Новости / Культура

Легенда пра баранавіцкага Караля

1.07.2010, 16:32 / remove_red_eye 638 / chat_bubble

Яго называлі «хросным бацькам Баранавічаў», «жаночым Каралём»… Імя баранавіцкага акушэра-гінеколага Усевалада Караля сёння ў нашым горадзе ведае кожная жанчына, якой за сорак. Але мала каму вядома, што да вайны Усевалад Кароль быў шчыльна звязаны з нацыянальным незалежніцкім рухам, яго нават хацелі скіраваць беларускім паслом у Лондан. Аднак у хаду гісторыі ўмяшалася сталінская рэпрэсіўная машына…

Любыя звесткі пра даваеннае жыццё і пра першае паваеннае дзесяцігоддзе Усевалада Караля – на вагу золата. Сваякам, якія і сёння жывуць у Баранавічах, пра тыя свае маладыя гады ён не надта імкнуўся распавядаць: трывожыўся, каб, крый Божа, яго мінулае не адбілася на будучым дзяцей. Яму разам з жонкай Кацярынай хапіла і перэпетый іх ўласнага лёсу.

Першае жыццё

Усевалад Кароль нарадзіўся пад Радашковічамі, што на Міншчыне, у 1919 г. Год навучаўся ў Радашковіцкай беларускай гімназіі, у якой выкладаў яго бацька, пасля – у Віленскай беларускай гімназіі, куды бацька разам з сям’ёй у 1929 годзе пераехаў на новае месца працы. Пасля атрымаў вышэйшую медыцынскую адукацыю ў Віленскім універсітэце.

РЕКЛАМА

Як піша найбуйнейшы даследчык гісторыі рэпрэсій беларускай інтэлігенцыі Леанід Маракоў, Усевалад Кароль ужо з маладых гадоў быў і актыўным грамадскім дзеячом: друкаваўся ў заходнебеларускіх выданнях, з’яўляўся апошнім кіраўніком Беларускага студэнцкага саюза, ліквідаванага ў 1940 годзе. Падчас нямецкай акупацыі Беларусі Усевалад Кароль з маладой жонкай Кацярынай прыехаў жыць у Баранавічы, дзе працаваў лекарам і выкладаў у медыцынскай школе. Як пазначае Леанід Маракоў, у гэты ж час Кароль удзельнічаў у нацыянальным падпольным руху, кіраваў Баранавіцкім камітэтам Беларускай незалежніцкай партыі (БНП). Кіраўніцтва партыі нават планавала скіраваць яго ў Лондан як паўнамоцнага прадстаўніка ад Беларусі. Узімку 1944 – 1945 гг Усевалада Караля арыштавалі, засудзілі за кіраў-ніцтва ў БНП і выслалі на 10 гадоў у канцлагер. Яго першаму сыну Юрку споўнілася тады 3 месяцы.

«Па бацьку прыехалі людзі на санях, сказалі, што трэба ратаваць нейкага хворага, і ён, як звычайна, паехаў, вярнуўшыся дадому толькі праз 10 гадоў, – расказвае сёння са словаў маці сярэдні сын Усевалада Караля Ілля. – У тыя часы ніхто нікому нічога не тлумачыў. Мая маці толькі праз год даведалася, куды знік яе муж. Пасля наступных 10 гадоў, пражытых у болю і страху, бацькі імкнуліся, каб іх дзеці меней чулі пра тыя падзеі, бо хваляваліся за нашыя лёсы. Мы ведалі, што бацька быў рэпрэсаваны. За што? Нам казалі, што хтосьці «нагаварыў» на яго за анекдот на палітычную тэму. Казалі таксама, нібыта бацьку засудзілі за тое, што працаваў падчас вайны».

