Новости / Культура

Крылатыя сімвалы Баранавіч да Міжнароднага дня птушак

2.04.2010, 15:04 / remove_red_eye 159 / chat_bubble

У Беларусі наўрад ці знойдзецца больш насычаны ўвекаванымі птушынымі вобразамі горад, чым Баранавічы. Магчыма, у астатніх краінах таксама. Адкуль у нас такое трапяткое пачуццё да птушак?

Птушак шанавалі і ўшаноўвалі заўжды і ўсюды. Калі верыць легендам, дык Рым мог бы быць знішчаны ўжо ў першыя гады свайго існавання. Вялікі горад быў выратаваны, дзякуючы святарным гусям, якія сваім крыкам пабудзілі гарадскую варту, калі да той падступала варожае войска. Сёння ў Рыме стаіць помнік гэтым птушкам. Жыхары амерыканскага Бостана ўшанавалі помнікам вераб’я. Гэтыя птушкі даўней выратавалі навакольныя сады і палеткі ад нашэсця вусеняў, а насельніцтва – ад голаду. І гэта ўжо не міф, а сапраўдная гісторыя.

Продкі беларусаў не менш за астатніх ушаноўвалі самае рознае птаства. На шлюбных ручніках вышывалі галубоў, якія сімвалізавалі мір, гармонію і дабрабыт новага жыцця маладых. На стрэхах хат часцяком усталёўвалі скульптурку пеўня – сімвал-абярэг і засцерагальнік ад нячыстай сілы. Сёння ручнікі вышываюць машыны, людзі з вясковых хат перабраліся ў гарады, насельніцтва якіх усё радзей верыць не толькі ў нячыстую сілу, але і ва ўсё астатняе.

Сёння «птушыныя» помнікі і скульптуры з’яўляюцца хутчэй па добрай даўняй традыцыі або проста з сентыментальна-эстэтычнай патрэбы урбанізаванага насельніцтва.

РЕКЛАМА

Птушкі шчасця

Адна з птушак шчасця на праспекце Савецкі

Адна з птушак шчасця на праспекце Савецкі

Дзве птушкі шчасця ўсталяваныя ў Баранавічах уздоўж праспекту Савецкі. Паміж імі знаходзіцца таксама павук-абярэг, з якім птушкі ўтвараюць адну кампазіцыю. Яе сімволіка даволі празрыстая. Падобных павукоў-абярэгаў калісьці нашыя продкі плялі з саломы і вешалі пасярод хаты, як сімвалы міру і гарманічнага жыцця. З саломы рабілі і такіх самых птушак-шчасця. Паколькі саламяныя народныя сімвалы пад голым небам праіснавалі б нядоўга, іх вырашылі зрабіць з нержавейкі. Дарэчы, з’явіліся яны гадоў восем таму зусім выпадкова. Спачатку на іх месцы меркавалася ўсталяваць якія-небудзь скульптуры. Але пазней выбралі больш эканомны варыянт – нескладаную кампазіцыю, з традыцыйнай беларускай сімволікай. Архітэктар Баляслаў Тумашчык (сёння – галоўны архітэктар горада) зрабіў эскіз, па якім працоўныя Гандaльмашу і выканалі скульптурнае трыо.

Раз – верабей…

Арнітолагі абвесцілі 2003 год Годам хатняга вераб’я, і ў тым самым годзе ў цэнтры Баранавіч паўстаў помнік гэтай птушцы. Адлітая з алюмінію і танаваная пад бронзу сімпатычная птушка з’явілася насупраць кінатэатра «Кастрычнік». Яе аўтар – баранавіцкі скульптар Станіслаў Цалюк. Сёння помнік вераб’ю нездарма лічыцца неафіцыйным крылатым сімвалам горада і, здаецца, лёгка гатовы канкураваць з агульнапрынятым сімвалам Баранавіч – паравозікам. Менавіта да помніка вераб’ю штогод адбываюцца масавыя паломніцтвы замежных дэлегацый і турыстаў.

