Автор: Аляксей БЕЛЫ

14:17, 9 июля 2010

Экономика

remove_red_eye 111

Кіраўнік вобласці адказаў на пытанні чытачоў Intex-press

Усе дарогі ў Баранавічах, якія патрабуюць рамонту, на працягу пяцігодкі будуць прыведзены ў парадак.

Менавіта такая інфармацыя прагучала з вуснаў старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара падчас прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў Брэсцкім аблвыканкаме 29 чэрвеня.

На працягу амаль трох гадзін кіраўнік вобласці адказваў як на папярэдне дасланыя з рэгіёнаў пытанні, так і на пытанні, што задавалі журналісты непасрэдна падчас мерапрыемства. Кароткую справаздачу аб адказах старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара на пытанні чытачоў Іntex-press, агучаныя падчас прэс-канферэнцыі, прапануем вашай увазе.

Аб баранавіцкай прамысловасці

РЕКЛАМА

Адказваючы на пытанні аб складанасцях развіцця прамысловасці нашага горада, Канстанцін Андрэевіч адзначыў, што сусветны фінансава-эканамічны крызіс даволі моцна паўплываў на працу прадпрыемстваў машынабудавання і лёгкай прамысловасці, якія знаходзяцца ў Баранавічах.

Аб’ектыўнае зніжэнне попыту на прадукцыю машынабудавання  летась прывяло да змяншэння экспарту баранавіцкіх прадпрыемстваў больш, чым на 50 адсоткаў. Але ўжо сёлета, па словах старшыні аблвыканкама, справы ідуць значна лепш. 

Аўтаагрэгатны завод, «Гандальмаш» выканалі заданне за паўгоддзе, «Атлант», завод аўтаматычных ліній таксама выходзяць на прагнозныя паказчыкі. Набірае тэмпы завод станкапрыладаў. На «Атланце» збіраюцца асвойваць выпуск меднага дроту, «Гандальмаш» павялічыць выпуск прадукцыі на экспарт.

Што тычыцца лёгкай прамысловасці, дык асабліва адмоўна крызіс адбіўся на рабоце баваўнянага аб’яднання, дзе, як сказаў кіраўнік вобласці, шмат заляжалых тавараў. Аб’яднанне ў комплексе неапраўдана зацягнула працэс мадэрнізацыі, вельмі складаная абстаноўка  ў ткацкай вытворчасці, дзе старое абсталяванне. Аблвыканкам, па словах яго старшыні, адсочвае сітуацыю і з удзелам мясцовых уладаў прымае своечасовыя захады для пераадолення наступстваў эканамічнага крызісу.

Аб добраўпарадкаванні і сацыяльнай сферы

На пытанне чытачоў Іntex-press, ці будзе пабудаваны ў хуткім часе дзіцячы садок у  мікрараёне Паўднёва-Заходні, Канстанцін Сумар адказаў, што кіраўнік дзяржавы пасля наведвання Баранавіч  даў даручэнне ўраду выдзеліць нашаму гораду на добраўпарадкаванне і будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў 200 мільярдаў рублёў. У гэтым годзе выдзяляецца сорак мільярдаў, астатнія – у будучым. Так што, магчыма, частка з гэтых грошай і пойдзе на  будаўніцтва садка ў мікрараёне. З гэтых жа, пакуль што яшчэ перспектыўных грошай будзе праводзіцца і рамонт баранавіцкіх дарог.

А вось новага лёгкаатлетычнага стадыёна чакаць  баранавічанам не даводзіцца. У бліжэйшы час, у лепшым выпадку, будуць дабудаваны трыбуны на стадыёне «Лакаматыў». Да таго ж,  у горадзе будзе будавацца комплекс для водных відаў спорту, поле для гульні ў хакей на траве з бегавымі дарожкамі.

Як адзначыў старшыня аблвыканкама, яшчэ адна праблема ў Баранавічах, якую трэба вырашаць, – будаўніцтва Дома культуры. На гэта спатрэбіцца 18 мільярдаў рублёў.

Пажывем – паглядзім

На жаль, пытанне аб магчымым з’яўленні газеты  Іntex-press у падпісных каталогах і ў кіёсках «Саюздруку»  свайго станоўчага адказу не знайшло. Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар адказаў, што  гэта пытанне будзе вывучана.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up