Автор: Вiктар СЫРЫЦА

12:39, 15 апреля 2010

Культура

remove_red_eye 115

Самы знакаміты Кіт у свеце

Адзін з самых знакамітых у свеце беларускіх навукоўцаў ХХ ст. Барыс Кіт, які працаваў і на баранавіцкай зямлі, 6 красавіка адзначыў  100-гадовы юбілей.

Калі бацька з роднай вёскі Агароднікі на кані адвозіў маладога Барыса ў Наваградскую гімназію, дык сказаў яму: “Болей, сын, я табе нічым дапамагчы не змагу, далей дабівайся ўсяго сам”. І старанны сялянскі хлопец з беларускай вёскі дасягнуў самых вялікіх вышынь у гэтым свеце і стаў, як напісаў Васіль Быкаў, “найпершым беларусам з беларусаў у свеце”.

Барыс Кіт на выдатна скончыў Наваградскую гімназію, стаў студэнтам фізмата Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя. Ён быў актыўным удзельнікам Сялянска-работніцкай грамады, Таварыства беларускай школы, выкладчыкам матэматыкі, дырэктарам Віленскай, а пасля і Наваградскай беларускай гімназій.

Барыс Кіт – паслядоўны, непахісны барацьбіт за беларускую справу, за нашу мову і культуру, змагар супраць апалячвання і русіфікацыі. На пасадзе школьнага інспектара ў Баранавічах ён пачаў актыўную працу па арганізацыі беларускамоўных школ, адначасова Барыс Кіт выкладаў матэматыку ў адкрытым у 1939 годзе Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. Тут Барыс Уладзіміравіч пазнаёміўся і са сваёй будучай жонкай Нінай Корсак. Самы знакаміты беларускі навукоўца ХХ ст. спаткаў сваё каханне менавіта ў Баранавічах. З прыроджаным дарам настаўніка, ён і ў гады Другой сусветнай вайны, падчас жорсткай нямецкай акупацыі вучыў дзяцей, ахоўваў моладзь ад высылкі ў Германію, заснаваў ў Маладзечне Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут. За гэту беларускую дзейнасць сядзеў і пры паляках у Лукішках, і пры немцах – у Глыбоцкай турме, штодня чакаючы расстрэлу.

РЕКЛАМА

Барыс Кіт пакінуў Беларусь у 1944 годзе. Сёння ён жыве ў Франкфурце-на-Майне і лічыць, што зрабіў у 1944-м адзіна правільны выбар. Ён душой і сэрцам адчуваў, што не здолее проста фізічна жыць пры Саветах. Чалавека, які пры немцах быў дырэктарам камерцыйна-гандлёвага інстытута, чакала толькі сталінская турма. Рызыкаваць у чарговы раз Барыс Кіт не пажадаў. Замест сталінскага ГУЛАГа ён абраў вольны заходні свет, у якім змог раскрыць свае інтэлектуальныя здольнасці.

Беларусь доўга была для яго звыклай злой мачыхай, а Амерыка першая ацаніла незвычайнага маштабу талент гнанага беларуса. І ён, беларус, шчодра аддзячыў ёй за гасціну.

Там ён стаў прафесарам Вашынгтонскага Мерылендскага універсітэта. Барыс Кіт з’яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў па тэарэтычных пытаннях ракетнай тэхнікі і касмічных даследаванняў, першага ў гісторыі навукі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве. У 1983 г. абараніў дысертацыю па гісторыі матэматыкі і атрымаў дыплом доктара філасофіі Рэгенесбургскага універсітэта.

На вечарыне ў гонар 95-годдзя Барыса Кіта тагачасны амбасадар ЗША Джордж Крол сказаў, што Амерыка ганарыцца і ўдзячна вучонаму за тое, што ён дапамог амерыканцам паляцець на Месяц. Нямецкае астранаўтычнае таварыства імя Г. Обэрта ўзнагародзіла нашага земляка залатымі медалямі Г. Обэрта і В. фон Браўна. Барыса Кіта віншавалі з 85-годдзем тагачасны прэзідэнт ЗША Біл Клінтан разам з жонкай. Імя Барыса Кіта разам з імёнамі славутых вучоных Амерыкі замуравана ў капсуле часу ў сцяну Капітолія, а таксама ўведзена ў Залу славы Вашынгтонскага біяграфічнага інстытута. Федэрацыя касманаўтыкі Расіі выказала ўдзячнасць Барысу Кіту за вялікі ўклад у развіццё міжнароднай касманаўтыкі.

Веды Барыса Кіта прызнаны і высока ацэнены ў свеце. Ён – старэйшы сябра Амерыканскага астранаўтычнага таварыства, ганаровы сябра Брытанскага міжпланетнага таварыства, сябра Дырэктарыята нямецкага астранаўтычнага таварыства, сябра камітэта гісторыі Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі (Парыж). Барыс Кіт выдатна валодае беларускай, лацінскай, ангельскай, нямецкай, французскай, польскай, ра-сійскай мовамі. На жаль, Акадэмія навук Беларусі зацята не жадае бачыць яго ў шэрагу сваіх сябраў. Але ён, не тоячы крыўды ў сэрцы, перапоўнены жаданнем адкрыць у Беларусі нацыянальны універсітэт, бо адсюль пачынаўся ягоны шлях у вялікае жыццё. У 1994 годзе Барысу Кіту быў уручаны Дыплом ганаровага грамадзяніна Наваградка, ганаровага прафесара Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы. З вялікай удзячнасцю і задавальненнем Барыс Кіт пагадзіўся, каб яго імя было прысвоена Баранавіцкаму недзяржаўнаму эканоміка-юрыдычнаму каледжу.
Да 100-годдзя навукоўцы адкрыты музей Барыса Кіта ў Навагрудскай школе № 1 (былая гімназія, якую будаваў і дырэктарам якой быў Барыс Кіт). Яму дарылі свае кнігі Ніл Гілевіч, Ніна Мацяш, Уладзімір Арлоў, прысвячалі вершы Рыгор Барадулін, Вольга Іпатава, Сяргей Законнікаў. Ён адзін з герояў кнігі Васіля Якавенкі “Пакутны век” і п’есы Алеся Петрашкевіча “Інтэлігенты”. Пра яго напісана шмат успамінаў былымі вучнямі, навукоўцамі замежжа. Усе гэтыя людзі ўбачылі ў лёсе Барыса Кіта выдатны прыклад, як можна вырвацца з адвечнай беларускай гаротнасці і тутэйшасці, калі ты маеш свабоду самавыяўлення, якую дае вольны цывілізаваны свет.
Яшчэ 10 жніўня 2009 г. баранавіцкія грамадскія актывісты сабралі 52 подпісы і скіравалі ліст загадчыцы аддзела культуры Баранавіцкага гарвыканкама В. Фурсе. У лісце была выказана прапанова ўсталяваць на будынку Баранавіцкага музычнага вучылішча (тут быў настаўніцкі інстытут, у якім працаваў Барыс Кіт) памятную дошку ў гонар сусветна вядомага навукоўца. Мне нават паабяцалі запрасіць на паседжанне каардынацыйнага савета гарвыканкама па ахове  культурнай спадчыны пры разглядзе гэтага пытання. Але традыцыйна не запрасілі і нічога не зрабілі.

6 красавіка 2010 г. прадстаўнікі баранавіцкіх дэмакратычных палітычных партый і арганізацый скіравалі ў Франкфурт-на-Майне тэлеграму-віншаванне Барысу Кіту з яго векавым юбілеем.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up