Автор: Алесь ГIЗУН

14:45, 11 февраля 2010

Культура

remove_red_eye 131

Парадокс вуліцы Войкава

Вы пагодзіцеся з тым, што мы жывем у краіне парадоксаў? А як інакш назваць тое, што ва ўсіх абласных гарадах Беларусі ёсць вуліцы імя Суворава, паспяховага і беспераможнага змагара з беларускай незалежнасцю? А ў цэнтры Баранавіч  знаходзіцца вуліца Войкава – таго самага, што быў адным з арганізатараў забойства апошняга расійскага імператара Мікалая II, якога ўвесь праваслаўны свет сёння ўшаноўвае як святога.

Змяняючы імёны, як пальчаткі

Наданне вуліцы таго ці іншага імя – адмысловая даніна павагі да пэўнага чалавека ці нейкай значнай падзеі. Але разам з тым для кожнай улады гэта і інструмент ідэалогіі, і паказчык палітычных і этычных прыярытэтаў.

Можна сказаць, што кожная вуліца са сваім імем – дадатковая рыса на твары пануючай улады.

РЕКЛАМА

Узгадаем, як «шанцавала» на змены назваў сённяшняй вуліцы Савецкай у Баранавічах. За сваю адносна невялікую гісторыю яе перахрышчвалі ажно шэсць разоў. Спачатку яна была названа Марыінскай, падчас   І Сусветнай вайны немцы перайменавалі  яе ў Хаўптштрасэ (Галоўная вуліца), пасля саветы «ахрысцілі» Савецкай, пазней палякі – Шаптыцкага, у 40-я гады немцы вярнулі вуліцы яе дасавецкую назву Марыінская, а пасля вялікай перамогі савецкага народа ў вайне вуліца да гэтага часу  мае назву Савецкая.

Гісторыя перайменаванняў сённяшняй вуліцы Войкава ў Баранавічах не такая багатая, хаця, магчыма, нават больш цікавая. Асабліва ў сувязі з новымі сэнсам і ацэнкамі, якія набываюць розныя імёны ўжо ў нашай сучаснай гісторыі.

Герой новага часу

Сённяшняя вуліца Войкава існавала ў Баранавічах як мінімум з пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя і першапачаткова была названа ў гонар касінераў – паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, што змагаліся за правы і волю беларускіх сялян у XIX ст. У 1939 годзе ў Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада, якая рэзка замяніла нацыянальныя каштоўнасці каштоўнасцямі інтэрнацыянальнымі. Так, ужо ў наступным годзе вуліца Касінераў у Баранавічах была перайменавана ў вуліцу Войкава.

Герой новага часу Пётр Лазаравіч Войкаў не меў ніякага непасрэднага дачынення да Беларусі і тым больш да  Баранавіч. А вось у сусветную гісторыю Войкаў увайшоў як адзін з актыўных прыхільнікаў і арганізатараў забойства апошняга расійскага цара Мікалая II разам з усёй сям’ёй: імператрыцай Аляксандрай, чатырма дочкамі – Таццянай, Вольгай, Марыяй, Настассяй і сынам Аляксеем.

Войкаў паклапаціўся пра максімальна поўнае знішчэнне целаў членаў усёй імператарскай сям’і пасля расстрэлу, уласнай рукою выпісаўшы дзеля гэтай патрэбы дакумент на атрыманне вялікай колькасці сернай кіслаты.

Гэта акалічнасць усё ж не перашкодзіла ў 1991 годзе адшукаць  рэшткі царскай сям’і ў  насыпе старой шашы пад Екацерынбургам. Яны былі ідэнтыфікаваны і перазахаваны ў Петрапаўлаўскім саборы ў Санкт-Пецярбургу. У 2000 годзе Руская праваслаўная царква далучыла цара Мікалая II і яго сям’ю да ліку святых як пакутнікаў, хрысціян, што прынялі пакутніцкую смерць у выніку вераломства і змовы.

