Автор: Аляксей БЕЛЫ

10:52, 19 февраля 2010

Общество

remove_red_eye 112

А дзембель непазбежны

У кожнага свае ўспаміны пра службу ў войску. Асабіста  я два гады і месяц правёў  у Венгрыі. Пра гэты час я ўспамінаю і зараз і страчаным яго не лічу.

Чаравікі змянілі на боты

«Прапануем вам адтэрміноўку ад прызыву ў войска. У вас жа віза ў загранку…» – прамовіў супрацоўнік Медзвежагорскага ваенкамата, адкуль я атрымаў павестку. «Не, на службу хачу, – сказаў я, – хачу з хлопцамі з свайго года». – «Ну што ж, ідзіце». Так пачыналася маё знаёмства з Савецкай Арміяй.

На Поўначы, адкуль мяне прызывалі ў войска, я апынуўся па ўласным жаданні: паступіў у вучэльню, дзе давалі спецыяльнасць штурмана маламерных марскіх суднаў. У Петразаводск, сталіцу Карэліі, з ваенкамата мае дакументы чамусьці даставілі са спазненнем на цэлых тры дні, і «купец», што набіраў у маракі, ужо з’ехаў. Нашу каманду забраў афіцэр-сувязіст. З ім і рушылі ў дарогу. Ленінград, Пскоў, Маладзечна. Мяне прывезлі на радзіму. У горадзе Маладзечна  жыў мой родны дзядзька, былы кадравы афіцэр. Падумалася: патэлефаную, цывільную вопратку з дому выпішу, служба будзе!..

РЕКЛАМА

Калі нам выдалі ялавыя боты і скураныя папругі, хлопцы з вучэбкі, дзе нас пераапраналі, адразу сказалі – «мадзяры». Гэта значыла, што нас накіроўваюць служыць у Венгрыю. Тры дні, як у тумане, падгонка формы, крос, падцягванне. Дзядзьку я так і не патэлефанаваў.  У Будапешце, у штабе Паўднёвай Групы Войскаў, пакінулі самых «прасунутых» – мастакоў, музыкантаў, хлопцаў з добрым почыркам. Я трапіў у Сальнок, у асобны рэлейна-кабельны батальён урадавай сувязі. Гэта вайсковая часць у гады вайны была ўзнагароджана ордэнам Аляксандра Неўскага, мела ганаровую назву Чэнстахоўская. Першы месяц службы да прысягі – гэта вучэбны пункт. Бясконцыя «пастраенні», маршыроўкі, падшыванне падкаўнерыкаў белай тканінай, па дзесяць разоў на дзень чыстка ботаў нейкай чорнай каламаззю, што стаяла каля ўваходу ў казарму. Па тры разы стрэлілі ў кар’еры з сваіх АКМСаў, прынялі прысягу, пасля былі размеркаваны ў баявыя падраздзяленні. Я апынуўся ў рэлейнай роце. Адразу хочацца сказаць, што ў кабельных было цяжэй – валачыць за сабою вазок з велізарнай бабінай кабелю, дзесяткамі кіламетраў размотваючы яго па зямлі, ці рабіць паветраныя пераходы значна цяжэй, чым устанавіць на гары 30-метровую антэну з парабалічнымі рэфлектарамі, наладзіць сувязь і проста жыць у дзяжурным рэжыме. Праўда, калі сувязь была дрэннай, на антэну трэба было ўзлазіць.

Дзяды і салабоны

Адносіны са стараслужбоўцамі складаліся па-рознаму. Пад’ёмы-адбоі па 10-20 разоў на вечар, якія ладзілі нам дзяды, даваліся цяжка. За 45 секунд трэба было апрануцца, за  30 скінуць боты, хэбэшку, нагавіцы і ўскочыць у ложак. Калі робіш гэта пятнаццаць разоў на вечар, калі форма і сам ты – мокрыя ад поту, укласціся ў нарматыў складана. Пасля таго, як з роты сыходзілі  афіцэры, «салабоны» выстройваліся ў шарэнгу і дакладалі стараслужбоўцам, колькі дзён засталося да прыказу, колькі да дзембеля, колькі  металалому сабралі піянеры на дзембельскі паравоз, і колькі паек масла і макарон засталося з’есці, якое надвор’е ў рэгіёнах СССР…

