-музыкі. Аднак маршруты, звязаныя з гэтай тэмай, вам наўрад ці прапануюць гіды па горадзе.

А няўжо нецікава пабываць у дворыку былога «Ленінградскага рок-клуба» (вул. Рубінштэйна, 13), дзе ў задушлівы савецкі час збіраліся, бадай без перабольшвання, усе прадстаўнікі альтэрнатыўнай расійскай культуры. На жаль, на сёння клуб ліквідаваны, а ў яго колішнім будынку пасля рамонту збіраецца «прапісацца» зусім іншая ўстанова.

А вось славутая «Камчатка», качагарка Віктара Цоя па вул. Блахіна, 15, цудоўна захавана да нашых дзён разам з некранутым унутраным дворыкам. Сёння тут створаны музей Віктара Цоя, дзе захоўваецца яго арыгінальная гітара-дванаццаціструнка, гіганцкі тэрмас, з якім Цой з сябрамі хадзіў па піва і шмат іншых артэфактаў. У распісаным графіці дворыку каля музея-качагаркі і сёння збіраецца культурны андэграўнд старога Піцеру, які добра памятае і бясконца шануе «свайго Віцю». І гэтак жа бясконца можа распавядаць пра Цоя-легенду.

Да знакамітай качагаркі Віктара Цоя і сёння прыходзяць прыхільнікі яго творчасці

Да знакамітай качагаркі Віктара Цоя і сёння прыходзяць прыхільнікі яго творчасці

Пабываўшы ў паўночнай сталіцы Расіі, грэх не завітаць і ў Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны універсітэт з прыцягальным 400-метровым калідорам. Ну, як не прайсціся там, дзе ў свой час тупалі ногі літаратараў Гогаля і Тургенева, Блока і Гумілёва, рокера Грабеншчыкова і… прэзідэнта Мядзведзева. Уздоўж усяго калідору з аднаго боку размешчана старадаўняя бібліятэка з выданнямі самых розных краін Еўропы, з іншага – галерэя жывапісных і скульптурных партрэтаў знакамітых выпускнікоў і дзеячоў універсітэта. У гэтых сценах адчуваецца сапраўдны, піцерскі, па-еўрапейску вольны дух – дух культурніцкіх пошукаў, навуковых вынаходніцтваў і палітычнага нонкамфармізму.

Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны універсітэт

РЕКЛАМА

Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны універсітэт

Калідор піцерскага дзяржаўнага універсітэту доўжыцца на 400 метраў

Калідор піцерскага дзяржаўнага універсітэту доўжыцца на 400 метраў

«Отпрыск России, на мать не похожий, бледный, худой, евроглазый прохожий», – такімі словамі калісьці ахарактарызаваў Санкт-Пецярбург расійскі паэт і музыка Юрый Шаўчук. Які паэтычны вобраз! І які дакладны! Каб адчуць гэта, у Піцеры не- дастаткова пабываць. У ім трэба пажыць – тыдзень, месяц… Як пашанцуе…

Фота — Алеся Гізуна

Як эканомна адпачыць у Пецярбургу?

Пры скарыстанні нашых парадаў тыдзень у Санкт-Пецярбургу з улікам дарожных квіткоў, пражывання, харчавання і аплаты культурнага адпачынку можа абысціся не больш як у 200 – 250 у.а.


Жыллё

Калі вы хочаце зэканоміць на жыллёвых паслугах, каб болей грошай заставалася непасрэдна на культурны адпачынак і вандроўкі, варта засяляцца не ў камфартабельны гатэль, а ў больш сціплы хостэл. Кошты пражывання ў іх звычайна ў 3 – 5 разоў таннейшыя, чым у гатэлях, і пачынаюцца ад 35000 бел. руб. за суткі. Хостэлы часцей за ўсё прапануюць для засялення 2 – 8-мясцовыя нумары. Вядома, заплаціць за ложак у двухмясцовым пакоі абыдзецца даражэй, чым у пакоі з шасцю-васьмю засяленцамі. У адрозненне ад гатэляў, у хостэлах давядзецца карыстацца агульным душам і прыбіральняй з астатнімі жыхарамі. Даволі поўны спіс піцерскіх хостэлаў можна адшукаць на сайтах www.vgosti24.ru і www.economhotel.ru, дзе ёсць падрабязная інфармацыя пра кошты, паслугі і бронь.

Харчаванне

Кошты на прадукты ў Санкт-Пецярбургу немалыя, таму месцы эканомнага харчавання давядзецца добра пашукаць. Найтаннейшыя сняданкі, полудні і вячэры абыдуцца ў кавярнях сеткі “Ням-бург”, якіх уздоўж піцерскіх праспектаў даволі шмат. Праўда, іх колькасць пры набліжэнні да гістарычнага цэнтра імкліва скарачаецца. Яшчэ адзін плюс на карысць “Ням-бургу” – кругласуткавы рэжым працы.

Шпацыруючы па славутых мясцінах Васільеўскай выспы, не прамініце зайсці папалуднаваць у сталоўку Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага універсітэта (вул. Біржавая лінія, 6) – першую ў Расіі студэнцкую сталоўку, адчыненую яшчэ ў XIX ст. Апроч гістарычнай унікальнасці гэтага месца, там прапануюць і багатае меню па даволі дэмакратычных коштах. Супы абыдуцца ад 3000 да 4000 бел. руб., салаты – ад 1700 да 3000 бел. руб., мясныя стравы – ад 2200 да 7500 бел. руб. Сталоўка працуе без выхадных дзён, з 9.00 да 19.00.

Транспарт

Без паездак на метро ў Пецярбургу, як і ў іншых вялікіх гарадах, не абысціся. Трэба адзначыць, што рэжым працы на станцыях піцерскага метро не аднолькавы: з 5.30 – 6.30 да 20.00 – 00.45. Падрабязны расклад – на сайце www.metro.spd.ru. Жэтон на паездку ў метро каштуе каля 2000 бел. руб. Калі вы наведаліся ў паўночную сталіцу не на дзень-два, а на больш працяглы час, эканомней купіць праязны на 7, 15 або 30 дзён. Па месяцовым праязным адна паездка ў метро будзе каштаваць адно 1500 бел. руб. Калі вы ў Піцеры надоўга, да таго ж не збіраецеся шмат хадзіць пешкі, лепей набыць праязны на ўсе віды грамадскага транспарту на паўмесяца (каля 70000 бел. руб.) ці на месяц (каля 140000 бел. руб.).


Просмотреть Путишествия intex-press на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up