Перасцерагаючыся наступстваў, жонка Усевалада Караля спаліла ўсе дакументы сямейнага архіву, звязаныя з дзейнасцю яе мужа да арышту. Для таго, каб працягваць працаваць акулістам у Баранавіцкай бальніцы, на гады высылкі мужа ёй нават давялося развесціся з ім. Пасля яго вяртання яны пабраліся шлюбам другі раз. А паміж гэтымі фармальнымі працэдурамі і адбывалася сапраўднае жыццё. Як распавядае  сын Ілля, маці часта ездзіла на Поўнач да бацькі, пакідала яму ўсе грошы, што былі пры сабе. Назад вярталася без білета і без адзінай капейчыны ў кішэні. Спагадлівыя людзі дапамагалі ёй хавацца ад кантралёраў і не давалі галадаць.

Па вяртанні ў 1955 годзе з лагеру ў Баранавічы, Усевалад Кароль да апошніх дзён падтрымліваў цеснае сяброўства са старымі сябрамі. У яго хаце часта збіраліся госці не толькі з Беларусі, але і з Польшчы, Літвы. Прыходзіў рэпрэсаваны ветэран нацыянальнага руху Пятро Рашэтнік, прыязджалі з Моўчадзі настаўнік Семяняка і з Зэльвы Янка Геніюш, з якімі Усевалад Кароль разам быў у высылцы. З Вільні наведваліся Лявон і Юрка Луцкевічы, сыны аднаго са стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі Антона Луцкевіча.
За вялікім сталом пад старой шляхетнай люстраю яны разам гралі ў брыдж, чыталі вершы і трывожылі ўспаміны. Дзеці падчас тых гутарак выпраўляліся гуляць у сад ці ў іншы пакой.

«Я памятаю толькі, што сяброўскае кола бацькі па лагерным мінулым – дактары, настаўнікі, іншая інтэлігенцыя – усе размаўлялі міжсобку выключна па-беларуску, – узгадвае Ілля Кароль. – Здавалася, што ў сталінскія лагеры высылалі ўсіх беларускіх патрыётаў».

Усевалад Кароль з жонкаю Кацярынай

Усевалад Кароль з жонкаю Кацярынай

Другое жыццё

Дзесяцігадовая высылка на Поўнач чорнай паласою падзяліла біяграфію Усевалада Караля на два перыяды, як на два розныя жыцці: да і пасля лагеру. Першае – малавядомае і дагэтуль нікім падрабязна не
апісанае, і другое, цягам якога імя Усевалада Караля пакрысе пераўтварылася ў сапраўдную легенду. Большасць з нас ведае Караля менавіта па гэтым яго «новым» жыцці – жыцці таленавітага акушэра-гінеколага і надзвычай дасканалага чалавека.

«Гэта быў цудоўны чалавек, інтэлігент і прафесіянал найвышэйшай маркі, – узгадвае пра Усевалада Караля яго нявестка Галіна, якая маладым доктарам-інтэрнам у 1969 годзе прыйшла працаваць да яго ў Баранавіцкую радзільню. – Усевалад Сямёнавіч быў вельмі патрабавальны і ў той жа час надзвычай добры і літасцівы. Ён максімальна імкнуўся перадаць свае веды маладым спецыялістам. Літаратуры па акушэрстве і гінекалогіі у той час практычна не было, ён прыносіў кнігі з уласнай бібліятэкі, якая была ў яго ад зямлі да столі, прымушаў чытаць манаграфіі па кожнай новай тэме, рыхтаваў нас так, нібыта мы мусілі быць прафесарамі».

Усевалад Кароль

Усевалад Кароль

Кароль цаніў сваіх калегаў і ніколі не прыніжаў чалавека. Не падвышаў голасу, не дазваляў сабе папракнуць маладога спецыяліста ў чужой прысутнасці. А сваіх вучняў Кароль называў надзвычай ласкава: Галачка, Тасенька…

РЕКЛАМА

Дамы па вул. Вільчкоўскага, у якіх жылі Усевалад Кароль і доктар-практыкантка Таіса Шчогалева, знаходзіліся па-суседству. Калі сярод ночы Караля экстрана выклікалі, ён стукам у шыбіну будзіў «Тасеньку» і прапаноўваў бегчы на працу разам.