Вароны-падарожніцы

Вароны каля турагенства

Пашырыць птушыную тэматыку ў горадзе вырашылі і аўтары дзвюх варон, што ўвесну 2008 года «прыселі» на агароджы пры турагенцтве «Елена» па вуліцы Камсамольскай. Гэта сумесная праца дызайнера Сяргея Сяргейчыка і кавалёў Івана Квятко і Алеся Фалея. Чаму ўсё ж вароны? Па словах Сяргея Сяргейчыка, менавіта гэтыя птушкі – самыя цікаўныя. А цікаўнасць – гэта тое, што рухае людзьмі, калі яны выпраўляюцца вандраваць, каб паглядзець свет. Вось дзве вароны – ён (з заплечнікам) і яна – і спы-ніліся каля турыстычнага агенцтва, раздумваючы куды падацца. Да гонару аўтараў кампазіцыі, выразы твараў у птахаў атрымаліся даволі жывыя і эмацыйныя.


Бусел у ботах

РЕКЛАМА

Прыкладна ў адзін час з варонамі-падарожніцамі каля адной з абутковых крам па вуліцы Леніна прызямліўся бусел. На думку аўтара каванага бусла Аляксандра Адамчыка, птушка спынілася каля крамы з абуткам, каб падабраць сабе годныя боцікі. Ла-гічна. Да гонару баранавіцкага каваля трэба заўважыць, што гэтыя самыя бусловыя боцікі ў яго атрымаліся надзвычай прыгожымі і далікатнымі.

…два – верабей!

За некалькі крокаў ад бусліка, на краі сметніцы каля суседняй крамы, знаходзіцца яшчэ адна, праўда, менш заўважная птушка. Гэта таксама верабей. Толькі ў адрозненне ад свайго старэйшага брата каля кінатэатра «Кастрычнік», гэты верабейка ўяўляе сабою плён кавальскай, а не скульптарскай працы. Яго стварылі дызайнер Сяргей Сяргейчык і кавалі Іван Квятко і Алесь Фалей.

Сумныя мудрыя совы

Металічных соваў як сімвал мудрасці ўсталявалі насупраць кнігарні па вуліцы Савецкай напрыканцы 2008 года. Іх вырабілі працоўныя Гандальмашу – каваль Іван Гунько і інжынер-канструктар Віталь Калбаса. Згодна з артадаксальнымі вераваннямі нашых продкаў, сава належала да дэманічных істот, яе вобраз часта звязвалі з вядзьмарскімі справамі, хваробамі і смерцю. Праз такія сумнеўныя догмы народ, мякка кажучы, недалюб-ліваў соваў, любым чынам знішчаючы іх род. Калі совы ў Чырвонай кнізе сталі сустракацца часцей, чым у жывой прыродзе, людзі паразумнелі. Але не ўсе… Не пашчасціла акурат баранавіцкім совам. Не прайшло і паўгода, як абедзвюх птушак невядомы зламыснік жыўцом выдраў з іх дуплаў і знёс у невядомым напрамку. Праўда, напужаны розгаласам, які ўзняўся пасля гэтага інцыдэнту, злодзей выкінуў іх на сметніку за горадам. Там праз тыдзень гаротных птушак і знайшлі. І сёння ў савіных вачах можна заўважыць лёгкі смутак, што нагадвае пра тыя падзеі.

Два арлы

Помнік з арлом у вёсцы Вялікія Лукі

Помнік з арлом у вёсцы Вялікія Лукі

Помнікі з выкарыстаннем вобразаў птушак можна адшукаць і ў Баранавіцкім раёне. Адзін з іх знаходзіцца ў в. Вялікія Лукі, побач з царквой Георгія Пераможцы. На складзеным з гранітных пліт помніку, раскінуўшы крылы, сядзіць каменны арол. Падчас Першай сусветнай вайны ў царкве месціўся нямецкі вайсковы шпіталь. Помнік на царкоўным двары быў пастаўлены ў гонар тых, каго вайна забрала назаўжды.

Другога арла, што ўзвышаецца над зямлёю ажно на некалькі метраў, знайсці больш складана. Помнік, які часам называюць «Тры крыжы», знаходзіцца ўскрай лясной дарогі паміж вёскамі Арабаўшчына і Старыя Войкавічы. Манумент таксама мае мемарыяльнае значэнне. Традыцыйны польскі арол, над якім узвышаюцца тры каталіцкія крыжы, быў пастаўлены дзесьці ў 20 – 30-я гады як памяць пра жорсткія баі ў гэтых ваколіцах паміж расійскім і польскім войскамі.

Помнік польскаму войску каля вёскі Старыя Войкавічы

Помнік польскаму войску каля вёскі Старыя Войкавічы

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up