Са «сваімі» дзядамі жылося няблага. Я трошкі   граў на гітары, шмат чаго  ведаў, сярод маіх папер быў студэнцкі білет (перад войскам я паступіў завочна на штурманскае аддзяленне Ленінградскага інстытута воднага транспарту), пасведчанне аб заканчэнні вучэльні, шмат здымкаў у марской форме. Усё гэта неяк улічвалася. Праўда, калі аднойчы адзін з «жалезных дзядоў ПГВ», які вазіў камандзіра роты, штурхануў мяне тварам на кунг у аўтапарку, я прамовіў: «Няхай толькі што пачнецца і нам патроны выдадуць. Я пагляджу, як ты паперадзе мяне бегчы будзеш…»  Потым, ужо ў роце, ён распавёў пра гэта сваім аднагодкам: «Ты бачыш, што салага гаворыць…»  Ён быў высокі, здатны, насіў мянушку Масёл. Але чапаць мяне тады пабаяліся. Праўда, панэлі ў калідорах стрэльбавым маслам да чатырох раніцы я драіў не раз – каб блішчэлі. Дарэчы, баявыя патроны нам выдавалі пастаянна, калі рота хадзіла ў каравул. Па два ражкі – да нашых дэсантных АКМСаў – 60 штук. Былі ў нашай вайсковай часці каравулы на ўскрайку горада, дзе з-за агароджы маглі кінуць у твой бок цагліну, былі  каравулы каля сцяга ў штабе. Там не раз  давялося стаяць у параднай форме, калі тэрмометр паказваў плюс 32 і болей. Сцерагчы сцяг, ордэн на ім і ордэнскую стужку было гонарам. Гэта быў пост нумар адзін.

Пра дзяжурствы на кухні, асабліва ў пасудамыйцы, з улікам таго, што ўвесь посуд быў алюмініевы, узгадваць неахвота. Асабліва складана было здаваць такое дзяжурства   «дзядам», якія за нейкую правіннасць траплялі ў пасудамыйку: тады ў роту мы вярталіся пад дванаццаць ночы.

Галоўнае ў службе – забяспечваць сувязь

Вядома ж, усё гэта было толькі нязначнай часткай службы. Асноўнае – гэта заняткі – страявая, баявая падрыхтоўка, «фізо», па спецыяльнасці, палітычная. Ну і, вядома ж, вучэнні, падчас якіх удавалася ўдосталь наесціся венгерскага вінаграду і кавуноў, а то і паспрабаваць мясцовага віна – бору. Калі нехта ў роце «пападаўся» за парушэнне – усіх у чатыры раніцы ганялі на дамбу, якіх у Венгрыі шмат. Кросы, марш-кідкі, каманды «ўспышка справа» (ці злева), бегатня ў хімкамплекце ці процівагазе. Не раз з поўнаю выкладкаю перасякалі Цісу. Тады гучала каманда ротнага: «Лейтэнант Данілаў наперад, астатнія – за ім». Малады афіцэр зацягваў папружку фуражкі пад барадою і кідаўся ў раку. Мы плылі следам. На другім беразе выкручвалі анучы, абува-ліся і беглі далей. «На дамбе»  стралялі халастымі. А ў дэсантнай мадзярскай часці падчас праверак і перад імі – з баявых патронаў. Я страляў добра. Потым, на афіцэрскіх зборах, да «Макарава» так і не прызвычаіўся.

Здзіўляла, што венгры, з якімі мы гулялі ў футбол, заўсёды бралі ў свае ранцы па бохану нашага чорнага хлеба. Гэта ўжо пазней мы высветлілі, што чорнага ў іх не было зусім. Вольны час, якога было   няшмат, займалі кнігі, кіно. Тэлевізараў тады ў казармах не было. Ды і ў «чырвоным кутку»  таксама. У выхадныя ладзілі гульні КВЗ і канцэрты.  Успамінаецца, што вайсковы ансамбль «Лейтэнанцкія зоркі» часцяком спяваў песню пра паўстанне венграў супраць савецкага рэжыму ў 1956 годзе:  «Сейчас ты спокоен и смел, а помнишь, как пули свистели. Один убежать не успел, другого убили в постели. Вы скажете, стерлись года, нет, в памяти это осталось. Мы здесь с тобой, чтобы никогда это на повторялось».

