Автор: Людмiла СЦЯЦКО

17:50, 11 марта 2010

Общество

remove_red_eye 129

Баранавічам прапанавалі “гаварыць праўду”

Грамадзянская кампанія “Гавары праўду”, распачатая ў лютым у сталіцы, дайшла да Баранавіч. Першыя паштоўкі, якія прапаноўвалі жыхарам горада расказаць пра свае праблемы прэзідэнту, з’явіліся ў паштовых скрынях на мінулым тыдні.

Паштоўкі такога ўзору атрымалі многія жыхары Усходняга і Паўднёвага мікрараёнаў нашага горада

Паштоўкі такога ўзору атрымалі многія жыхары Усходняга і Паўднёвага мікрараёнаў нашага горада

РЕКЛАМА

Кампанія “Гавары праўду” стартавала  25 лютага ў Мінску. Сярод яе заснавальнікаў  вядомыя культурныя дзеячы нашай краіны, пісьменнікі Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Уладзімір Някляеў, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

Як паведамляе “Наша ніва”, на прэзентацыі кампаніі яе лідэр Уладзімір Някляеў адзначыў, што з дапамогай гэтай акцыі заснавальнікі хочуць данесці да беларускага грамадства рэальнае стано-вішча з беспрацоўем, узроўнем заробкаў, інфляцыяй і іншымі паказчыкамі жыццядзейнасці грамадства. Расказаць праўду пра тое, пра што маўчаць ці хлусяць розныя дзяржструктуры.

Дзеля гэтага заснавальнікі грамадзянскай кампаніі выпусцілі каля 200 тысяч паштовак, якія пачалі распаўсюджваць па ўсёй краіне. Дайшлі паштоўкі і да Баранавіч.

Заснавальнікі кампаніі загадзя паклапаціліся пра тое, каб гараджане, якія пажадаюць напісаць пра сваю праблему кіраўніку дзяржавы, не шукалі адрас Адміністрацыі Прэзідэнта і не трацілі грошы на паштовыя маркі ці канверты. І Адрас і марка ўжо ёсць на паштоўцы. Гараджанам толькі застаецца напісаць сваю скаргу і апусціць паперу ў скрыню. Дарэчы, як паведамілі карэспандэнту “IP” у Баранавіцкім раённым вузле паштовай сувязі, пісаць гараджане ўжо пачалі, але такіх “лістоў” пакуль няшмат.  

Распаўсюджваннем незвычайных паштовак у нашым горадзе займаюцца актывісты кампаніі.

«Распачатая намі кампанія не з’яўляецца палітычнай. Гэта маральная акцыя, –  цытавала Някляева “Наша ніва”. – Я неаднойчы спрабаваў стварыць падобны рух, арганізацыю, якая б мела на мэце не палітыку, а культуру».
Нягледзячы на падкрэслена антыпалітычны напрамак акцыі, яе актывістаў ужо пачалі пераследаваць супрацоўнікі праваахоўных органаў. Як паведамляе “Радыё Свабода”, днямі ў Мінску  затрымалі некаторых актывістаў кампаніі. Дзевяць тысяч паштовак, якія ў іх былі з сабой, супрацоўнікі сталічнай міліцыі канфіскавалі.
Спасылаючыся на гэтыя пераследы, прэс-сакратар кампаніі Юлія Рымашэўская не стала агучваць, колькі паштовак будзе распаўсюджана ў горадзе Баранавічы. Тыраж жа, які значыцца на паштоўках, складае дзве тысячы экземпляраў.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up