Автор: Генадзь САГАНОВIЧ

10:52, 9 июля 2010

Культура

remove_red_eye 186

Грунвальдская бітва прынесла мір

Сёлета амаль увесь славянскі свет адзначае 600-годдзе славутай Грунвальдскай бітвы, перамога ў якой прынесла нашым продкам стагоддзе мірнага існавання. Пра легендарную баталію піша кандыдат гістарычных навук Генадзь Сагановіч.

Улетку 1410 года войска нямецкага Ордэна і злучаныя сілы Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы сышліся на ўзгоркавым полі паміж тагачаснымі прускімі мястэчкамі Грунвальд і Танэнберг. Рыцары з’явіліся тут першыя і добра падрыхтаваліся да бітвы. Вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген размясціў артылерыю і арбалетнікаў, загадаў выкапаць і прыкрыць спецыяльныя ямы супраць конніцы непрыяцеля. Сабраныя тут сілы Ордэна дасягалі 20 тысяч.

Армія Вітаўта і Ягайлы была пастаўлена перад нямецкім войскам такім чынам, што ўтварала роўны па даўжыні фронт з праціўнікам. На правым флангу стаялі 40 харугваў Вялікага Княства Літоўскага, каля паловы якіх прыйшлі з беларускіх земляў, – берасцейская, ваўкавыская, віцебская, гарадзенская, лідская, мсціслаўская, новагародская, пінская, полацкая, смаленская, старадубская ды іншыя. Апроч іх у складзе Вітаўтавых сілаў быў аддзел татарскай конніцы, якую прывёў хан Джэлал-ад-Дзін. Польскае войска складалася з 50 харугваў. Дапамагаць ім прыйшлі найманыя аддзелы чэхаў і мараваў. Разам хаўруснікі мелі велізарную армію – блізу 25-30 тысяч.

Нямецкія рыцары імкнуліся выклікаць атаку непрыяцеля, каб яшчэ да сечы прычыніць яму страты падрыхтаванымі ямамі і артылерыйскім агнём. Яны нават адвялі свае перадавыя аддзелы назад. Раніцай 15 ліпеня 1410 года харугвы Вялікага Княства першымі кінуліся на ворага – спачатку лёгкая конніца, затым цяжкая. Палякі марудзілі і ўступілі ў бой пазней. Калі Вітаўт быў сярод свайго войска і сам кіраваў ім у сечы, дык Ягайла знаходзіўся ў тыле, каля лагера, на высокім пагорку, з якога ажыццяўляў агульнае кіраванне злучанымі сіламі.

РЕКЛАМА

Дзве велізарныя арміі сутыкнуліся, і лютая сеча залехатала па ўсёй даўжыні фронту, аднак галоўныя сілы Ордэна на чале з маршалам Конрадам Валенродам памкнуліся на фланг Вялікага Княства. Прыкладна праз гадзіну ўпартай бітвы харугвы Вітаўта пачалі адступленне да свайго абозу, і рыцары кінуліся ў пагоню. Гэтак пачаў здзяйсняцца вырашальны для баталіі манеўр Вітаўта, узгоднены з Ягайлам. Яго войска не ўцякала, як пра тое пісалі многія гісторыкі, а дзейнічала паводле вызначанага плана дзеля парушэння баявых парадкаў цяжкаўзброеных рыцараў. Іх такім чынам рассейвалі па шырокай мясцовасці.

Толькі смаленскія харугвы, пакінутыя Вітаўтам, прыкрывалі правы фланг палякаў і неслі цяжкія страты. Тым часам рыцарская конніца, якая гналася за «ўцекачамі» да абозу арміі Вялікага Княства, была знішчана, і харугвы зноў вярнуліся на поле бітвы. Яны ўдарылі з тылу па групоўцы Ульрыха фон Юнгінгена захопленай сечай з палякамі. Неўзабаве харугвы магістра і правы фланг войскаў Тэўтонскага ордэна былі аточаныя і апынуліся ў двух вялізных катлах. Пачаўся разгром крыжацкай арміі. Частка яе вырвалася з атачэння і паспрабавала наладзіць абарону ў сваім умацаваным абозе, аднак хаўруснікі ўварваліся ў табар і ў асабліва крывавай сечы давяршылі знішчэнне галоўных сілаў Ордэна.