Мы сапраўды верылі  тады, што без нас тут не абыдуцца. Прападуць! І на тэрыторыі часці, там, дзе плац, быў пабудаваны мініяцюрны Крэмль з зубчатаю сцяною. Там нам зачытвалі загады, прысвойвалі званні, аб’яўлялі спагнанні…

Да харчавання ў войску прывыкаеш хутка. І хаця кавалак масла на дзесяць чалавек дзялілі неяк па-асабліваму – палову двум дзядам, што сядзелі за сталом, астатняе на ўсіх – ніхто не скардзіўся на недахоп калорый. Дарэчы, дзяліў яго якраз малады вайсковец. А стараслужачыя, з’еўшы пайку масла, даставалі з кішэні «дзембельскі каляндарык» і іголкаю, што была ў пілотцы, прапорвалі гэты дзень на календары. Масла з’еў – дзень прайшоў. Зрэшты, каб падсілкавацца,  пры часці было два кафэ. У салдацкім можна было набыць «бамбій» – нешта накшталт сённяшняй фанты, а таксама пячэнне, жуйку. У афіцэрскім былі і спіртныя напоі. Маладыя хлопцы, якія засталіся на звыштэрміновую службу, без праблем маглі набыць гарэлку і служачым тэрміновай. Каштавала бутэлька 42 форынты – гэта якраз столькі, колькі выплочвалі радавому ў месяц. Праўда, маладыя нешта «адшпільвалі» дзядам на дзембель – форынтаў па дзесяць у месяц. З цыгарэтамі праблем не было. Кожнаму штомесячна выдавалі па 18 пачак  «Гуцульскіх» ці «Паляўнічых» – па 6 капеек за пачак і два пачкі запалак. Хто не паліў – мог узяць 700 грам цукру. Але да маладых цукар не даходзіў – яны бралі цыгарэты і аддавалі дзядам.

З нашай вайсковай часці амаль ніхто не хадзіў у адпачынак. Дзесяць сутак без дарогі былі для нас недасягальнымі. Але хто трапляў у Саюз – па сямейных абставінах ці ўсё ж за добрую службу – па-вінен быў прывезці дзядам некалькі складных чамаданаў  – на дзембель і… дзесяць флаконаў адэкалону. «Кара-Нова», «Макі», «Трайны». Старэйшае пакаленне памятае гэтыя трапецападобныя  флаконы. Адэкалон пілі стараслужбоўцы. Многіх потым ва-нітавала, але ж калі заўтра зноў прыязджаў «адпускнік» – яны    жлукталі  зялёную вадкасць.

