Новости / Культура

Дзе ў Баранавічах знайсці купальскую кветку

9.07.2010, 10:52 / remove_red_eye 340 / chat_bubble

Купалле без папараць-кветкі – не Купалле. І няхай гэта толькі паданне, хто б з нас не хацеў адшукаць гэту загадкавую і чароўную кветку, якая зацвітае толькі ў ноч на Івана Купалу?

Па легендзе, той, хто знойдзе гэту містычную кветку, атрымае магчымасць убачыць скарбы, схаваныя ў зямлі. Верыць гэтаму ці не, асабістая справа кожнага, аднак напярэдадні Купалля Intex-press вырашыла дапамагчы гараджанам адшукаць папараць-кветку ў Баранавічах.

Cалодкая кветка

РЕКЛАМА

Гэту папараць-кветку ведае кожны, хто любіць салодкае. А адшукаць яе можна ў кандытарскім аддзеле амаль кожнай гарадской прадуктовай крамы.

Торт з такой назвай Баранавіцкі хлебазавод пачаў выпускаць у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.Чаму ён быў названы менавіта так? Па словах кіраўніка цэнтральнай вытворча-тэхналагічнай лабараторыі Баранавіцкага хлебазавода Таццяны Кемзы, звязана гэта было з тым, што торт «Папараць-кветка» з’явіўся ў крамах улетку, незадоўга да Купалля. «Прыгожая назва, якая выклікае думкі аб чымсьці чароўным.

А торт сапраўды быў адметным. Вось гэту асаблівасць, адрозненне ад іншых тартоў, і хацелася падкрэсліць незвычайнай назвай», – расказала яна. Рэцэптура «Папараць-кветкі» была распрацавана кандытарам Марыяй Вальмус, тэхнолагам Га-лінай Зарожнай і кіраўніком цэха Зояй Чарапавіцкай. Мядова-заварны паўфабрыкат і крэм са згушчаным малаком, упершыню выкарыстаныя баранавіцкімі кандытарамі, надавалі новаму торту асаблівы смак. «Папараць-кветку» можна назваць візітнай карткай Баранавіцкага хлебазавода. Торт палюбілі не толькі жыхары Баранавіч, а і другіх беларускіх гарадоў. І нягледзячы на амаль 20-гадовы ўзрост, «Папараць-кветка» дагэтуль карыстаецца шырокім попытам. Напрыклад, у мінулым годзе, па словах Таццяны Кемзы, хлебазаводам было выпушчана 18,5 тоны салодкай «Папараці», а за шэсць месяцаў гэтага года – больш за дзевяць тон.

Да радасці аматараў ласункаў, у крамах можна знайсці і каробку цукерак пад назвай «Папараць-кветка» ад кандытарскай фабрыкі «Камунарка». Такую каробачку, на якой намалявана дзяўчынка, адшукаўшая вогненную папараць-кветку, «IP» знайшла ў краме «Вясна».

Металічная кветка

У цэнтры горада, каля будынка гарадскога выканаўчага камітэта, таксама можна сустрэць папараць-кветку – так называецца невялікі фантан.

Гэты металічны папаратнік «расцвіў»  у маі 2003 года. Ідэя стварэння такога незвычайнага фантана – у выглядзе лістоў папаратніка – належала мастаку-скульптару Станіславу Цалюку. «Фантан па-вінен быў быць невялікім, пажадана акруглай формы – гэта было звязана з яго месцазнаходжаннем: перакрыжаваннем дзвюх вуліц, – распавёў аўтар. – Я прапанаваў такі праект, і ён быў узгоднены». Адлівалі «папараць-кветку» на заводзе «Атлант».

Па словах Станіслава Цалюка, фантан застаўся незакончаным. «Планавалася, што ён будзе з падсветкай, якая б уключалася ўвечары. Гэта надавала б фантану загадкавасці, стварала б ілюзію сапраўднага цвіцення «папараць-кветкі», – патлумачыў ён. – Аднак фінансаў не хапіла, і фантан усталявалі так».

Кветка-бар

РЕКЛАМА

Яшчэ адна папараць-кветка цвіце на працягу амаль 17-ці  гадоў на вуліцы Камсамольскай. Сустрэўшы першых наведвальнікаў у жніўні 1993 года, бар «Папараць-Кветка» не змяняе сваім ідэям.

Як паведаміў намеснік дырэктара бара «Папараць-Кветка» Аляксандр Кухарчык, калі паўстала пытанне аб назве бара, было перабрана многа варыянтаў. «Хацелася нечага адметнага, лёгка запамінаючага, абавязкова звязанага з Беларуссю (як інакш – мы ж тут жывем) і… чароўнага. Бо ўсе мы любім памарыць і верым у цуды, – патлумачыў ён. – А тут лета. Успомнілі аб старажытным беларускім свяце – Купаллі, аб паданні пра незвычайную, цудадзейную і таямнічую кветку… Так і з’явілася наша назва».

Дарэчы, у бары можна знайсці яшчэ дзве «папараць-кветкі»: гэта салат і катлета, якія носяць аднайменную назву і, па словах Аляксандра Кухарчыка, даспадобы ўсім іх наведвальнікам.

* * *

Вось колькі кветак папараці ў Баранавічах. Выберыце тую, якая вам даспадобы, і, можа, вам усміхнецца шчасце. На Купалле ўсякі цуд можа здарыцца. Нават самы неверагодны.

Даведка «IP»

Кветка папараці ў славянскай міфалогіі лічыцца цуда-дзейнай. Згодна з паданнямі папараць цвіце толькі адзіны раз – у ноч на Івана Купалу (7 ліпеня (24 чэрвеня па старому стылю). Знайсці і сарваць кветку вельмі цяжка, тым больш што гэтаму перашкаджае ўсялякая нечысць. Затое той, хто сарве папараць-кветку і захавае яе пры сабе, атрымае дар празорлівасці і зможа разумець мову жывёл. З кветкай папараці можна ўбачыць усе клады, як бы глыбока ў зямлі яны не знаходзіліся.

Аднак, як сцвярджаюць біёлагі, папаратнікі не цвітуць – яны размнажаюцца спорамі і вегетатыўна. Таму папараць-кветка – гэта толькі прыгожы міф.

Поделиться:
Читать также
Культура camera_alt

Барановичи в Instagram. Концерт Славы

10 часов назад remove_red_eye 2128
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up