Автор: Алесь Гізун

16:28, 21 мая 2010

Спецпроекты

remove_red_eye 172

Радзівілімонты. Сляды спадчыны

Радзівілімонты – адна з летніх рэзідэнцый Радзівілаў, за дзесяць кіламетраў на поўдзень ад Клецка. Яшчэ ў савецкую эпоху Радзівілімонты “перахрысцілі” ў Чырвоную Зорку, што было сімвалічнай падзеяй у найноўшай гісторыі гэтай мясціны… У напаўзруйнаваным і пераўтвораным у сметнік Радзівілаўскім палацы, пастаўленым калісьці італьянскім архітэктарам, сёння грабуцца, шукаючы шчасця, нашы беларускія куры…

Учора

Сваім росквітам Радзівілімонты абавязаны перадусім Альбрэхту Радзівілу, выпуск-ніку Лейпцыгскага універсітэта. Яму таксама належаў і Клецк. Княжацкі замак у Клецку яшчэ ў 1706 годзе спалілі шведы, а новую рэзідэнцыю Альбрэхт Радзівіл вырашыў стварыць ужо ў суседніх Радзівілімонтах.

Аблічча палаца, які ў выглядзе руін захаваўся да нашых дзён, напрыканцы XVIII ст. ствараў італьянскі дойлід Карлас Спампані. У тыя гады італьянец часцяком працаваў на беларускіх землях. Новы палац Радзівілаў паўстаў у класіцыстычным стылі, ён спалучаў у сабе рысы драўлянай (з дубовых камлёў) і каменнай архітэктуры. Апроч жылых і гаспадарчых пакояў, унутры палаца месціўся зімовы сад.

РЕКЛАМА

Фрагмент дэкору Радзівілаўскага палацу

Фрагмент дэкору Радзівілаўскага палацу

У другой палове XIX ст. радзівілаўская інфраструктура ў Радзівілімонтах апроч палаца  ўключала: два флігелі, канцылярыю, дом эканома, а таксама цэлы гаспадарчы двор з вінакурняй, млынам, вяндлярняй, воднай помпай, стайняй і гумнамі. Побач з палацам у 1875 годзе Марыя Радзівіл заклала парк, дзе з гэтай нагоды быў усталяваны памятны камень з гравіроўкай. А на мяжы XIX – XX стст. паміж радзівілаўскімі рэзідэнцыямі ў Нясвіжы і Радзі-вілімонтах муж Марыі Антон Радзівіл нават наладзіў тэлефонную сувязь (каля 25 кіламетраў).

З Радзівілімонтаў паходзяць розныя знакамітасці беларускай гісторыі. Тут у 1818 годзе нарадзіўся мастак і паэт-песеннік Артур Бартэльс, удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага. Тут яшчэ ў пачатку XVIII ст. жыў дзіўны чалавек Марцін Радзівіл, за імем якога і сёння хаваецца безліч міфаў і неразгаданых таямніц. Яго параўноўвалі з легендарным Фаўстам Гётэ. Князь быў вельмі адукаваны, ведаў шмат замежных моў, у тым ліку і старажытных, меў уласную лабараторыю, дзе практыкаваўся ў медыцыне і, як распавядаюць, нават спрабаваў вынайсці філасофскі камень. Як сведчаць некаторыя крыніцы, Марцін Радзівіл меў гарэм з сялянскіх дзяўчат, якіх трымаў для ўласных задавальненняў. Дзяцей, што нараджаліся пасля тых любошчаў, ліквідавалі… Ужо пазней у Марціна Радзівіла выявілася псіхічная хвароба, якая, аднак, не перашкодзіла князю скончыць свае апошнія гады ў слуцкай турме.

На жаль, такая адметная асоба ў беларускай гісторыі дагэтуль застаецца маладаследаванай. Магчыма, калісьці яна знойдзе сваё месца ў скарбонцы нацыянальных міфаў.

Радзівілімонты, палац Радзівілаў

Радзівілімонты, палац Радзівілаў

Сення

Цяжка сказаць, што сёння можа выратаваць радзівілаўскую рэзідэнцыю ў Радзівілімонтах, калі да яе разбурэння лаяльная нават дзяржава. Дарэчы, шыльда з інфармацыяй пра ахову сядзібава-паркавага комплексу ў Радзівілімонтах усталявана пры адным з заездаў на тэрыторыю сядзібы. Але як і ў дзесятках іншых прыкладаў па краіне, на ўсталяванні такога знака ўся дзяржаўная ахова заканчваецца.

У пачатку 90-х гадоў у радзівілаўскім палацы згарэў дах, пасля чаго ніхто не парупіўся ані пра рэстаўрацыю, ані хаця б пра кансервацыю будынка. У апошнія гады палац Радзівілаў літаральна развальваецца на вачах, яго абнеслі плотам і пераўтварылі ў мясцовы сметнік.

Астатнім будынкам былога сядзібавага комплексу пашанцавала больш. У некаторых з іх і сёння жывуць людзі.   У больш-менш цэласным выглядзе захаваўся гаспадарчы двор Радзівілаў, дзе за савецкім часам выраблялі кансервы.

Так выглядае гаспадарчы двор Радзівілаў сёння

Так выглядае гаспадарчы двор Радзівілаў сёння

РЕКЛАМА

Радзівілаўскі парк з ліпавымі ды грабавымі алеямі, агульнай плошчаю каля 10 га,  таксама захаваўся, хаця і знаходзіцца ў занядбаным выглядзе. На адной з паркавых палян і сёння знаходзіцца памятны валун з надпісам: «Гэтыя алеі  ў 1875 годзе заклала Марыя з Кашталянаў, Княжна Антона Радзівіла».

Закладны камень у парку

Закладны камень у парку

Ліпавыя прысады парку ў Радзівілімонтах

Ліпавыя прысады парку ў Радзівілімонтах

У Радзівілімонтах захавалася і незвычайная сістэма радзівілаўскіх сажалак і  каналаў, блукаючы паміж якімі, ствараецца ўражанне, што Радзівілы вырашылі калісьці стварыць тут уласную невялічкую Венецыю. Да гэтага маляўнічага кутка з Клецка вядзе доўгі, дзесяцікіламетровы гасцінец. Яшчэ некалькі гадоў таму яго лёгка было пазнаць па старых таполях уздоўж усяго шляху. Дрэвы былі пасаджаны яшчэ пры Радзівілах. Сёння пра іх нагадвае толькі галерэя свежых пнёў.

Як даехаць?

Грамадскім транспартам у Радзівілімонты (Чырвоная зорка) можна трапіць так: спачатку на дызельным цягніку Баранавічы – Клецк даехаць да Клецка, адкуль пасля прыгарадным аўтобусам – да Радзівілімонтаў. Пешкі дарога з Клецка  да колішняй Радзівілаўскай рэзідэнцыі складзе каля дзвюх гадзін.


Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up