«І мы часцяком беглі разам – ад Цэнтральнага вакзала, праз чыгунку, да самай радзільні, бо я хацела чамусьці навучыцца ў такога прафесіянала», – прыгадвае Таіса Шчогалева.

Лекара Караля ведалі нават за межамі Беларусі. Ён часцяком наведваў медыцынскія канферэнцыі ў Кіеве, Маскве, публікаваўся ў навуковых выданнях. Менавіта дзякуючы яму ўсе найноўшыя практыкі ў галіне акушэрства і гінекалогіі пачыналі ажыццяўляцца і ў Баранавічах. Усевалад Кароль быў узорным спецыялістам-практыкам, класічным інтэлігентам еўрапейскага ўзроўню. Апроч роднай беларускай мовы, на якой Кароль размаўляў з блізкімі па духу людзьмі і нават пісаў вершы, ён дасканала валодаў расійскай, нямецкай, літоўскай і польскай мовамі.

«Бацька аднойчы сказаў, што напісаў ужо 10 дэсертацый розным людзям, якія паспяхова з імі абараніліся, – узгадвае яго сын Ілля. – Абараніцца сам ён так і не змог, бо быў рэпрэсаваны».

Лагернае мінулае  накладала цень на новае жыццё Усевалада Караля. У памяці тых, хто працаваў разам з ім, ён заўжды заставаўся намеснікам галоўнага доктара радзільні па медыцынскай частцы. Галоўныя дактары мяняліся, а Кароль так і заставаўся «другім чалавекам» установы. Хаця дэ-факта ён заўжды быў першым.

«Гэта быў самы эрудаваны спецыяліст у радзільні, – прыгадвае Таіса Шчогалева. – Усевалад Сямёнавіч адказваў за ўсю медыцынскую работу, і галоўны доктар быў за ім, як за каменнай сцяною. Перад яго кабінетам заўжды сядзелі чэргі жанчын: усе імкнуліся трапіць менавіта да Караля. Усе цяжкія выпадкі з жанчынамі вёў таксама ён. У яго часта скакаў ціск, што ніколі не замінала яму падымацца сярод ночы, сядаць на ровар і ехаць на экстраны выклік. Усевалад Сямёнавіч ніколі не карыстаўся грамадскім транспартам – ездзіў толькі на ровары».

Любоў да рыбалкі Усевалад Кароль перадаў усім сваім сынам: на фота - Кароль разам з сынамі Сямёнам (злева) і Іллём (справа)

Любоў да рыбалкі Усевалад Кароль перадаў усім сваім сынам: на фота — Кароль разам з сынамі Сямёнам (злева) і Іллём (справа)

Усевалад Кароль памёр ад інфаркту ў 1984 годзе. Памёр ціха, уночы. Заснуў і не прачнуўся. Развітацца з лекарам-легендаю прыйшоў літаральна ўвесь горад. Па ўзгадках родных, у дзень пахавання вуліца каля яго дому была поўная народу. Жанчыны падыходзілі да труны, падалі на калені, цалавалі рукі Караля і плакалі.
Яго калегі па працы, якія ў той дзень былі на дзяжурстве, прасілі паднесці труну да радзільні, каб таксама мець магчымасць развітацца з мэтрам. Але паколькі Усевалад Кароль быў рэпрэсаваны, мясцовыя ўлады так і не далі дазволу правесці сапраўднае ўсенароднае пахаванне.

Сваякам Караля нават ледзьве дазволілі пахаваць яго ў цэнтры Русіноўскіх могілак, каб людзям лягчэй было знайсці магілу і ўшанаваць памяць выбітнага гараджаніна. На жаль, сярод дзесяткаў сэрцаў тых, каму легендарны Кароль падараваў жыццё, і тых, каго калісьці выратаваў ад смерці, не кожнае было настолькі ж мяккае, як у яго.

Рыбалка - адно з найвялікшых захапленняў Усевалада Караля

Рыбалка — адно з найвялікшых захапленняў Усевалада Караля

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up