…Дзедаўшчына з паборамі, адбоямі, дакладамі скончылася неяк нечакана і хутка. З нашай элітнай вайсковай часці збег масквіч радавы Уладзімір Халадкоў. Адразу перакрылі мяжу з Аўстрыяй, паведамілі ў Будапешт і Маскву. Праз тры дні, пакуль мы яго настойліва шукалі па лясах і пералесках, ён вярнуўся сам. Палкоўнікі з Масквы спыта-ліся: «Чаму ўцёк?» – «Білі!»
Потым быў паказальны суд, каля дваццаці пацярпелых, тры вінаватых. Адзін  трапіў у турму, дваіх накіравалі ў дысцыплінарны батальён у Белую Царкву. Нашага «бацю», маёра Самсонава, якога мы ўсе вельмі любілі, перавялі ў Гатчыну – таксама на падпалкоўніцкую пасаду, але ўжо ў полк. Зампаліт уратаваўся тым, што праслужыў у нас толькі шэсць месяцаў – быў яшчэ «не в курсе». Да нас прыехаў падпалкоўнік Грышчанка, ужо ў нашай часці яму ўручылі ордэн Чырвонай Зоркі: падраздзяленне, якім ён кіраваў да гэтага, пяць год было выдатным. Ён не плаваў з намі ў басейне, як маёр Самсонаў, не гуляў з афіцэрамі ў футбол, не ездзіў паляваць на фазанаў і зайцаў, якіх у Венгрыі процьма. Але ён ведаў службу, трымаў дысцыпліну. А сувязь мы заўсёды давалі добра. І Брэжневу, і міністру абароны СССР Грэчку, і іншым. Узгадваецца прыезд ў нашу вайсковую часць камандуючага Паўднёвай Групай Войскаў, Героя Савецкага Саюза генерал-палкоўніка Іванова. Так выйшла, што я, тады малодшы сяржант, праводзіў заняткі ў ленінскім пакоі. Калі зайшоў генерал са світаю (генерал-маёрам з асабовага аддзела і некалькімі палкоўнікамі), я даў адпаведныя каманды салдатам і далажыў Герою, чым мы тут займаемся. Генерал-палкоўнік паціснуў мне руку. У памяшканні віселі партрэты членаў Палітбюро ЦК КПСС. Адно з месцаў было пустым. «Чаму пуста?» – спытаў Іваноў. – «Ды тут партрэт Мжаванадзэ быў, – адказаў я, – а яго выключылі з Палітбюро». – Зразумела», – адзначыў генерал. Увогуле, служыць было цяжка, але цікава. Аб’ездзіў усю Венгрыю – Будапешт, Кечкемет, Цэглед, Секешвехервар, Дэбрэцэн…У падвале пад казармаю мы слухалі з земляком з Мінска Анатолем Клімовічам «Радыё Швецыі» – станцыя трансліравала цудоўную музыку. Тады я ўжо служыў у іншым падраздзяленні, на вучэнні амаль не ездзіў.
І колы грукочуць: «Дадому, дадому!..»

Калі стараслужачым стаў я, ужо не было рытуалу прасавання халяў ботаў з выкарыстаннем 1-2 банак ваксы – мы насілі парадную форму новага ўзору, з чаравікамі і гальштукамі. Але мы яшчэ засталі «парадку» ваеннага ўзору і фрэнчы «пад горла» з галунамі на каўнерыках у сяржантаў. І ўсё ж нейкія рытуалы падрыхтоўкі да дзембеля засталіся. Напрыклад, афармленне  дзембельскага альбома. Такі альбом з фотаздымкамі падчас службы захоўваецца ў мяне і цяпер. На апошняй старонцы яго – загад міністра абароны СССР аб звальненні з узброеных сіл. Мы развіталіся са Сцягам, апошні раз прайшлі строем па плацы. І хоць нас папярэджвала кіраўніцтва часці, каб на кантрольна-прапускным пункце мы не крычалі з кузава ГАЗ-66,   наша «Дзямобе – УРА»  ўсё ж прагучала (у Венгрыі гаварылі чамусьці не дзембель, а менавіта дзямоба). У Чопе мяне чакаў сябрук Анатоль Клімовіч.  З ім мы ехалі да самых Баранавіч, адкуль я падаўся ў свае Івацэвічы, ён – у Мінск.

Я не з тых, хто, прыйшоўшы дадому, хадзіў па суродзічах і сябрах у мундзіры на працягу двух тыдняў. Але форму паважаю. І флоцкі кіцель, які насіў пасля войска на працягу пяці гадоў, вісіць у шафе і цяпер. Таму, калі бачу, як яфрэйтар-кантрактнік у запэцканым камуфляжным бушлаце ці сяржант з дубінкаю за спіною прасоўваюцца каля палкоўніка Паветраных Сіл РБ і нават не спрабуюць паднесці руку да казырка, становіцца сумна. Мы нашага «бацю» маёра Самсонава віталі, пераходзячы на страявы крок. І ён адказваў нам тым жа.

Темы:
Поделиться:
Читать также

Поможем Александру жить!

3 часа назад remove_red_eye 1615
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up