Новости / Народные новости

У Баранавічах збіраюць беларускамоўны першы клас

11.06.2010, 12:11 / remove_red_eye 104 / chat_bubble

Хачу звярнуцца да ўсіх бацькоў нашага горада, чые дзеткі, як і мая дачка, з наступнага навучальнага года рыхтуюцца пайсці ў першы клас. Набор будучых першакласнікаў ужо пачаўся, і я звярнулася ў аддзел адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама з просьбай, каб маё дзіця ад самага пачатку навучалася па-беларуску. Да маёй просьбы паставіліся прыязна. Паабяцалі, што мая дачка будзе навучацца па-беларуску нават у тым разе, калі больш ніхто з гараджанаў не пажадае навучаць сваіх дзетак у беларускамоўным класе.

Аднак методыка навучання аднаго дзіцяці істотна адрозніваецца ад методыкі заняткаў хаця б з невялікай групай вучняў. Адно дзіця будзе займацца тэт-а-тэт з настаўнікам толькі па пяці-шасці асноўных прадметах, якія будуць выкладацца абавязкова па-беларуску. Але агульныя прадметы, такія як музыка ці мастацтва, будуць выкладацца па-руску разам з вучнямі рускамоўнага класа. Нават для невялікага класа з трох – пяці чалавек беларускамоўныя настаўнікі будуць падбірацца па ўсіх прадметах. Яшчэ адзін безумоўны плюс класа – магчымасць камунікацыі паміж вучнямі.

Для таго, каб ваша дзіця запісалі ў беларускамоўны клас, дастаткова ў вуснай форме звярнуцца ў гарадскі аддзел адукацыі, і пажадана – як найраней.  Мы, дарослыя, часта баімся зменаў, баімся штосьці пачынаць, каб хаця не з’явіліся лішнія праблемы. Але бацькі мусяць думаць перадусім не пра сябе, а пра сваіх дзяцей і іх будучыню. Стаўленне да нашай нацыянальнай мовы, у якім яна доўгі час знаходзілася, сёння змяняецца. І яго далейшае паляпшэнне – заканамерны шлях. Добры прыклад на гэтым шляху сёння паказвае новы міністр культуры Беларусі Павел Латушка, а таксама асобныя паслы і дыпламаты еўрапейскіх краінаў, якія карыстаюцца ў паўсядзённым жыцці беларускай мовай. Еўрапейская сям’я не поўная без беларусаў з іх мовай і культурай, бо мы  гістарычна належым да яе.

РЕКЛАМА

Да разумення таго, што мы мусім выхоўваць сваіх дзетак на роднай мове, наша сям’я прыйшла пасля 15-гадовага жыцця ў Расіі. Кожны, хто называе сябе рускім, размаўляе па-руску. Ангельцы размаўляюць па-ангельску, французы – па-французску… І толькі беларусы ігнаруюць сваю мову. У іншых беларускіх гарадах кожны год адчыняюцца беларускія школы і класы з беларускай мовай навучання. У Мінску, напрыклад, сёлета адчыняцца шэсць беларускамоўных школ, яшчэ восем сталічных школ набіраюць беларускамоўныя класы. Няма прычынаў, каб Баранавічы ў чымсьці адставалі ад іх. Галоўнае – жаданне бацькоў. Беларусы часта баяцца быць першымі. Сёлета першаю была я. Вам далучыцца будзе ўжо прасцей.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up