Пётр Войкаў

Пётр Войкаў

Савецкія куміры сучасных беларусаў

Сёлета спаўняецца роўна 10 гадоў, як праваслаўная царква кананізавала Мікалая II разам з забітымі жонкай і дзецьмі, і роўна 70 гадоў – як вуліца ў цэнтры Баранавічаў была названа ў гонар аднаго з куратараў гэтага забойства.

Саму магчымасць супадзення такіх юбілеяў інакш як горкай іроніяй лёсу не назавеш. Як цяжка не назваць цынізмам тое, што ў савецкую эпоху імем Войкава назвалі хімічны завод у Маскве.

Цікава, наколькі падобны парадокс адчуваюць праваслаўныя вернікі, якіх сярод беларусаў – большасць?

Змястоўнае меркаванне на гэты конт выказаў малады чалавек, якога карэспандэнт «Intex-press» сустрэў каля Свята-Пакроўскага сабора 7 лютага, калі праваслаўныя адзначалі Дзень памінання cтрастацерпцаў і новапакутнікаў, забітых за часамі панавання бязбожнай улады:

«У кожнага часу ёсць свае куміры. Свае куміры былі і за савецкім часам: гэта і Ленін, і Дзяржынскі, і Войкаў – усе тыя, хто заваяваў веру сваіх сучаснікаў, якія страцілі веру хрысціянскую. Новыя куміры сталі дарагімі для сэрцаў савецкіх людзей, таму гэтымі імёнамі называлі гарады і вуліцы. Гэтыя імёны і сёння застаюцца там, дзе застаюцца людзі з савецкім мысленнем і вераю ў савецкія, а не хрысціянскія каштоўнасці.  Мы перадусім павінны змяніцца ўнутры, толькі тады да нас прыйдуць вонкавыя змены, у тым ліку і змены савецкіх назваў вуліц».

РЕКЛАМА

Хто на Войкава жыве?

Сёння вуліца Войкава знаходзіцца ў цэнтры Баранавіч, пачынаючыся ад вуліцы Леніна і губляючыся ў Вайсковым гарадку. На ёй найбольш «прапісаны» вайсковыя часці, інтэрнаты для вайскоўцаў, а з нядаўняга часу – і галоўны корпус БарДУ. Таму, здаецца, яна зусім лагічна магла б насіць або вернутае імя – Касінераў, або новае – Універсітэцкая.

Можна прадбачыць, што гэта магло б выклікаць нервовасць тых, хто заклапочаны захаваннем спарахнелых савецкіх ідэалаў і маралі. Паспяшаемся іх супакоіць: сёння жыхары вуліцы Войкава не ведаюць, хто такі Войкаў, і не хочуць ніякіх перайменаванняў.

Такія высновы зрабіў карэспандэнт «Intex-press», апытаўшы 10 жыхароў вуліцы. На пытанне, кім быў Войкаў, не адказаў ніводзін з рэспандэнтаў. Адзін чалавек выказаў меркаванне, што гэта быў «нейкі герой»… Другое пытанне гучала так: «Ці хацелі б вы, ведаючы, што Войкаў з’яўляўся адным з ініцыятараў забойства сям’і Мікалая II, каб вашу вуліцу перайменавалі?» На яго станоўча адказалі толькі два чалавекі.

Квінтэсэнцыяй апытання «Intex-press», напэўна, можна лічыць наступнае меркаванне жыхара вуліцы Войкава: «Паверце, тут ніхто нічога рабіць не будзе. Як ні назаві нашу вуліцу, нам лепш ад гэтага жыць не стане. Таму і мне ўсё адно…»

«Расстраляць» – было яго ўлюбёнае слова

«У Войкава былі непрыемныя, вечна каламутныя ад п’янства і наркотыкаў вочы, якімі ён кідаў нервова-пажадныя погляды на жанчын», – узгадваў пра Пятра Войкава яго калега па працы ў Варшаўскім пасольстве Рыгор Бесядоўскі.