Перамога ў бітве пад Дуброўнаю (так называюць гэту бітву беларускія летапісы) далася дарагой цаною. У чужую зямлю палегла палова ратнікаў, прыведзеных Вітаўтам, сярод якіх – тысячы беларусаў. Але палітычнае значэнне гэтай перамогі цяжка пераацаніць. Амаль дзвюхсотгадовая агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход была спынена.

Разгромлены Ордэн так і не змог узнавіць сваіх ранейшых сілаў ды неўзабаве знік як самастойная дзяржава. Баланс сілаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе змяніўся на карысць славянскіх краінаў. Вялікае Княства змагло адмовіцца ад нявыгадных умоваў уніі 1401 года з Польшчаю і стала больш самастойным. Нарэшце, пасля разгрому Тэўтонскага ордэна яно атрымала амаль стагоддзе параўнальна мірнага існавання – да пачатку экспансіі Маскоўскай дзяржавы.

Дарэчы

Нацыянальны банк Рэспублiкi Беларусь увёў з 7 красавiка 2010 г. у абарачэнне памятныя манеты «Грунвальдская бiтва. 600 год», адмыслова выпушчаныя да юбілейнай даты.

Гэта чатыры манеты: залатая – намiналам 20 рублёў, пробай сплаву 900, вагою 5,76 г, дыяметрам 19,80 мм; залатая – намiналам 50 рублёў, пробай сплаву 900, вагою 8,64 г, дыяметрам 22,00 мм; срэбная – намiналам 20 рублёў, пробай сплаву 925, масай 33,62 г, дыяметрам 38,61 мм; меднанiкелевая – намiналам 1 рубель, масай 15,50 г, дыяметрам 33,00 мм. Манеты маюць круглую форму, з пярэдняга i адваротнага бакоў на іх выступае кант па акружнасцi. Бакавая паверхня – рыфлёная.

Тыраж залатых манет — па 500 штук кожнага намiналу (20 i 50 руб.), срэбных – 2 500 штук i меднанiкелевых – 3 000 штук. Памятныя манеты з’яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублiкi Беларусь, абавязковым да прыёму па намiнальным кошце пры ўсiх вiдах плацяжоў без усялякiх абмежаванняў.

Дарога на Грунвальд

Беларусы маюць шанц наведаць  15 – 19 ліпеня самую маштабную падзею юбілейнага года Грунвальда – інсцэніроўку бітвы на Грунвальдскім полі. Прысутнічаць на фэсце сёлета будуць тысячы ўдзельнікаў і дзесяткі тысяч гледачоў.

Кошт пяцідзённага экскурсійнага туру «Дарога на Грунвальд» для беларусаў складае каля 180 у.а. У гэты кошт ўваходзяць: праезд аўтобусам, пражыванне ў гатэлі (дзве начоўкі), харчаванне (два сняданкі) і экскурсіі па праграме. Віза і медыцынская даведка аплочваюцца дадаткова.  Замова экскурсій па тэлефонах: 8-017-2036970,  8-017-2260302.

Праграма экскурсіі

1-ы дзень (15 ліпеня): а 18.00 – выезд з Мінска.

2-і дзень. Наведванне польскага мястэчка Сопат – вядомага курорту на Балтыцы. У планах – экскурсія па горадзе. Пасля – пераезд, шпацыр і начоўка ў Гданьску.

3-і дзень. Сняданак. Пераезд у вёску Грунвальд. Тут чакаюцца конныя турніры, рыцарскія забавы, канцэрты сярэднявечнай музыкі. А 14.00 імітаваныя войскі эпохі ВКЛ і Польскага Каралеўства сыдуцца ў бойцы з войскам Тэўтонскага ордэна. Пасля бітвы – вольны час, шпацыр па сярэднявечнай ярмарцы. Начоўка ў гатэлі.

РЕКЛАМА

4-ы дзень. Сняданак і пераезд у Мальбарк, дзе знаходзіцца найбуйнейшы ў свеце гатычны цагляны замак, у якім размяшчалася рэзідэнцыя магістраў Тэўтонскага ордэна. Пасля – пераезд у Ольштын, дзе прадугледжаны вольны час, шпацыр па горадзе і шопінг. Увечары – ад’езд у Мінск.

5-ы дзень (19 ліпеня). Прыезд у Мінск.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up