Автор: Язэп Карэлін

15:48, 20 мая 2010

Культура

remove_red_eye 116

Ушануем Васіля Быкава

У дні святкавання 65-годдзя Перамогі над нямецка –фашысцкімі захопнікамі ў нашай рэспубліцы кампаніяй «Гавары праўду» быў абвешчаны пачатак збору подпісаў за перайменаванне адной з вуліц ці плошчаў у Мінску і Гродна і наданне ім імя Васіля Быкава, а таксама наданне адной з новых станцый метро імя нашага славутага пісьменніка. «Мы змусім уладу шанаваць сваіх герояў», — сказаў тады лідэр кампаніі «Гавары праўду» паэт Уладзімір Някляеў.

Чаму ў нашай сталіцы Мінску ці ў Гродна, дзе шмат год пражыў народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў, дагэтуль ні адна з вуліц не носіць яго імя? Чаму ў нашай краіне не ўсталяваны помнік Васілю Быкаву, Герою Сацыялістычнай Працы, лаўрэату самых прэстыжных прэмій Савецкага Саюза і Беларусі, франтавіку, які, па словах выбітных літаратараў свету, лепш за ўсіх пісаў пра вайну? Творы Васіля Быкава перакладзены на дзесяткі моў свету і выдаюцца велізарнымі накладамі.

Калі ў 2008 годзе ў ноч з  3-га на 4-е жніўня памёр Аляксандр Салжаніцын, ужо праз два дні, 6 жніўня, прэ-зідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў загад аб увекавечванні памяці вялікага пісьменніка. Імя Аляксандра Салжаніцына носяць вуліцы ў Маскве, у Рыме…

Васіль Быкаў памёр 22 чэрвеня 2003 года, у дзень пачатку вайны Нямеччыны з Савецкім Саюзам у 1941-м. У апошні шлях яго праводзілі тысячы людзей, якія з’ехаліся не толькі з Беларусі, а і з іншых краін. Людзі не хавалі сваіх слёз. Яны праз увесь горад ішлі за труной Чалавека Сусвету, імя якога яшчэ ў 1944 годзе было выбіта на абеліску пад Кіраваградам, дзе ён ваяваў. Тады блізкія Васіля Быкава атрымалі на яго пахаронку.

РЕКЛАМА

Але ён выжыў  і пасля доўгіх год службы атабарыўся ў Гродна, дзе працаваў у абласной газеце. Вядомая беларуская паэтка Данута Бічэль, якая шмат год сябравала з Васілём Уладзіміравічам, лічыць, што ў Гродна  лепш за ўсё надаць імя Васіля Быкава вуліцы, якая носіць цяпер імя Свярдлова.

«Ён жыў на гэтай вуліцы, там жыве цяпер яго ўнук, – гаворыць Данута Янаўна, – і увогуле, незалежна ад таго, назавуць улады гэту ву-ліцу імем вялікага пісьменніка ці не, трэба называць яе вуліцай Быкава. Усюды так робяць». Данута Бічэль не лічыць, што імя Быкава павінен насіць, напрыклад, бульвар Ленінскага камсамолу. «Ён там не хадзіў», – дадае яна. Паэтка паведаміла, што скульптар з Воранава Казімір Місюра ўжо робіць і бюст Васіля Быкава. Цяпер паўстае пытанне – дзе ён будзе ўсталяваны?

Чаму ў нашай краіне так ставяцца да нацыянальных герояў і нацыянальнай спадчыны? Чаму пра славутага Тадэвуша Касцюшку на ўзроўні ўладаў гавораць толькі «ўраджэнец гэтых мясцін»?  У той жа час у любым райцэнтры сустрэнеш назвы вуліц, якія носяць імёны Суворава, Дзяржынскага, Кірава…  

Чым яны адметныя для нашай краіны, што станоўчага зрабілі для нашай нацыі? У Баранавічах адна з вуліц носіць імя Войкава, які ўдзельнічаў у забойстве царскай сям’і. Так склалася, што гэта вуліца знаходзіцца якраз у раёне, дзе ў  Першую сусветную вайну знаходзілася Стаўка імператара…

Імя Васіля Быкава носіць у нашай краіне толькі вуліца ў пасёлку Ждановічы. Такое рашэнне прыняў мясцовы Савет яшчэ ў 2003 годзе. А што ж наша сталіца?

Пасля смерці Васіля Быкава прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Я достаточно сделал для Василия Владимировича Быкова до смерти…Я сделал ему все живому, о чем он и семья меня просили…Я говорил, что он талантливый, великий человек». Насамрэч, вялікі. І як няшмат трэба ад кіраўніка краіны, каб імя гэтага вялікага чалавека насіла адна з вуліц нашай сталіцы.

Темы:
Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up