Пётр Лазаравіч Войкаў з’явіўся на свет у Керчы (Расія) у 1888 годзе. Ужо юнаком ён уступіў у РСДРП, пачаўшы займацца падпольнай дзейнасцю. Яго «партыйным» хрышчэннем можна назваць замах на жыццё мэра Ялты ў 1906 годзе.

Уцякаючы ад паліцыі, Войкаў з’ехаў вучыцца ў Еўропу, дзе працягваў займацца палітыкай, жывучы за бацькоўскія грошы. Вярнуўшыся перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй у Расію, быў флагманам у змаганні з прадпрымальнікамі і заклікаў да захопу пралетарыятам заводаў. З 1918 года Войкаў жорстка кіраваў рэквізіцыяй харчовых прадуктаў у сялян на Урале.

Але галавакрутны ўзлёт яго кар’ера набыла пасля арганізацыі расстрэлу сям’і расійскага манарха Мікалая II. Спачатку Войкаву даручылі займацца продажам скарбаў імператарскай сям’і за мяжу. Праўда, з Калегіі вонкавага гандлю Войкава неўзабаве выгналі з партыйнай вымовай. Як высветлілася, Пётр Лазаравіч папросту раскрадаў каштоўныя футры, каб дараваць іх сваім шматлікім каханкам.

У 1922 годзе Войкава хацелі адправіць паслом у Канаду, але там яму не далі дазволу на місію, улічваючы яго ўдзел у забойстве Мікалая II. З 1924 года Войкаў працаваў паўнамоцным прадстаўніком СССР у Варшаве, дзе жыў весела і разгульна.

У 1927 годзе Пётр Войкаў быў застрэлены на Варшаўскім вакзале рускім эмігрантам, які такім чынам адпомсціў за забойства апошняга расійскага цара.

Барацьба з Войкавым

На жаль, безвыніковы вопыт змагання з імем Войкава мела Томская епархія Рускай Праваслаўнай Царквы.

У 2006 годзе па ініцыятыве епархіі гарадская дума Томска (Расія) прыняла рашэнне пра вяртанне вуліцы Войкава, што знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада, гістарычнай назвы Знаменская (у гонар Знаменскай царквы на ёй). Але супраць перайменавання запратэставалі мясцовыя камуністы з КПРФ. «Чырвоныя» дамагліся скасавання рашэння чыноўнікаў. Вуліца і сёння носіць імя Войкава. Але да гонару томскіх духоўнікаў тое, што яны паспрабавалі штосьці змяніць.

Як гэта было: перайменаванне вуліц у Баранавічах

Вытрымка з газеты «Чырвоная звязда» ад 15 чэрвеня 1940 года дазваляе нам сёння зразумець, як адбывалася перайменаванне вуліц у Баранавічах пасля ўсталявання ў Заходняй Беларусі новай савецкай улады:

«На аснове патрабаванняў працоўных Баранавіцкі гарадскі выканаўчы камітэт перайменаваў наступныя вуліцы: Кашаровую – у Кастрычніцкую, ім. Сапегі – у ім. Катоўскага, ім. Рэйтана – у Дзяржынскага, Філарэцкую – у 17-га Верасня…»

Як бачым, новая ўлада прыносіла з сабою і новыя імёны. Так, імя аднаго з самых аўтарытэтных дзяржаўных дзеячаў сярэднявечнай дзяржавы беларусаў Льва Сапегі змяніла імя рэвалюцыянера і прыгнятальніка сялян Рыгора Катоўскага – таго самага, пра якога Сталін казаў, што ён «умее крышыць палякаў, як не хто іншы».

А імя слаўнага змагара за незалежнасць беларуска-польскай дзяржавы Рэчы Паспалітай Тадэвуша Рэйтана, што паходзіць з-пад Ляхавіч, замяніла імя Фелікса Дзяржынскага – галоўнага апалагета чырвонага тэрору.


Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up