Новости / Культура

Сталавічы на старых паштоўках

1.07.2010, 16:32 / remove_red_eye 182 / chat_bubble

Сёння мы згадаем мястэчка Сталавічы. Яно, у адрозненні ад Баранавічаў, вядома яшчэ з Сярэднявечча.

Адны з першых узгадак пра яго датуюцца XIV стагоддзем, калі вялікі князь Вітаўт падараваў маёнтак Сталавічы Няміру Разановічу. Нейкі час напачатку XVI стагоддзя вёскай валодаў гетман Канстацін Астрожскі. Той самы, які здабыў слаўную перамогу ў слыннай бітве пад Воршай. Дарэчы, Сталавічы ў Астрожскага адсудзіў князь Фёдар Чартарыйскі, які быў нашчадкам Няміра Разановіча.

Напрыканцы XVI стагоддзя Чартарыйскія прадалі Сталавічы Мікалаю Радзівілу “Сіротку”, славутаму вандроўнку. Ён і заклаў ў 1616 годзе ў Сталавічах адзіную ў ВКЛ камандорыю Мальтыйскага ордэна. У 1639 г. ў Сталавічах быў пабудаваны мураваны касцёл Яна Хрысціцеля, які ў 1740-1746 гг. перарабілі ў стылі барока. А пасля паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе касцёл быў перададзены праваслаўнай царкве. Храм перайменавалі Успенскую царкву.

Гэты белы будынак і сёння здалёк відаць усім, хто пад’язджае да мястэчка. Ён з’яўляецца  сапраўдным сімвалам Сталавічаў, іх адметнасць і непаўторнасць.

РЕКЛАМА

Паштоўкі з выглядам Сталавічаў вырабляліся не так доўга. І хутчэй за ўсё толькі падчас I-й Сусветнай вайны. З 1915 году каля мястэчка праходзіла лінія фронту. У 1916 годзе адбывалася крывавая Баранавіцкая аперацыя, падчас якой з абодвух бакоў загінула больш  за 100 тысяч жаўнераў.

Каб забяспечыць патрэбу нямецкіх салдат – напісаць вестку з фронту і паказаць родным беларускія краявіды, –  друкаваліся разнастайныя паштоўкі. Вядома, што сталавіцкі храм прысутнічае амаль на ўсіх тагачасных паштоўках. Можна пабачыць, што тады ён меў надбудаваныя драўляныя праваслаўныя купалы, якія, відаць, паздымалі пазней, за польскім часам.

Збудаваны напрыканцы XIX стагоддзя касцёл, на жаль, менш цікавіў нямецкіх фатографаў. Ён відаць толькі здалёк. Але відочна, што з яго вежаў фатографы настройвалі свае фотакамеры на стары касцёл Мальтыйскага ордэну, пераўтвораны ў праваслаўную царкву.

З таго часу мінула ўжо амаль сто гадоў. Паштовак з панарамамі Сталавічаў больш ніхто не рабіў.

РЕКЛАМА

Темы:
Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up