Автор: Алесь ГIЗУН

11:32, 7 мая 2010

Общество

remove_red_eye 141

Чаканне дзеда, зацягнутае на паўстагоддзя

Часам тое, што мэтанакіравана шукалі нашы бацькі, лёс дазваляе знайсці толькі іх дзецям. Некалькі месяцаў таму баранавічанін Аляксандр Саломенік выпадкова і зусім нечакана адшукаў магілу свайго дзеда, які загінуў яшчэ ў 1945 годзе падчас вайны.

Адкладзеная мабілізацыя

Жыхара вёскі Падстарынь Івацэвіцкага раёна Якуба Саломеніка прызвалі ў Савецкае войска толькі за год да заканчэння вайны, улетку 1944-га. Проста вайна грымнула з такой нечаканасцю і імклівасцю, што акупацыйны рэжым на гэтай тэрыторыі паспеў усталявацца раней, чым адбылася мабілізацыя яе жыхароў. Адны мужчыны сышлі ў лес,  іншыя засталіся ў вёсцы, каб дапамагаць партызанам. На сваёй зямлі заставаўся і Якуб Саломенік. І толькі ў 1944 годзе, на хвалі вызвалення, пачалася запозненая мабілізацыя мясцовага насельніцтва на фронт.
Да людзей з вызваленых ад фашысцкай акупацыі тэрыторый у савецкай дзяржаве ставі-ліся насцярожана, пазбягаючы нават прызываць іх у войска. Але Якуба Саломеніка ўсё ж прызвалі. Магчыма, карэннага вяскоўца, “пана сахі і касы” сапраўды не было ў чым падазраваць, акрамя як у “здрадзе” інтарэсам уласнай сям’і і гаспадаркі на карысць інтарэсаў акупаванай радзімы. А магчыма, стомленаму за тры гады вайны фронту проста не хапала жывой сілы. Сваю адданасць радзіме Якуб Саломенік крыху пазней дакажа ўласнай крывёю, калі загіне ў баі, не дажыўшы да Вялікай Перамогі толькі 41 дзень.

Тры месяцы вайны

РЕКЛАМА

Да фронту Якуб паўгода знаходзіўся ў вучэбнай часці на Валагодчыне ў Расіі, дзе яго і такіх, як ён, вучылі ваяваць. Зрабіўшы з селяніна кулямётчыка, Якуба Саломеніка ў пачатку зімы 1944-1945 гг. у складзе аднаго з палкоў 31-й гвардзейскай стралковай дывізіі скіравалі на ІІ Беларускі фронт, які на той час рыхтаваўся пачаць маштабнае наступленне. У гісторыі II Сусветнай вайны яно вядома як Усходне-Пруская аперацыя. Яе мэтай ставілася цалкам ачысціць ад ворага тэрыторыю Усходняй Прусіі і Паўночнай Польшчы. Аперацыя працягвалася амаль пяць месяцаў і ўвайшла ў гісторыю вайны як эпапея мужнасці і геройства савецкіх салдат і афіцэраў. У адным з баёў 28 сакавіка 1945 года на тэрыторыі Заходняй Еўропы і загінуў Якуб Саломенік. Неўзабаве замест чарговага ліста з фронту, якія Якуб спраўна дасылаў дадому прыкладна раз у месяц, яго жонка атрымала “пахаронку” са сціплай інфармацыяй пра гібель мужа. Так, жонка з двума сынамі – 4-гадовым Васілём і зусім маленькім Якубам, які нарадзіўся ўжо пасля таго, як бацьку забралі на фронт, засталася без кармільца.
Пасля смерці Якуба яго сваякам мала што засталося ў напамін пра клапатлівага бацьку і мужа. Не захавалася ні фотаздымка, ні нават той “пахаронкі” (дакумент забралі ў сельсавеце, каб аформіць пенсію ўдаве, ды так і не вярнулі).

Засталіся лісты з фронту. Якуб не меў адукацыі, таму пісаць весткі сваякам ён прасіў сваіх саслужбоўцаў. Пра вайну ў сваіх лістах ён распавядаў мала, болей цікавіўся, як справы ў родных. Гэта і не дзіва, улічваючы, што дома заставалася жонка з двума малымі на руках. Усё, што бацька мог прасіць у сваіх родных, – даслаць паперы, каб пісаць лісты дадому. З гэтым на фронце сапраўды была праблема. Весткі сваякам даводзілася пісаць на бланках з скрыняў з-пад артылерыйскіх снарадаў.

