Автор: Алесь ГIЗУН

16:26, 18 февраля 2010

Происшествия

remove_red_eye 104

Шалёная рыбалка

Увечары 9 лютага карэспандэнт Intex-press стаў відавочцам шалёнай здабычы гараджанамі рыбы, якая пакутуе ад недахопу кіслароду на торфакар’еры «Атлант», што пад Баранавічамі.

Па словах відавочцаў, падобная карціна ў розных месцах схаванага пад паўметровым лёдам вадаёму з агульнай плошчай каля 500 гектараў назіралася ўжо не першы тыдзень. Народ падцягваўся да вадаёму не з вудамі, а з бензапіламі і вялікімі сачкамі, а сыходзіў з поўнымі мяхамі рыбы. Дзея на лёдзе ў прыцемках нагадвала тэатр усеагульнай істэрыі і вар’яцтва, у якім удзельнічалі, здаецца, нават тыя, хто звычайна мала цікавіцца рыбай і рыбалкай. Людзі выразалі ў лёдзе агромністыя квадратныя лункі, да якіх сама выплывала зняможаная ад недахопу кіслароду рыба. Яе заставалася адно чэрпаць сачкамі і класці ў мяшкі. Правіламі рыбнай лоўлі такое прызначэнне сачка не прадугледжана. 

Рыбы на торфакар’еры – чэрпаць  не вычарпаць

Рыбы на торфакар’еры – чэрпаць не вычарпаць

РЕКЛАМА

На месцы прысутнічалі супрацоўнікі Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і Баранавіцкай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы наваколля. Відавочна, што некалькі спецыялістаў проста не маглі кантраляваць каля 200 чалавек. Яны абышлі людзей, каб распавесці ім правілы рыбнай лоўлі ў падобнай сітуацыі: лавіць не больш за пяць кілаграм на чалавека і толькі дазволенымі прыладамі.

Хаця згаданых парушэнняў інспектары не заўважылі і ніводнага пратакола складзена так і не было, яны ўсё ж кваліфікавалі настолькі маштабную сітуацыю як масавае браканьерства.

Намеснік Баранавіцкай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы наваколля Алег Загурскі таксама назваў сітуацыю стыхійнай і цяжка кантралюемай, але прапанаваў назваць яе ўсё ж масавай рыбалкай, а не браканьерствам: «Самае галоўнае, што мы не дапусцілі замору рыбы. І рыбакі сваю станоўчую ролю ў гэтым адыгралі, няхай хтосьці, магчыма, і ўзяў лішні мяшок рыбы».

Па словах спецыяліста, егеры назаўтра ж пачалі рабіць палонкі і ўзбагачаць ваду кіслародам пры дапамозе лодачных матораў, пасля чаго сітуацыя часова выправілася. Падобныя захады будуць працягвацца і далей, хаця эколагі разумеюць, што гэта не панацэя. Калі    будуць перапады тэмпературы і ціску, зноў паўстане пагроза масавага замору рыбы.

На думку Алега Загурскага, у суровыя зімы гэты вялікі вадаём патэнцыйна схільны да частых замораў рыбы: «У існасці, гэты вадаём –  балота, якое ўтварылася на месцы былых торфараспрацовак. Там шмат травы і кустоўя, якія зімою актыўна паглынаюць кісларод. Праточнай вады, якая б абагачала вадаём кіслародам, там няма. Сёлета сітуацыя ўскладнілася тым, што на скаваны лёдам вадаём да таго ж выпала шмат снегу, які не прапускае святло, і кісларод паглынаецца яшчэ больш. Калі б падобныя зімы былі штогод, там проста не было б рыбы. З гэтым нічога нельга было б зрабіць».  

Сёння спецыялісты Баранавіцкай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы наваколля актыўна адсочваюць сітуацыю з насычанасцю вады кіслародам на ўсіх вадаёмах раёна.
Працэнт кіслароду на іх вельмі нізкі, але пакуль не крытычны.

Шчупакоў лавілі ўсім, што было пад рукамі

Шчупакоў лавілі ўсім, што было пад рукамі

Темы:
Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up