Новости / Культура

Дзе беларуская мова жыве?

1.03.2010, 10:28 / remove_red_eye 213 / chat_bubble

Шыльда – гэта твар крамы, фірмы, арганізацыі. Яна як адмысловая візітка, што распавядае нам, прахожым, пра свайго гаспадара, яго асабістую культуру, стаўленне да наведвальнікаў ці пакупнікоў. На якія шыльды багаты будынкі ў цэнтры горада Баранавічы і якія з іх зроблены па-беларуску?

Выпраўляючыся чытаць шыльды на будынках, я не разлічвала знайсці вялікую колькасць назваў крам, устаноў, арганізацый на беларускай мове. I не памылілася: на цэнтральных вуліцах шчодра навешана надпісаў па-руску.

Пасля прагляду каля двухсот шыльдаў у нашым горадзе ўзнікла адчуванне, што калі нават і выкарыстоўваецца  родная мова, то робіцца гэта на большасці з іх быццам бы нерашуча і сарамліва.

Руская і беларуская побач ідуць

РЕКЛАМА

На шыльдах будынкаў па вуліцах Камсамольскай, Леніна, Савецкай часта сустракаецца двухмоўе, заканадаўча замацаванае ў нашай краіне.

На ўваходзе многіх  афіцыйных устаноў размешчаны назвы і па-руску, і па-беларуску: аддзел запісу актаў – отдел записи актов, каледж лёгкай прамысловасці – колледж легкой промышленности, будаўнічы трэст – строительный трест і г.д.

На будынку па вуліцы Савецкая, 79  назвы райвыканкама, гарсавета і райсавета дэпутатаў таксама напісаны на беларускай і рускай мове. Толькі назва Камітэта дзяржаўнага кантролю пададзена ў адным варыянце: па-беларуску.

Парадавала, што падобную «белую варону» можна знайсці і на суседнім будынку: у ганарлівым адзіноцтве без рускага суправаджэння вісіць беларускамоўная шыльда вузла электрычнай сувязі.

Трапляюцца на вочы шыльды з назвамі не ў перакладзе, а з двухмоўем уперамежку: «магазин «Друкар», «агентство «Ветразь», «Продукты – сардэчна запрашаем». Знайшлася назва «Кафейны бар», аднак лепш сказаць  «Кавярня» ці «Кафейня».

Адзначым, што некаторым пакупнікам усё адно, на якой мове напісана назва крамы. Усе дзесяць апытаных «IP» чалавек, якія рабілі пакупкі ў краме «Пякарня – свежий хлеб», ніколі не звярталі ўвагі на беларуска-рускі варыянт шыльды крамы.

«Какая разница, по-русски или по-белорусски написано название магазина? – заўважыў малады чалавек Уладзімір. – Главное, чтобы тут был всегда действительно свежий хлеб».

Беларускія шыльды – у меншасці

Усё ж такі ёсць у нашым горадзе прыгожыя сапраўды беларускамоўныя шыльды.  Прыцягваюць увагу «Палац дзіцячай творчасці», «Кулінарыя», «На хвілінку».

Краму ў цэнтры горада «У Гаспадара» смела можна было б таксама аднесці да беларускамоўных, калі б толькі не гэтыя «колбасы, мясо и полуфабрикаты».

На будынках выставачнай залы, краязнаўчага музея, крамаў «Беларускі сувенір», «Панчохі, шкарпэткі» на роднай мове і назвы, і  час працы.

Поўная гармонія ў дзіцячай гарадской бібліятэцы па вуліцы Камсамольскай. Тут не толькі вулічныя шыльды, а і ўнутры ў памяшканнях таксама ўсе надпісы беларускамоўныя.

«Наша родная мова – беларуская, таму і робім надпісы на ёй», – растлумачылі супрацоўнікі бібліятэкі.
У цэнтры горада беларускамоўных шыльдаў няшмат. Па маіх падліках, яны складаюць толькі дзесятую частку ад амаль двухсот шыльдаў, знойдзеных у цэнтры горада. Яшчэ на будынках вісіць з дзесятак назваў з замежных слоў ці на замежнай мове. А дзве назвы баранавіцкіх крамаў «Антиквариатъ» і «Телеграфъ», відаць, трэба лічыць царкоўнаславянскімі. Астатнія шыльды – рускамоўныя. Атрымліваецца, у краіне дзве дзяржаўныя мовы, а ўладарыць  адна – руская.

Але ёсць надзея, што ўжыванне роднай мовы пашырыцца.

«У нас замаўляюць большасць шыльдаў на рускай мове, – адзначылі ў адным з агенцтваў горада па вырабе шыльдаў, – але ў той жа час раней амаль не было заказаў на беларускай мове, а цяпер усё ж такі такія замовы бываюць».

На думку некаторых гараджан, сёння назва ўстановы на беларускай мове – гэта шанс вылучыцца сярод мностваў падобных устаноў.

 «Беларуская назва выдзяляецца сярод рускіх, яна адразу запамінаецца. Беларускамоўная назва арганізацыі ці фірмы – гэта яе «фішка»,  – сказаў адзін з наведвальнікаў бара «Папараць-кветка» гараджанін Віталь.

РЕКЛАМА

Будзем спадзявацца, што мова продкаў беларусаў паступова заваюе сваё права  на пачэснае месца ў нашым горадзе.

Даведка INTEX-PRESS

Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day) заснаваны рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і адзначаецца з 2000 года. Мае на мэце абарону моўнай і культурнай разнастайнасці. Дзень святкавання  21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up