Доўгая дарога да дзеда

Першым пошукі магілы Якуба Саломеніка пачаў яго сын Васіль падчас службы ва ўсходняй групоўцы савецкіх войск у Германіі ў пачатку 60-х гадоў. Адтуль ён скіроўваў лісты ў цэнтральны архіў Савецкай арміі ў Маскве з просьбаю паведаміць дакладнае месца пахавання яго бацькі. Праз некалькі месяцаў з архіва прыйшоў адказ, маўляў, яго бацька загінуў, вызваляючы Кёнігсберг (сёння – Калінінград), і пахаваны на тэрыторыі сучаснай Польшчы. Дакладнае месца пахавання пазначана не было. Выехаць за межы СССР, каб адшукаць магілу, у той час практычна было немагчыма. Пошукі закончыліся.

І толькі праз паўстагоддзя пра дакладнае месца пахавання Якуба Саломеніка выпадкова даведаўся яго ўнук Аляксандр, сын Васіля. Падчас працоўнай камандзіроўкі ў Калінінградскую вобласць у кастрычніку 2009 года ён з калегамі наведаў музей Балтыйскага флоту ў Балтыйску (раней – нямецкі горад Пілляў). Разгаварыўшыся з супрацоўніцамі музея, Аляксандр распавёў, што дзесьці ў гэтым краі ваяваў і загінуў яго дзед. Музейшчыкі зацікавіліся і паабяцалі пашукаць звесткі пра Якуба Саломеніка ў  архіве.

Ужо вярнуўшыся дадому, праз колькі тыдняў Аляксандр патэлефанаваў у музей і запытаўся, ці знайшлі там якія-небудзь звесткі пра яго дзеда. “А дзяўчаты падрабязна пачалі расказваць мне па тэлефоне, што мой дзед пахаваны не дзесьці на тэрыторыі Польшчы, а ў брацкай магіле ў пасёлку Паддубнае Гур’еўскага раёна Калінінградскай вобласці (былы нямецкі горад Галляў). Дзедава імя пазначана ў эпітафіі сярод сотняў іншых за-гінуўшых, – захоплена апавядаў Аляксандр. – У 1995 годзе імя майго дзеда занеслі і ў кнігу “Памяць” Калінінградскай вобласці, дзе ўказаны таксама год яго нараджэння і ваенкамат, які яго прызываў. Праўда, і на помніку, і ў кнізе ёсць адна памылка: пераклалі не толькі дзедава імя Якуб – на Яков, але на расейскі лад змянілі і прозвішча: з Саломенік – на Соломенников. Што ж, дзед быў непісьменны, не ўмеў ні пісаць, ні чытаць, таму яго прозвішча ў войску перапісалі, як хацелі”.

Жонцы Якуба Саломеніка Ганне  так і не суджана было пры жыцці даведацца, дзе знаходзіцца магіла мужа. Яна памерла ў 2001 годзе.

Адзінае, што замінае сёння свабодна наведаць магілу Якуба Саломеніка яго сыну Васілю і двум унукам Васілю і Аляксандру, – межы. Каб трапіць на Калінінградчыну, беларусам трэба ехаць транзітам праз Літву, якая знаходзіцца ў шэнгенскай зоне. “Мы думалі наведаць магілу майго дзеда ў Паддубным да 9 мая, але, на жаль, не паспеем, – распавёў Аляксандр Саломенік. – Пасля прыняцця новых патрабаванняў для наведвальнікаў шэнгенскай зоны нам давялося мяняць свае пашпарты на новыя, каб атрымаць візу. Шкада, што мы не зможам ушанаваць дзедаву памяць на яго магіле да Дня Перамогі, але гэта зусім не азмрочвае радасці ад будучай сустрэчы. Калісьці штогод, на 9 Мая, бацька прыводзіў мяне з братам да брацкай магілы ў нашай вёсцы, хаця мы ведалі, што дзед пахаваны дзесьці далёка. Сёння мы нарэшце маем магчымасць наведаць менавіта  яго магілу. Да гэтага моманту мы набліжаліся занадта доўга – больш за паўстагоддзя”.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up